
У межах Беларускага Хельсінкскага камітэта адбылася анлайн-прэзентацыя агляду тэндэнцый дзяржаўнай палітыкі ў галіне правоў чалавека за 2024 год.
Гэтае мерапрыемства падсумавала пяцігадовы перыяд змен у беларускім грамадстве, які пачаўся з 2020 года, і прыцягнула ўвагу спецыялістаў і экспертаў у сферы права і правоў чалавека. Кажа спікер падзеі Кацярына Дэйкала:
23-24 – гэта асноўныя рэпрэсіўныя гады ў кантэксце палітыкі, захадаў, якія прымаюцца на ўзроўні заканадаўства. Было перагледжана або прынята 3 стратэгічныя сістэмныя дакументы: канцэпцыя прававой палітыкі, канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, і ваенная дактрына. Змяніўся падыход да вызначэння крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы. Немагчыма ўвесь час выдумляць нешта новае, таму пачынаецца ўзмацненне жорсткасці. Змяненні заканадаўчыя сталі адбівацца на самой сістэме, а гэта непазбежна. Агулам за 2 гады 50+ прававых актаў былі змененыя для легалізацыі рэпрэсій.
Дэйкала адзначыла небяспечнасць новых зменаў, такіх як увядзенне артыкула аб гвалце або пагрозах у дачыненні да прэзідэнта пасля завяршэння яго паўнамоцтваў, пераслед за распаўсюджванне інфармацыі аб расейскай ваеннай тэхніцы і пашырэнне падстаў для транпамежных рэпрэсій. Таксама ўзмацніўся адыход ад прынцыпу фармальнай роўнасці ў крымінальных справах, што пагражае правам усіх грамадзян Беларусі.
