Ганна Саковіч: “Хочам перадаць эстафету вывучэння беларускай мовы наступным пакаленням”

На філалагічным факультэце ўніверсітэта ў Беластоку адкрыўся новы напрамак — “Беларуская этнафілалогія”. Гэта не проста філалогія, а цэлы комплекс ведаў, які ўключае элементы культуралогіі, рэлігіязнаўства, гісторыі і нават ангельскай мовы. У праграме прадстаўлены шырокі дыяпазон прадметаў – ад вывучэння мовы дакументаў Вялікага княства Літоўскага да пагружэння ў аспекты польска-беларускага памежжа.

Абітурыенты ўжо могуць рыхтавацца да паступлення: рэгістрацыя і аплата рэгістрацыйнага ўзносу ў Сістэме анлайн-падбору кандыдатаў (IRK) стартуюць ужо ў чэрвені. Сачыць за абнаўленнямі можна на сайце ўніверсітэта.

Курс разлічаны на тры гады, і доктар хабілітаваны кафедры беларусістыкі філалагічнага факультэта Ганна Саковіч расказала «Радыё Рацыя» пра ўсе магчымасці і перспектывы для студэнтаў, якія абяруць гэтую шматгранную, а галоўнае, беларускую па духу і зместу, праграму навучання ў Беластоку.

РР: Якое значэнне мае адкрыццё вось такога новага аддзялення, беларускай этнафілалогіі, ва ўніверсітэце ў Беластоку?

Ганна Саковіч: Думаю, што ў такім горадзе як Беласток, які знаходзіцца на памежжы, гэта вельмі важна, каб такі напрамак існаваў. Тут жывуць беларусы-аўтахтоны. Таксама апошнім часам у выніку гэтай палітычнай сітуацыі ў горадзе шмат мігрантаў. Увогуле Беласток заўсёды быў такім талерантным горадам, дзе  побач жылі розныя нацыі.

РР: То бок вы чакаеце, што на гэты кірунак будуць паступаць не толькі грамадзяне Польшчы, але і Беларусі, моладзь, якая прыязджае сюды.

Ганна Саковіч: Так, таксама разлічваем. Праграма складзеная на мігрантаў з Беларусі, якія ведаюць, прынамсі, на пачатковым узроўні беларускую мову.

РР: Калі чакаць першы набор? Ужо ў гэтым годзе можна будзе падаваць дакументы?

Ганна Саковіч: Так, калі будзе збірацца група, то пачнуцца заняткі з кастрычніка гэтага года. Падаць дакументы можна праз інтэрнэт.

РР: Навучэнцы будуць паступаць на першую ступень навучання – бакалаўры. Якую спецыяльнасць яны будуць атрымліваць у выніку, дзе яна пасля можа прыдасца?

Ганна СаковічПасля трох гадоў можна будзе навучаць у пачатковых школах, у вышэйшых ліцэях – толькі пасля другой ступені, калі захочуць вучыцца далей і пойдуць у магістратуру, зразумела. У асяродках культуры. Але старшыня Беларускага цэнтра таксама гаварыў, што патрабуюцца людзі, якія маюць кампетэнцыі – беларусісты. На Падляшшы ёсць садкі і школы пачатковыя. Увогуле існуе як бы такая прорва пакаленняў, што ёсць настаўнікі ў гадах, як кажуць. Калі не будзе вышэйшай адукацыі, то не будзе каму навучаць ужо ў пачатковых школах і ў ліцэях.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Вольга Сямашка, racyja.com