„Радыё Свабода“ змагаецца за выжываньне. Зварот рэдакцыі

Перад урачыстым паседжаньнем у літоўскім Сэйме, прысьвечаным 70-годзьдзю Беларускай службы „Радыё Свабода“. 22 траўня 2024, Вільня (Літва)

Прыводзім зварот цалкам.

«Беларуская служба „Радыё Свабода“ — ці проста „Свабода“, як нас часта называюць беларусы — вымушаная адправіць частку рэдакцыі ў адпачынак, бо прыпынена фінансаваньне. Аднак мы не разьвітваемся.

15 сакавіка Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) заявіла аб спыненьні гранту для „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“ (РСЭ/РС). Гэта адбылося празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Указ заклікаў да скарачэньня сямі фэдэральных агенцтваў — у тым ліку USAGM — да «максымальнай ступені, якая адпавядае дзейнаму заканадаўству».

Гранты для „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“ штогод ухваляе Кангрэс ЗША — заканадаўчая галіна амэрыканскай ўлады. Фінансаваньне зацьверджаных Кангрэсам сродкаў ідзе праз USAGM. Прэзыдэнт і генэральны дырэктар РСЭ/РС Стывэн Капус назваў пазбаўленьне нас сродкаў, ініцыяванае адміністрацыяй Трампа, то бок выканаўчай галіной улады ЗША, «неканстытуцыйным дзеяньнем».

25 сакавіка акруговы суд у Вашынгтоне задаволіў пазоў „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“, загадаўшы USAGM перапыніць спробы закрыць мэдыякарпарацыю.

26 сакавіка USAGM напісала „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“, што скасоўвае сваю заяву аб спыненьні гранту ад Кангрэсу, выдадзеную 15 сакавіка, але падкрэсьліла, што захоўвае за сабой права спыніць выдзяленьне гэтага гранту ў будучыні.

Мэдыякарпарацыя «чакае афіцыйнага пацьверджаньня ад USAGM аб аднаўленьні грантавага фінансаваньня», але гэтага пакуль не адбылося. Адпаведна, кампанія ня мае належных сродкаў для паўнавартаснай працы.

З гэтай прычыны мы вымушаныя адправіць частку нашай рэдакцыі ў адпачынак. Адпаведна, бліжэйшым часам публікацыяў на нашых плятформах стане прыкметна менш. Некаторыя з нашых знакавых праектаў — «ПіК Свабоды» на YouTube-канале «Свабода Premium» ці «Тлумачым з Гурневічам» на YouTube-канале Радыё Свабода, відэападкасты «Гісторыя на Свабодзе» і «Куды коціцца сьвет» — стануць на вымушаную паўзу.

«Я марыла, каб Беларусь стала краінай, дзе „Радыё Свабода“ непатрэбнае, але ў Беларусі забралі нават гэта», — эмацыйна адгукнулася на нашую сытуацыю чытачка.

Пакуль не забралі. „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“ працягвае барацьбу за сваё існаваньне, а значыць — і за вашыя інтарэсы, нашыя дарагія чытачы, гледачы і слухачы.

У гэты складаны для нас момант нам як ніколі важная вашая падтрымка. Мы чуем і бачым вашыя галасы, яны даюць нам сілы і матывацыю працягваць працу дзеля выкананьня нашае місіі — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі.

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч называе магчымае зьнікненьне „Радыё Свабода“ «гуманітарнай катастрофай» і «трагічнай стратай», а палітычны дзеяч Зянон Пазьняк гаворыць пра непазьбежнае «зьмяншэньне гарантыі дэмакратыі для беларусаў».

«„Свабода“ — праўдзівая, правераная інфармацыя: ніякіх фэйкаў, ніякіх маніпуляцый сьвядомасьцю», — кажа наш колішні аўтар, слынны беларускі пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, кнігі якога перакладаюць на многія мовы сьвету.

Сапраўды, найвышэйшыя стандарты журналістыкі, прызнаныя беларускай мэдыйнай супольнасьцю; узважаная інфармацыя; беларусацэнтрычная карціна сьвету — усё гэта ёсьць грунтам вашага даверу да нашай працы. Летась мы адзначылі 70-годзьдзе „Беларускай Свабоды“. Мы робім усё залежнае ад нас, каб той юбілей ня стаўся апошнім.

Заставайцеся са „Свабодай“!»

svaboda.org