
Андрэй Ліпскі — журналіст рэгіянальнай медыякампаніі «Ранак» са Светлагорска. Ён быў вымушаны пакінуць Беларусь і зараз жыве ў Польшчы. У пачатку лютага 2025-га яму зрабілі аперацыю па аднаўленні перапонкі, але паўнавартасна чуць ён ужо не зможа. Слыхавыя апараты цяпер яму жыццёва неабходныя.
Андрэй Ліпскі быў журналістам светлагорскай медыякампаніі «Ранак». На працягу 30 гадоў рэдакцыя паведамляла жыхарам горада і раёна пра навіны і падзеі.
— Калі ў чэрвені 2023 года на мясцовым цэлюлозным камбінаце адбылася тэхнагенная аварыя, мы былі адзінымі, хто паведаміў, што аварыя не толькі забрала жыцці трох чалавек, але і мела сур’ёзныя наступствы для экалогіі Светлагорска. Лічу, што за гэта нас літаральна разграмілі за лічаныя дні. Мяне і маіх калегаў арыштавалі з надуманай прычыны. Потым быў суд, вялізныя штрафы, канфіскацыі, суткі. Сядзелі ў камеры ўчатырох, і ўсе — супрацоўнікі «Ранка». Увесь гэты час я быў у шокавым стане, — расказвае Ліпскі.
Пасля гэтага выданне закрылася, а былы журналіст у жніўні ўладкаваўся ў краму. Але сілавікі не супакоіліся.
«Думаў, што ўжо ўсё, а тут зноў — ператрус, «касманаўты» ў поўным рыштунку, арышт, штраф. Пасля зразумеў, што рыхтуюцца матэрыялы на крымінальную справу (на гэта намякнуў участковы), і адчуў проста жывёльны страх. Здавалася, не сёння-заўтра прыйдуць і скажуць: «Вы падазраваны ў здзяйсненні злачынства». Тады вырашыў тэрмінова пакінуць Беларусь», — успамінае журналіст.
Тады Ліпскага адпусцілі са штрафам, і ён у той жа вечар з’ехаў на начным цягніку. З перасадкамі дабраўся да Масквы, потым самалёт — і Арменія, далей Грузія. У Батумі журналіст пражыў амаль месяц, пакуль чакаў польскай візы. А ў верасні 2023 года паляцеў у Нямеччыну да дачкі. Там адразу папрасіў абароны, а далей закруцілася: лагеры, разгляд заяўкі.
Але ў сакавіку 2024 года ў абароне адмовілі і дэпартавалі ў Польшчу.
Журналіст запытаў абарону ў Польшчы.
«Пакуль чакаў разгляду заяўкі, падзарабляў на будоўлі і атрымліваў невялікую дапамогу ад дзяржавы. Каб аплачваць пакой, даводзілася эканоміць на самым неабходным. Цяпер я, нарэшце, атрымаў палітычны прытулак, афармляю дакументы і актыўна займаюся пошукамі працы ў Польшчы, імкнуся інтэгравацца ў грамадства. Але зусім недарэчна пачаліся праблемы са здароўем.
У мяне вельмі пагоршыўся слых, з якім і так былі праблемы. Верагодна, сваю ролю адыгралі стрэс і знаходжанне на сутках. Плюс да ўсяго, я моцна застудзіўся ў лагеры для іншаземцаў у снежні 2023 года, таму пачаліся праблемы з барабаннай перапонкай. У Польшчы ў пачатку лютага 2025-га мне зрабілі аперацыю па аднаўленні перапонкі, але паўнавартасна чуць я ўжо не змагу».
Каб кампенсаваць зніжэнне слыху, Андрэю Ліпскаму неабходныя слыхавыя апараты. Без іх яму проста не абысціся. Да таго ж беларус уладкаваўся ў Польшчы па дамове падраду, і ў любы момант можа застацца без працы. Таму ўсё ж для падстрахоўкі (улічваючы стан здароўя) ён просіць грошай таксама на вырашэнне бытавых пытанняў на першы час.
«За 27 гадоў працы ў журналістыцы я неаднаразова бачыў прыклады ўзаемадапамогі простых людзей, сам стараўся дапамагчы тым, хто аказаўся ў бядзе. Вельмі спадзяюся на падтрымку. Дзякуй!» — гаворыць спадар Ліпскі.
Дапамагчы журналісту Андрэю Ліпскаму, які апынуўся ў складанай сітуацыі, можна тут.
