
Пастанова ўраду Польшчы прадугледжвае, што права падаваць хадайніцтва аб наданьні міжнароднай абароны абмяжоўваецца тэрмінам на 60 дзён на мяжы зь Беларусьсю .
«З поўначы ўступіла ў сілу пастанова Рады міністраў ад 27 сакавіка 2025 году, якой уведзена часовае абмежаваньне права падачы хадайніцтва аб наданьні міжнароднай абароны на дзяржаўнай мяжы з Беларусьсю. Мы выканалі ўсю нарматыўную працу адразу ж пасьля таго, як учора прэзыдэнт падпісаў закон. Пастанова дае супрацоўнікам Памежнай аховы адзін з ключавых інструмэнтаў для барацьбы зь нелегальнай міграцыяй, якая служыць элемэнтам гібрыднай агрэсіі супраць Польшчы, а таксама для барацьбы з міжнароднай злачыннасьцю», — пракамэнтаваў рашэньне ўраду Польшчы міністар унутраных справаў і адміністрацыі Томаш Семоняк.
Папраўкі ў закон прадугледжваюць выняткі для пэўных катэгорыяў просьбітаў прытулку. Падаваць хадайніцтвы змогуць прадстаўнікі ўразьлівых групаў, у прыватнасьці= цяжарныя жанчыны, непаўналетнія без апекі, асобы з патрэбай у асаблівым абыходжаньні.
Прадоўжыць абмежаваньне можна будзе яшчэ на 60 дзён са згоды Сэйму.
На іншых межах Польшчы захоўваецца права хадайнічаць аб наданьні міжнароднай абароны.
- Улады Польшчы абвінавачваюць афіцыйны Менск у арганізацыі штучнага мігранцкага крызісу на мяжы.
- Мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу працягваецца зь вясны 2021 году.
- Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
- Аляксандр Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз праз Беларусь, бо іх туды «паклікалі».