
ААТ «Пеленг» уступіла ў прэстыжную міжнародную Асацыяцыю гідрамэтэаралягічнай прамысловасьці (HMEI), якая базуецца ў Швайцарыі.
Пра далучэньне беларускай кампаніі да арганізацыі яшчэ 3 лютага паведаміла прэсавая служба HMEI, а 28 лютага — тэлеграм-канал Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасьці Беларусі.
«Сяброўства ў Асацыяцыі дазволіць экспэртам прадпрыемства ўдзельнічаць у працы экспэртных і працоўных груп на сэсіях устаноўчых органаў СМА, на якіх выпрацоўваюцца рэкамэндацыі, якія датычацца сэртыфікацыі і стандартызацыі ў сфэры вытворчасьці гідрамэтэаралягічнага абсталяваньня. Далучэньне да Асацыяцыі таксама дае дадатковыя магчымасьці для прасоўваньня прадукцыі ААТ „Пеленг“ на міжнародным рынку», — заявілі ў Дзяржаўным камітэце вайсковай прамысловасьці Беларусі.
На гэтую навіну зьвярнуў увагу Альянс расьсьледнікаў Беларусі. Журналісты нагадалі, што раней «Пеленг» уступіў у вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй, за што і трапіў пад санкцыі Эўразьвязу, ЗША, Канады, Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Японіі, Украіны, Новай Зэляндыі і самой Швайцарыі.
«Высокадакладная оптыка „Пеленга“ дапамагае расейскім БТРам дакладна арыентавацца на ўкраінскай зямлі. А супрацьтанкавым ракетным комплексам „Скіф“ і „Шэршань“, „Хрызантэма-З“ і мэтэабалістычнаму комплексу з АМК-1 (распрацоўка „Пеленга“) сапраўды спапяляць ўкраінскія гарады», — падкрэсьліваюць у журналісты-расьсьледнікі.
Альянс накіраваў афіцыйныя запыты з просьбай растлумачыць сытуацыю ў ААН (Сусьветную метэаралягічную арганізацыю), HMEI, Швайцарскую праваабарончую арганізацыю Libereco і мясцовыя СМІ, а таксама Дзяржаўны сакратарыят эканомікі (SECO). Менавіта SECO адказвае за выкананьне санкцый і перасьлед за іх парушэньні, адзначаюць аўтары.
