Алексіевіч: Зьнікненьне „Радыё Свабода“ будзе гуманітарнай катастрофай для Беларусі

Сьвятлана Алексіевіч і былы дырэктар Беларускай службы Аляксандр Лукашук на прэзэнтацыя кнігі «Алексіевіч на Свабодзе». Менск, 2016

Спыненьне працы „Радыё Свабода“ будзе трагічнай стратай для Беларусі, кажа нобэлеўская ляўрэатка ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.

Пасьля ўказу Дональда Трампа і рашэньня Агенцтва глябальных мэдыя ЗША спыніць дзеяньне гранту, што фінансуе дзейнасьць „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“, далейшы лёс мэдыякарпарацыі застаецца няпэўным.

«Я сама апошнія гады рэгулярна гляджу сайт Беларускай службы „Радыё Свабода“ — асабліва пасьля 2020 году, — кажа ў інтэрвію „Свабодзе“ Сьвятлана Алексіевіч. — Наколькі я ведаю, многія беларусы, якія зьехалі з краіны, і шмат тых, хто застаўся, глядзяць сайт і відэа „Радыё Свабода“. Бо цяпер цяжка атрымліваць інфармацыю, якая адпавядае рэальнасьці».

Паводле пісьменьніцы, у яе засталася звычка «слухаць „Радыё Свабода“».

«Я зноў жа звыкла кажу „слухаць“, хоць гэта даўно ня радыё. Я таксама чытаю сайт Расейскай службы „Радыё Свабода“, інтэрвію Сяргея Мядзьведзева, Дзьмітрыя Воўчака, многіх іншых моцных журналістаў».

Магчымае зьнікненьне „Радыё Свабода“ Сьвятлана Алексіевіч называе «гуманітарнай катастрофай» і «трагічнай стратай».

«Мне нядаўна напісала сяброўка зь Беларусі. Яна кажа, што там шмат людзей на вуліцах, шмат хто мае грошы, хочуць іх з густам патраціць, недзе сьпяваюць, недзе сьмяюцца. Як быццам нас, якія зьехалі пасьля 2020 году, пасьля рэвалюцыі, і не было. Гэта балюча слухаць. Але я думаю, што чым менш будуць пра нас успамінаць, чым менш слухаць, тым горш будзе. І я ня ведаю, дзе ў Беларусі можна будзе ўзяць сумленную інфармацыю, як на „Радыё Свабода“, — кажа нобэлеўская ляўрэатка. — Некалі Плятон марыў аб тым, што ўладарамі будуць філёзафы. А Ісус выгнаў гандляроў з храму. Ну а хто намі кіруе? Гандляры. Тое, што яны робяць, — гэта не палітыка, гэта бізнэс. І гэта прычына таго, што зараз адбываецца».

Што папярэднічала

14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM).

«На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы ці функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаварылася ў тэксьце ўказу.

Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, спынены.

Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старшая дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.

Судовы пазоў

„Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“ (РСЭ/РС) падало ў суд на Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM), а таксама на прадстаўнікоў USAGM Кэры Лэйк і Віктара Маралеса, каб заблякаваць іхную спробу скасаваць фэдэральны грант на дзейнасьць РСЭ/РС.

Паводле пазову, пададзенага РСЭ/РС у Акруговы суд ЗША для акругі Калюмбія ў Вашынгтоне, скасаваньне гранту парушае фэдэральныя законы і Канстытуцыю ЗША. Адмова ў сродках, якія ўжо выдаткаваў Кангрэс ЗША, пярэчыць Канстытуцыі, якая надзяляе Кангрэс выключным правам вызначаць фэдэральныя выдаткі.

Справу будзе разглядаць суд акругі Калюмбія, Вашынгтон.

Прэзыдэнт і галоўны выканаўчы дырэктар RFE/RL Стывэн Капус сказаў:

«Цяпер ня час саступаць тэрыторыю прапагандзе і цэнзуры з боку праціўнікаў Амэрыкі. Мы лічым, што закон на нашым баку і што сьвяткаваньне нашай сьмерці дэспатамі ўва ўсім сьвеце заўчаснае».

  • „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“ — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах. Місія карпарацыі — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя.

Юры Дракахруст, svaboda.org