На тэлебачанні паказалі новага абвінавачанага за «фінансаванне экстрэмізму» — ён працаваў у Польшчы, але ездзіў у Беларусь

У фільме, які анансаваў АНТ, паказваюць сюжэты з двума ўжо вядомымі палітвязнямі — Міхаілам Фандо (атрымаў пяць гадоў калоніі) і Аляксандрам Дорагакупцом (атрымаў пяць з паловай гадоў калоніі і буйны штраф). Аднак стала вядомае і новае імя — Васіль Арэшка з Салігорска.

АНТ анансаваў новы фільм пра «фінансаванне экстрэмізму». У анонсе прадстаўнік Дзяржкантролю Уладзіслаў Ларыёнаў кажа, што ў мінулым годзе выяўлена каля 70 выпадкаў фінансавання «экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод атрымальнікаў дапамогі называюцца Полк Кастуся Каліноўскага і Байсол.

Уладзіслаў Ларыёнаў. Скрыншот з відэа АНТ

Сярод затрыманых па справах паказваюць двух ужо вядомых палітвязняў — Аляксандра Дорагакупца і Міхаіла Фандо. Міхаіл Фандо дае інтэрв’ю проста з калоніі, у выпадку з Дорагакупцом паказваюцца архіўныя кадры затрымання.

Васіль Арэшка. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Называюць і новае імя — Васіль Арэшка. Хлопец родам з Салігорска. Ягоны ўзрост у сацсетках не ўказаны, але яму прыкладна 30 гадоў, калі меркаваць па ўзросце яго сяброў Укантакце.

Вядома, што ў Польшчы Арэшка працаваў HR-спецыялістам — шукаў людзей для ўладкавання на працу. Перыядычна ездзіў у Беларусь. Калі ён вярнуўся апошні раз, невядома, але затрыманы ён быў некалькі месяцаў таму.

Цяпер Арэшка ў СІЗА. Што яму закідаюць, пакуль невядома — фільм пакажуць сёння ўвечары. Адметна, што яго старонку Укантакце нехта выдаліў, спачатку перайменаваўшы ў абразлівае «Ядалб**б Курва».

nashaniva.com