«Рэчаіснасьць такая, што без высокіх пачуцьцяў усё даўно страціла б сэнс». Сяргей Прылуцкі пра жыцьцё і творчасьць падчас вайны

Сяргей Прылуцкі, архіўнае фота

Беларускі паэт Сяргей Прылуцкі жыве ва ўкраінскім горадзе Буча, які ў 2022-м стаў сымбалем трагедыі ўкраінскага народу і ваенных злачынстваў расейскіх акупантаў. Захопнікаў з Бучы тады выбілі, аднак мір ва Ўкраіне не надышоў і дагэтуль.

«Радыё Свабода» пагаварыла зь Сяргеем Прылуцкім пра вайну і каханьне, творчасьць і сьмерць, паэзію і жанчын на вайне.

Пра «свае справы» ў часе вайны

— Тры гады на вайне, у вайне. Гледзячы відэакадры з Украіны, робіцца да вусьцішы страшна і незразумела: як там людзі ўвесь гэты час жывуць. Як?

— Зранку прачытаў пост адной адэсіткі, якая напісала пра чарговы расейскі ўдар па горадзе.У гэтую ноч яе дому дасталася больш, чым за ўсе тры гады з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня. Яна напісала: «Харкаву ўсе гэтыя гады нашмат горш, і там усе з раніцы працягваюць займацца сваімі справамі. Я заўсёды гэтаму зьдзіўлялася. Я таксама пайшла рабіць свае справы». Па-мойму, гэта вельмі дакладна адлюстроўвае жыцьцё ва Ўкраіне. Людзі страчваюць блізкіх, жытло, але намагаюцца «трымаць дах» і працягваць жыць насуперак усяму. Я ўпэўнены, што тая жанчына, зрабіўшы свае справы, увечары нешта заданаціла на армію. Гэта, па сутнасьці, ілюстрацыя вядомай фразы, якая прыблізна гучыць так: «Ня думай пра тое, на што ня можаш паўплываць. Рабі тое, што можа зьмяніць сытуацыю да лепшага».

Згарэлыя машыны ў Гастомелі, пасёлку, зруйнаваным расейскімі вайскоўцамі ў лютым 2022. Фота: Сяргей Прылуцкі

Пра ілюзіі і заканчэньне вайны

— Тры гады — гэта столькі ж, колькі Беларусь была пад нямецкай акупацыяй у часе Другой усясьветнай. Выглядае на тое, што вам ва Ўкраіне пад расейскай навалай давядзецца быць даўжэй. Ці думалі вы ў лютым 2022-га, што ўсё так зацягнецца?

— Цяпер ужо цяжка сказаць, што канкрэтна я думаў у канцы лютага, седзячы ў акупацыі. Мабыць, галоўнай думкай было, ці зможам наагул выбрацца адтуль на волю. Але потым, вядома, ні ў мяне, ні ў жонкі не было ніякіх ілюзій пра заканчэньне вайны ні за пару тыдняў, ні за пару месяцаў, ні за год, два ці тры. Не выключаю, што яна будзе цягнуцца яшчэ гадоў дзесяць. Але я не аналітык і наагул не люблю прагнозаў. Проста ведаю, што гэта надоўга.

Кватэра Сяргея Прылуцкага ў Бучы, узламаная расейскімі вайскоўцамі. Буча, 2022

— Псыхолягі кажуць, што сілаў выжыць у нечалавечых умовах стае тым, хто выразна для сябе акрэсьлівае, дзеля чаго выжыць і як гэта зрабіць. Ці можаце сфармуляваць ваш адказ, дзеля чаго і як вы выжываеце?

— Не скажу, што канкрэтна наша сям’я жыве ў нечалавечых умовах, бо побач шмат прыкладаў суцэльнага жаху. Пастаянныя страты сярод вайскоўцаў, гісторыі пра ўзятых расейцамі ў палон. Забойствы ўкраінцаў цэлымі сем’ямі, вуліцамі і ледзь ня вёскамі. Таму я дзякую арміі, што мы яшчэ жывыя, і, чым магу, дапамагаю войску. Дзеля чаго? Каб сюды зноў не прыйшла цемра і ня вычысьціла ўсё і ўсіх дашчэнту. А Расея гэта здольная зрабіць, і ні ў кога ня мае быць у гэтым сумневаў: дастаткова паглядзець, што адбываецца на акупаваных тэрыторыях. Дастаткова пачытаць гісторыю Расеі і краін, якія зь ёй мяжуюць або былі захопленыя і цяпер уваходзяць у склад яе «фэдэрацыі».

Пра вершы і вайну

— На трэцім годзе вайны ў вас выйшла кніга «Гіброіды». Яна мае падзагаловак «Вершы мірных, ваенных і постапакаліптычных часоў». Растлумачце, калі ласка, назву кнігі і яе ўдакладненьне.

— Амаль усе тэксты ў ёй пісаліся ў 2017–2021 гадах. Вайна ўжо йшла поўным ходам, але Ўкраіну намагаліся пераканаць — ня толькі РФ, але і Захад — што гэта «канфлікт», «грамадзянская вайна». Падзагаловак адлюстроўвае тры часткі, на які разьбіты зборнік: «Вялікія праблемы маленькага чалавека» (кажучы па-простаму, «вершы пра мір»), «Будні эвалюцыі» («пра вайну») і «Слава тэрмінатарам» («пра апакаліпсіс»). Там шмат чаго намяшана — і рэалізму, і фантастыкі, і «чарнухі» з рамантыкай, і нейкіх касьмічна-незямных фантасмагорый. Часам там цяжка сказаць, што сур’ёзна, а што — не. Такі сабе «гібрыдны» зборнік. Уласна, і назва выбраная, зыходзячы з таго, што тэксты пісаліся ў «гібрыдныя» часы, і героі ў ёй адпаведныя.

Кніга Сяргея Прылуцкага

— А як увогуле ствараюцца вершы ў часе вайны? Ці сумяшчальна гэта — вайна і творчасьць?

— Творчасьць сумяшчальная з чым заўгодна. Напэўна, тут у кожнага свая асобная ўнутраная гісторыя. Нехта ставіць усё на паўзу або замаўкае. Нехта, наадварот, знаходзіць у вайне дадатковы чыньнік для творчасьці і фіксацыі часу. Бо ўсё вельмі хутка забываецца, абмываецца пенай дзён. Я заўважыў гэта на сабе. І памяць ня тая. І часам ставіш сябе на гэтую самую паўзу, бо так, як раней, пісаць ня бачыш сэнсу і таму шукаеш, як нехта сказаў, голасу, адэкватнага гэтаму канкрэтнаму часу.

Пра каханьне і жанчын на вайне

— Між трупаў, крыві, пажараў, бруду ў вашых вершах не-не ды прагляне шчымлівае пачуцьцё, якое зазвычай завецца каханьнем. Як удаецца захаваць чысьціню і шчырасьць у стасунках з роднымі людзьмі?

— Бо гэта галоўнае, дзеля чаго жывеш. І, па вялікім рахунку, дзеля чаго вядзецца гэтая абарончая вайна. Бо бяз гэтых пачуцьцяў усё даўно страціла б сэнс. Як удаецца? Напэўна, мой рэцэпт не ўнівэрсальны і ня новы, але найважнейшае для мяне — не ўпадаць у эмацыйныя гойдалкі і старацца трымаць галаву «халоднай». Не заўжды, але збольшага гэта ўдаецца. У тым ліку, магчыма, праз тое, што я заўжды намагаўся трымацца такой лініі паводзін.

— Нядаўна Ўкраіна разьвіталася з Марыяй Зайцавай, беларускай, якая загінула са зброяй у руках, абараняючы суседнюю краіну. Гэта трагічная падзея амаль супала па часе з вызваленьнем з лукашэнкаўскай турмы вашай зямлячкі Паліны Шарэнды-Панасюк, якая стала сымбалем пакутаў беларускіх змагарак у барацьбе з антычалавечай уладай у Беларусі. Жанчына і вайна, жанчына і тэрор — ненатуральныя, антыбоскія спалучэньні. Чаму, на вашу думку, такое магчыма ў ХХІ стагодзьдзі?

— Вайна даўно ўжо не «мужчынская» справа. Асабліва калі набывае такі маштаб, як сёньня. Цяперашняя вайна стала магчымай, таму што пасьля распаду СССР заходнія краіны расслабіліся і паверылі ў канец гісторыі: што сусьветныя войны ў мінулым, што Расея стала на бок дабра і больш не паўторыць сваіх памылак. Захад даў ёй веры, падставіў плячо. А потым пачаў заплюшчваць вочы на яе злачынствы — дзьве чачэнскія вайны, акупацыя Прыднястроўя, уварваньне ў Грузію. Нават 2014 год паказаў, што Расеі гатовыя дараваць многае дзеля ўласнага камфорту. Думаю, цяпер пра вайну мусяць задумацца ня толькі мужчыны ў эўрапейскіх краінах, але і жанчыны. Я не выключаю, што яна можа завітаць туды ня толькі ў выглядзе ўцекачоў, але і наўпрост — расейскімі вайсковымі калёнамі.

Пра даросласьць малога сына

— Як вы тлумачыце свайму сямігадоваму сыну ўвесь навакольны жах, у якім яму выпала расьці і спасьцігаць сьвет? Ці неяк імкняцеся абыходзіць ягоныя непасрэдныя пытаньні пра бомбы, сырэны, магілы забітых у суседніх дварах, сьмерці знаёмых?

— У свае сем ён надзіва «па-даросламу» ўспрымае ўсё, што адбываецца навокал. І добра арыентуецца ў тым, «ху із ху». Што такое Расея, хто яе хаўрусьнікі. Чаму цяперашняя Беларусь дрэнная і што ёсьць добрыя беларусы. І што наш сапраўдны сьцяг — бел-чырвона-белы. Мы ніколі не заўмоўчвалі і ня ўтойвалі таго, што адбываецца. Калі ў канцы лютага 2022-га мы трапілі ў акупацыю, то так яму і казалі: горад захапілі расейцы, але нашы вайскоўцы хутка іх выганяць. Карацей, казалі і кажам яму праўду, якой бы сумнай яна ні была.

Паэт Сяргей Прылуцкі з сынам і жонкай

І сам ён шчыра прызнаецца, што яму страшна, калі Расея чарговы раз б’е па Кіеве і ў нас недзе ў раёне Бучы зьбіваюць ракеты і дроны, якія ляцяць на сталіцу. Шмат чаго тлумачыць не было патрэбы, бо сам чуў і гукі артылерыі, і палёты расейскіх дронаў. Ён ведае пра нашых знаёмых і сяброў, якія загінулі. Разам зь ім хадзілі на разьвітаньне з загінулай літаратаркай Вікай Амелінай. Гэта важна, каб у яго не было ілюзій наконт рэчаіснасьці. Хаця, з другога боку, казкі дзіцяці патрэбны — таму не разбураем ягонай веры ў Санту, зубную фэю ды іншыя дзівосы.

Паводле svaboda.org