“Мы табе гаварылі не піярыцца”. Палітвязень пра тое, за што трапляў у ШІЗА

Андрэй Аўсіевіч / @rubanau_collage

Напярэдадні дня нараджэння палітвязні казалі: ну вось, заўтра ў ШІЗА паеду. Як толькі праваабаронцы ці журналісты пісалі пра палітвязня на яго дзень нараджэння, прыходзіла адміністрацыя і адводзіла гэтага чалавека ў штрафны ізалятар.

Пра гэта «Еўрарадыё» расказвае Андрэй Аўсіевіч. Ён правёў у калоніі больш за тры гады, і цяпер спрабуе пачаць новае жыццё ў Варшаве — самастойна асвойвае 3D-дызайн. Калі Андрэй вызваліўся, яго ўразіла, як за тры гады змяніўся свет (ірвануў у развіцці штучны інтэлект). І як змянілася Беларусь (на вуліцах стала больш смецця і шмат камер назірання).

Дапамагчы герою публікацыі на BySol.

“Я выдыхнуў падчас затрымання”

Андрэй не здзівіўся жнівеньскім пратэстам у 2020-м годзе. Кажа, у паветры вісела нейкая безнадзея, вось яна і вылілася на вуліцы. Як толькі ён адслужыў у войску і пачаў шукаць працу ў Горадні, прынялі дэкрэт аб дармаедстве.

З’явіўся велізарны прыток рабочых, якія раней працавалі ў цені і пачалі шукаць легальныя працоўныя месцы. Сам я тады пайшоў вучыцца на фуру ў міжнародныя перавозкі.

І наш выкладчык казаў, што ў яго ўвесь час з’яўляюцца новыя вучні ў момант крызісу. Як толькі ў краіне нешта адбываецца, усе прыходзяць атрымліваць катэгорыю і з’язджаюць працаваць у Еўропу, — расказвае нам Андрэй.

Андрэй хадзіў на мітынгі ў Гродне ў пачатку жніўня, але не думаў, што гэта можа абярнуцца калоніяй. Гэта і не мусіла абярнуцца калоніяй, але Андрэй зрабіў нешта яшчэ: у каментарах папрасіў пазбавіць візы дачку мінскага генерала, якая тады вучылася ў Польшчы.

Ужо калі Андрэя затрымалі, адзін з сілавікоў сказаў яму, што калі б не было таго каментара, маладога чалавека і шукаць бы не сталі.

І ўрэшце мне далі 3,5 года калоніі. Думаю, далі таму, што трэба было даць — таму што была “замова”. Калі я стаяў у “акварыуме” ў зале суда, перад пасяджэннем у памяшканне зайшлі два нейкія падпалкоўнікі. Яны глядзелі на мяне і перагаворваліся: маўляў, гэты? Так, дакладна, гэта ён. Хутчэй за ўсё, гэта людзі ад таго самага генерала — напэўна, прыйшлі праверыць, — мяркуе Андрэй.

Андрэй Аўсіевіч

Ні пра тую дзяўчыну з польскай візай, ні пра яе сям’ю Андрэй нічога не ведае. Ці жыве яна дагэтуль у Польшчы? Ці вучыцца тут? Нічога невядома, ды і таго каментара ў сетцы ўжо даўно няма.

Калі мяне ўзялі, я падумаў: ну, вось і ўсё. Не было ані страху, ані панікі. Як быццам я гэтага чакаў. Можна сказаць, выдыхнуў падчас затрымання.

“Заўтра дзень нараджэння, калі пра мяне напішуць — паеду ў ізалятар”

Пакуль размаўляем з Андрэем, мацней за ўсё кідаецца ў вочы, што ён ні на што не скардзіцца. Нават на калонію. Кажа, калі б там не было саміх супрацоўнікаў калоніі, гэта былі б цалкам прымальныя тры гады ў зняволенні.

Самае цяжкае ў калоніі — гэта холад і праца ў прамзоне. Ты працуеш у вельмі дрэнных умовах — у гразі, у маленькім душным памяшканні, без магчымасці памыцца. А зімой гэта маленькае памяшканне яшчэ і вельмі халоднае. І ўся твая праца ніяк не аплачваецца. Могуць даць да трох рублёў у месяц — прытым, што фізічна ты праўда выкладваешся.

А ў саміх атрадах умовы больш-менш. Рамонт там быў, ды і ложкі-матрацы не сказаць, што дрэнныя. Так, там няма цёплай вады, яе можна нагрэць у чайніку. Можна нават памыцца цёплай вадой і памыць нешта. А пасля нават купілі пральную машыну, і можна было нармальна сціраць рэчы.

Самае цяжкае ў калоніі — гэта мянты, асабліва калі яны атрымалі замову на палітычных. Тады яны пачынаюць бегаць па атрадах, разглядаць, што ў цябе ў сумцы, трэсці і шукаць, за што б цябе пасадзіць.

Але як можна пасадзіць таго, хто ўжо сядзіць? Умовы для таго, хто сядзіць, можна зрабіць горшымі — адправіць у ШІЗА. Сам Андрэй заязджаў у ШІЗА двойчы. У першы раз — адразу пасля этапавання ў калонію. Мы здзіўляемся: чаму так хутка?

Андрэй кажа — проста гэта такое “прывітанне”. У другі раз Андрэй з’ехаў у штрафны ізалятар, калі ягоны ліст, які ён адпраўляў блізкім, апублікавалі ў сеціве.

— Яны прыйшлі і сказалі: мы ж табе казалі, каб не піярыўся. Ну ўсё, едзь адпачываць яшчэ на 10 сутак.

— Вас пакрыўдзіла, што гэты ліст выклалі ў сеціва?

Ну, ты ж разумееш, што саджаюць цябе не тыя людзі, якія пра цябе пішуць. У калоніі ўсе хочуць, каб на цябе забыліся, і таму караюць за публічнасць. Выходзіць, выбар такі: з’ездзіць на 10 сутак у ШІЗА — або забыццё. Ну, для мяне не асабліва страшна было гэтае ШІЗА, таму што я да таго моманту там ужо быў і ведаў, як там выжываць.

Цытата з ліста Андрэя Аўсіевіча

Напэўна, я бачыў няшмат людзей, якія вельмі ўжо негатыўна ставіліся да таго, што пра іх пішуць. Але так, перад днём нараджэння бывала казалі: о, заўтра пра мяне ўспомняць і напішуць — хутчэй за ўсё, паеду ў ізалятар.

Напэўна, у іх ёсць нейкі план, які прыходзіць зверху. І калі гэты план спускаюць, яны прыходзяць у атрад і пытаюцца: хто ў вас тут моцна касячыць з палітычных? Таго ў першую чаргу і закрываюць. Але калі ты не вельмі публічная асоба і не “касячыш”, цябе чапаюць мінімальна.

А калі ты праваабаронца, журналіст ці па нейкіх страшных для іх артыкулах сядзіш, то яны могуць і не пытацца, хто касячыць, а проста прыходзяць за табой. Таму што проста ў цябе артыкул такі.

Паказвалі “Опенгеймера” і фільмы “Марвел”

У калоніі Андрэй паглядзеў “Опенгеймера” — фільм пра стваральніка ядзернай бомбы, які выйшаў у 2022 годзе.

У кожным атрадзе стаялі тэлевізары, па іх ішоў спецыяльны “зонаўскі” канал. І ў гэты тэлевізар загружаліся ўсе навінкі фільмаў. На самой справе паказвалі ўсе навінкі — я ўжо цяпер усе не прыпомню, але і марвелаўскіх фільмаў мы шмат паглядзелі.

А па выхадных кіно паказвалі ў актавай зале. Там жа паказвалі тэатральныя пастаноўкі. Але “палітычным” спярша нельга было хадзіць у актавую залу, і іх пакідалі сядзець у атрадах.

А потым адміністрацыя падумала: а што гэта яны адпачываюць у сябе ў атрадах, трэба адправіць іх усіх на які-небудзь канцэрт! І ўсе палітычныя сталі хадзіць на канцэрты ў актавай зале. Потым адміністрацыя заўважыла: ім падабаюцца канцэрты! І вырашыла зноў забараніць палітычным хадзіць у актавую залу. Правілы пастаянна мяняліся.

Часам у актавую залу прыязджалі з лекцыямі, часам калонію наведвалі музыкі. Часам заязджалі спартсмены пагуляць з вязнямі ў футбол.

У вольны час Андрэй чытаў, маляваў, пісаў і глядзеў фільмы, пакуль адміністрацыя калоніі не вырашала, што палітвязням падабаецца глядзець фільмы і, такім чынам, трэба пазбавіць іх гэтай магчымасці.

Адзінае, што там добра — там сабралі вельмі шмат добрых людзей, з якімі можна пагаманіць. І ад гэтага станавілася лягчэй.

Нейкі час у мясцовай бібліятэцы можна было знайсці нават кнігі Джорджа Оруэла!

Была пацешная гісторыя: чалавек чытае Оруэла — пра тое, як перапісваецца гісторыя, як хлусяць у газетах… Потым кажа: ай, надакучыла чытаць. Адкладае кніжку, дастае газету “Беларусь Сегодня”, пачынае чытаць… “Ды блін, я ж толькі што тое самае ў кніжцы чытаў!” Адклаў газету і пайшоў.

Оруэл хадзіў па калоніі год ці нават два. Андрэй кажа, бібліятэка там была добрая. І ўжо бліжэй да дня яго вызвалення пачалі з’яўляцца спісы забароненых кніг, у якія патрапіў і Оруэл.

Тады ўжо казалі: “Збірайце Оруэла і вяртайце ў бібліятэку, спытайце ў палітычных, у іх ён дакладна мусіць быць”. Былі яшчэ “забароненыя” кнігі па гісторыі. Іх усё сабралі, а што з імі было далей, я не ведаю.

Акрамя холаду, самае цяжкае ў калоніі — усведамляць, колькі яшчэ часу давядзецца тут правесці.

Стаіш на працы, махаеш малатком, калоціш гэтыя дзеравякі і разумееш, што будзеш назіраць гэта яшчэ два гады. А астатняе больш-менш нармальна. Ты ведаеш, што ўсё роўна час ідзе, і ўсё роўна ты выйдзеш.

Андрэй — сын протадыякана. Ён кажа, што ў калоніі многія пачынаюць цікавіцца рэлігіяй.

Мы спыталі Андрэя, ці прасцей верніку пераносіць зняволенне.

Напэўна, каб рабіць такое параўнанне, трэба пабыць і вернікам, і няверуючым, — кажа Андрэй. — А ў мяне ж няма такога досведу.

У калоніі Андрэй марыў, што выйдзе і прыме ванну.

На апошніх званках перад вызваленнем размаўляю з мамай — і аказваецца, што дома на два тыдні адключылі гарачую ваду. Але ўсё роўна, калі прыехаў дадому, мне нагрэлі вады, і я лёг у ванную адмакаць. Паляжаць у ваннай — вось гэтага вельмі моцна не хапала.

* * *

Андрэя не пазбаўлялі тэлефонных і відэазванкоў. А ад спатканняў ён адмовіўся сам — не хацеў, каб сям’я ехала да яго праз усю Беларусь. Яго бацька перанёс інсульт, і незадоўга да пачатку 2020 года Андрэй аформіўся яго апекуном.

А пасля вызвалення і пераезду ў Польшчу ён абарваў усе кантакты з блізкімі.

Цяпер ён жыве ў шэлтэры ў Варшаве. Калі хочаце дапамагчы Андрэю асвоіць новую спецыяльнасць і паспрабаваць сябе ў IT — падтрымайце яго збор на BySol.

euroradio.fm