«„Свабода“ нібыта паветра»: Дзеячы культуры і мастацтва пра значэньне „Радыё Свабода“ для беларусаў

Культуроляг Максім Жбанкоў, паэтка Юлія Цімафеева, пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч. Каляж

Творчыя асобы — пісьменьнік, культуроляг, паэтка, мэдыяактывіст, музыка — разважаюць, што беларусы могуць страціць з закрыцьцём „Радыё Свабода“. І апавядаюць свае гісторыі, зьвязаныя з гэтым мэдыя.

Пасьля спыненьня ўхваленага Кангрэсам гранту для „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“ 14 сакавіка далейшы лёс выданьня пакуль невядомы. Свабода пагаварыла зь дзеячамі культуры пра важнасьць гэтага мэдыя ў іхным жыцьці і творчасьці.

«„Свабода“ спрабуе захаваць эўрапейскую ідэнтычнасьць беларусаў»

Для пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча „Радыё Свабода“ — важная частка жыцьця. Натуральна, ён ведаў, што гэта такое, задоўга за таго, як сам пачаў супрацоўнічаць зь Беларускай службай. Прызнаецца, што яго асабістая гісторыя, зьвязаная з „Свабодай“, пачалася, калі ён пазнаёміўся з рэдактарам Сяргеем Шупам

Альгерд Бахарэвіч

«Сяргей прапанаваў мне штосьці пісаць для „Свабоды“, і мы зь ім і Аляксандрам Лукашуком прыдумалі праект „Малая мэдычная энцыкляпэдыя“. Я пісаў эсэ, яны выходзілі на сайце, і потым атрымалася адна з найлепшых маіх кніг з такім жа назовам.

Пазьней на „Свабодзе“ ў мяне былі іншыя аўтарскія праекты, у тым ліку „Гамбурскі рахунак Бахарэвіча“ — бадай, самы пасьпяховы і гучны праект. Дзякуючы супрацоўніцтву з РС я зрабіў сабе імя ня толькі сярод сваіх чытачоў, але і сярод тых, хто і не падазраваў, што я пішу. Да таго ж РС дало мне новыя навыкі: даводзілася ў студыі запісваць свае перадачы, працаваць з гукарэжысэрамі. Гэта неацэнны жыцьцёвы, журналісцкі досьвед», — кажа пісьменьнік.

Для Бахарэвіча Беларуская служба „Радыё Свабода“ таксама стала важнай прасторай разьвіцьця тарашкевіцы — клясычнага правапісу.

«Для мяне як пісьменьніка, які піша тарашкевіцай, надзвычай важна, што „Свабода“ трымаецца таго ж правапісу, што і я. Я спадзяюся, што „Радыё Свабода“ захаваецца і ад тарашкевіцы не адмовіцца. Яшчэ я мушу ўзгадаць цудоўнага мовазнаўцу, лінгвіста Юрася Бушлякова, які працаваў на „Свабодзе“ і які, на жаль, нас заўчасна пакінуў», — заўважае Бахарэвіч.

Ён адзначае высокі ўзровень журналістыкі: „Свабодзе“ цалкам можна давяраць.

«„Свабода“ — праўдзівая, правераная інфармацыя: ніякіх фэйкаў, ніякіх маніпуляцый сьвядомасьцю. Я хацеў бы шчыра падзякаваць усім журналістам „Радыё Свабода“ — гэта сьмелыя, адважныя людзі, прафэсіяналы сусьветнага ўзроўню. Каманда РС заўсёды была як на падбор.

І мне здаецца, што ў гэтых новых умовах РС важная для беларускай эўрапейскай ідэнтычнасьці. „Свабода“ спрабуе захаваць эўрапейскую ідэнтычнасьць беларусаў, пашыраць, разьвіваць яе — тым больш калі перад Эўропай стаяць выклікі ўжо з двух бакоў: з боку Амэрыкі і з боку расейскай пуцінскай імпэрыі», — перакананы пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч.

«Гэта была зона непадцэнзурнага мысьленьня і культурніцкага супраціву»

Для кінакрытыка, культуроляга Максіма Жбанкова „Радыё Свабода“ заўсёды было «не крыніцай ведаў, а прасторай думкі».

Максім Жбанкоў

«Яно гадавала не сьвядомых, а нязручных. Гэта была зона непадцэнзурнага мысьленьня і культурніцкага супраціву. Факталёгію магчыма было адшукаць шмат дзе. А вось у пазл важных сэнсаў факты складаліся менавіта тут.

У свае найлепшыя часы „Радыё Свабода“ было адначасова інфармацыйным рэсурсам, школай нацыянальнай самасьвядомасьці, культурніцкай інстытуцыяй, лякальным мэдыя сусьветнага ўзроўню і інтэлектуальным клюбам. Яно пазначала і стварала самім сваім існаваньнем новае вымярэньне беларускасьці — годную справу вольнай нацыі. Стратэгічна атрымаўся пэўны працоўны накід „іншай Радзімы“, пазбаўленай камуністычнай інэрцыі і правінцыйнай пыхлівасьці», — перакананы Максім Жбанкоў.

Культуроляг адзначае важныя аўтарскія праекты Вячаслава Ракіцкага і Ўладзімера Арлова, эсэістыку Альгерда Бахарэвіча і Алега Дашкевіча, жывое мысленьне Валянціна Акудовіча і Ўладзіміра Мацкевіча, востры почырк Віталя Цыганкова і Юрыя Дракахруста, культурніцкія эскапады Яна Максімюка, скамарошыны Лявона Вольскага.

Калі на пачатку нулявых гадоў Максіма Жбанкова паклікалі як фрылансэра на „Свабоду“, гэта было як запрашэньне ў касманаўты, прызнаецца культуроляг.

«Пагадзіцца было трывожна. Не пагаджацца — немагчыма. Я даў згоду — і не шкадую. Бо дагэтуль гучыць у маёй мігранцкай галаве той улісаўскі трэк: „Р-р-радыё Сва-а-бода! Мы — твае хва-алі і по-о-дых…“ Просты мэсыдж: „Лаві хвалю, рабі сваё. Адбывайся падзеяй“. А навакол жыла дзіўная краіна з няўцямнай будучыняй… „Свабода“ нібыта паветра. Яе заўважаеш, калі яе не стае».

«Цяперашняя дзяржава хоча сьцерці сьляды тых, хто ствараў незалежную культуру ў краіне»

Паэтка Юлія Цімафеева прызнаецца, што ня хоча верыць у імавернае закрыцьцё беларускамоўнай службы „Радыё Свабода“.

Яе шлях у беларушчыну пачаўся ў 2006 годзе менавіта з „Радыё Свабода“ — гэта было першае месца працы, дзе яна з усімі размаўляла выключна па-беларуску. А пазьней і сама ня раз станавілася гераіняй свабодаўскіх публікацыяў.

Паэтка Юлія Цімафеева

«Я лічу, роля „Радыё Свабода“ для развіцьця беларускай літаратуры, пашырэньня беларускай мовы і прамоцыі беларускай культуры проста неацэнная. І гэта ня толькі амаль сотня кніг з выдавецкай сэрыі „Бібліятэка Свабода. XXI стагодзьдзе“, гэта і шматлікія інтэрвію, рэцэнзіі ды водгукі, гэта жывая эсэістыка і яскравыя рэпартажы з культурных падзеяў.

Сучасная гісторыя нашай літаратуры пісалася на сайце svaboda.org і ў радыйным эфіры. Цяперашняя дзяржава, як і некалі савецкая ў XX стагодзьдзі, хоча сьцерці сьляды тых, хто яшчэ зусім нядаўна ствараў незалежную культуру ў краіне», — гаворыць паэтка Юлія Цімафеева.

Суразмоўца спадзяецца, што ў кожным разе ўдасца захаваць архіў аўдыёперадачвў, эсэ і праграмаў, прысвечаных аўтарам і аўтаркам, якія выходзілі на „Свабодзе“.

«Калі недасып мяне перамог, я пачаў ставіць запіс перадачаў „Свабоды“ на магнітафон»

Мэдыяактывіст Юры Сідун на сваёй старонцы ў фэйсбуку прызнаецца, што дзякуючы праграмам „Радыё Свабода“ ён у цалкам расейскамоўным атачэньні вывучыў беларускую мову.

«Беларуская мова там ішла ў камплекце з трэскам і шумам кароткіх хваляў, а таксама дзіўным для мяне тады акцэнтам некаторых вядоўцаў. Пачалося ўсё з таго, што летам на школьных вакацыях сядзеў у сваім пакоі, чытаў кнігі, а фонам гаварыла „Радио Свобода“. Расейская служба гучала якасна, безь перапынкаў і амаль безь перашкодаў.

А беларускую службу „Радыё Свабода“ тады знайсьці было амаль немагчыма. Слухаў летнімі начамі размовы пра расейскую палітыку і перадачы пра амэрыканскі джаз. Была там і спэцыяльная праграма пра загадкавую сусьветную павуціну», — узгадвае спадар Сідун.

Пра хвалі і час трансьляцыі Беларускай службы „Радыё Свабода“ Юры прачытаў пазьней у газэце. Але праблема была ў тым, што паўтарагадзінныя перадачы выходзілі штодня ня ў самы зручны для школьніка час.

«Позьнім вечарам — ад 22-й і дубль раніцай а 6-й гадзіне. Калі недасып мяне перамог, я пачаў ставіць запіс перадачаў „Свабоды“ на касэтны магнітафон і слухаў па вяртаньні са школы. Запісваў, як Васіль Быкаў чытаў там уласныя творы. Назаўжды ўразіла таксама сэрыя, здаецца, ад Зьмітра Бартосіка, пра беларускія могілкі і надпісы на іх. Паўтараў за дзіўнымі галасамі і аднойчы наважыўся загаварыць сам», — піша Юры Сідун.

І заўважае, што Беларуская служба „Радыё Свабода“ сёньня — мабыць, апошняя вялікая рэдакцыя ў беларускім мэдыяспэктры, якая не стварае адмысловай расейскай вэрсіі сваіх матэрыялаў для беларусаў.

«Мяне заўсёды захапляла спакойная, прафэсійная, шляхотная манэра журналістаў „Радыё Свабода“»

Для мастака і музыкі Андруся Такінданга „Радыё Свабода“ — гэта найперш цёплы, утульны ўспамін зь дзяцінства.

Андрусь Такінданг

«Калі дарослыя на кухні шукалі запаветныя хвалі, гучала мэлёдыя „Люблю наш край, старонку гэту“, і празь перабоі і шум даносіўся голас вядоўцы. Мяне заўсёды захапляла спакойная, прафэсійная, шляхотная манэра журналістаў „Радыё Свабода“. Адчувалася, што стваральнікі праграмаў шануюць слухача і не апускаюцца да таннай эмацыйнасьці і прапаганды», — кажа Андрусь Такінданг.

Калі Радыё выйшла ў інтэрнэт-прастору, кажа музыка, яму пашчасьціла крыху супрацоўнічаць са „Свабодай“. Таленавіты мастак рабіў анімацыю, пісаў песьні, спрабаваў паяднаць мастацкую, музычную творчасьць з публіцыстыкай.

«Сьвет зьмяняецца, зьяўляюцца розныя інфармацыйныя прасторы, мяняюцца спосабы камунікацыі, але я веру, што попыт на адэкватнасьць, добразычлівасьць і „Свабоду“ ня зьнікне», — спадзяецца Андрусь Такінданг.

Што вядома пра магчымае закрыцьцё „Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа

14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM).

Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу мэдыя распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, спынены.

Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старшая дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.

25 сакавіка стала вядома, што Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) абавязалася перадаць „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“ (РСЭ/РС) частку сродкаў, вылучаных для гэтага Кангрэсам ЗША.

Інфармацыя зьявілася перад заплянаваным пачаткам судовага слуханьня гэтага пытаньня ў рамках працэсу, распачатага РСЭ/РС супраць ураду ў сувязі з спробай агенцтва спыніць фэдэральнае фінансаваньне РСЭ/РС.

25 сакавіка акруговы суд у Вашынгтоне загадаў перапыніць спробы закрыць „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“, заявіўшы, што USAGM, праўдападобна, дзейнічала «самавольна і неабгрунтавана» пры спыненьні гранту і што гэта магло б нанесьці «непапраўную шкоду» трансьлятару, калі б рашэньне было рэалізавана.

svaboda.org