
Бываюць такія тыдні, калі, быццам бы, лічыцца, што падзей было шмат. І адначасова пісаць няма пра што. Таму што важныя нібыта падзеі аказваюцца не вельмі важнымі ў моманце, хоць важныя глабальна. Я маю на ўвазе гандлёвую вайну, якую абвясціў Дональд Трамп усяму свету.
Так, свет трошкі ў шоку ад закідонаў Трампа. Праўда, свет у шоку ўжо не першы месяц, і паціху пачынае прызвычайвацца да фокусаў прэзідэнта ЗША. Але ў гэтым выпадку ўсіх здзівіла тое, што «за бортам» новых тарыфаў засталіся Расія і Беларусь.
Адміністрацыя Трампа патлумачыла такое выключнае стаўленне проста: мы і так пад маштабнымі санкцыямі ЗША (што праўда), і не вырабляем нічога такога, што перашкаджала б амерыканскай эканоміцы і на што варта было б увесці пошліны (што таксама праўда, але крыўдна). Аднак пры гэтым адсутнасць у дачыненні нас пошлін зусім не азначае, што тарыфы нас не закрануць. Проста таму, што — глабалізацыя. І такое паняцце як «рээкспарт» разам з «шэрым імпартам».
Напрыклад, захоча хтосьці прывезці з Амерыкі айфон. Жаданне зразумелае, таму што ў Беларусі «легальна» атрымаць яго не вельмі магчыма, толькі праз «шэры імпарт». Але ў гэтым айфоне будуць карэйскія чыпы, кітайскі пластык і сінгапурская зборка. У выніку быццам бы «родныя» амерыканцам айфоны трапляюць пад імпартныя пошліны Трампа, і, адпаведна, будуць даражэйшыя для беларускага спажыўца пры вывазе іх з ЗША.
Схема падаражэння будзе не дакладна, але прыкладна такая. І, верагодна, падскочыць ў кошце ўвесь «шэры імпарт», які больш-менш можна звязаць з ЗША. Таму што калі можна «пагрэць рукі» на санкцыях Трампа, то чаму б гэтага не зрабіць?
Некаторыя адказныя асобы ва ўрадзе, мы мяркуем, ужо пачалі рыхтаваць глебу пад гэтую справу. З дапамогай, вядома ж, нашай любімай сістэмы рэгулявання коштаў. Савет міністраў у чарговы (шосты) раз «адкарэктаваў» сістэму рэгулявання цэн, уведзеную ў 2022 годзе. І ў гэтай версіі ці не ўпершыню наш урад скараціў пералік тавараў, якія падлягаюць рэгуляванню. Пры гэтым скараціў адразу на траціну — з 331 пазіцыі да 211-ці.
Таксама дакументам прадугледжана, што вытворцы змогуць не ўзгадняць павышэнне адпускных цэн на рэгуляваныя тавары, калі нарматыў рэнтабельнасці, які выкарыстоўваецца для вызначэння сумы прыбытку, устанаўліваецца «ў памеры не больш максімальнага гадавога значэння фактычнага ўзроўню рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі, які склаўся ў 2021-2024 гадах па адпаведным відзе спажывецкіх тавараў».
Шчыра кажучы, я не ведаю, што будзе, калі ўсталяваны «нарматыў рэнтабельнасці» акажацца перавышаным. Нельга ж караць за атрыманы прыбытак, ці не так?
І самае цікавае — у пастанове прысутнічае пункт з грыфам «Для службовага карыстання», пра які мы нічога не ведаем. Але цалкам можа быць, што там і напісаны адказ на пытанне пра «нарматыў рэнтабельнасці».
Такое досыць кардынальнае скарачэнне рэгулявання цэн упісваецца не толькі ў жаданне наварыцца на гандлёвай вайне, але ў той шлях беларускага ўрада, пра які мы разважалі раней. А канкрэтна — у адсутнасці грошай беларускія ўлады будуць браць гэтыя сродкі з кішэняў насельніцтва.
А тут яшчэ і з Расіі, куды ідзе да 70 працэнтаў нашага экспарту, не вельмі прыемныя навіны падаспелі. Старшыня праўлення Банка Расіі Эльвіра Набіўліна заявіла, што яе ведамства пакуль не абмяркоўвае зніжэнне ключавой стаўкі. Не толькі не абмяркоўвае зніжэнне, але і дапускае яе павышэнне.
«Мы з вялікай асцярожнасцю падыходзім да зніжэння ключавой стаўкі, улічваючы, зноў жа, вопыт 2024 года. На апошнім пасяджэнні ў сакавіку зніжэнне нават не абмяркоўвалася. Больш за тое, на стале, што называецца, усё яшчэ падвышэнне стаўкі, калі, як гэта было летась, рэалізуюцца інфляцыйныя рызыкі», — сказала яна ў Дзярждуме.
Калі знізіць стаўку, не звяртаючы ўвагі на высокую інфляцыю, наступствы будуць сумнымі ў выглядзе новага ўзлёту цэн і яшчэ больш значнага росту рынкавых ставак, папярэдзіла Набіўліна.
Ключавая стаўка ў Расіі — гэта тое ж самае, што ў нас «стаўка рэфінансавання». Ад яе залежаць асноўныя стаўкі крэдытаў і дэпазітаў: чым ніжэй стаўка, тым ніжэй працэнт па крэдытах, асабліва для бізнесу. Больш крэдытаў — больш пакупак, у тым ліку тых самых 70% беларускага экспарту. Вышэй стаўка — даражэйшыя на расійскім рынку беларускія тавары.
Зараз у Расіі ключавая стаўка — 21% гадавых. Адпаведна, калі яна не ўпадзе ці нават падвысіцца — беларускія тавары стануць даражэйшымі для расійскага спажыўца. І гэты спажывец будзе менш «купляць беларускае».
А ён і так менш яго купляе, бо набірае абароты інфляцыя ў Расіі: на тыдні з 25 па 31 сакавіка 2025 года яна вырасла да 0,2% пасля 0,12% тыднем раней. У гадавым вылічэнні значэнне складае 10,24% (тыднем раней — 10,11%), паведамляе Мінэканамразвіцця Расіі.
І Набіуліна папярэдзіла — наўрад ці інфляцыя РФ складзе запланаваныя 4% гадавых.
«У Расіі соплі цякуць — Беларусь грыпуе», — казалі пра нашу эканоміку і яе цесную сувязь з Расіяй. І калі б мы сумленна падлічвалі сваю інфляцыю, яна напэўна была б у раёне 12-15% (таму што ўжо цяпер афіцыйная інфляцыя складае 5%, а «інфляцыйны навес» — гэта значыць, «нерэалізаваная» інфляцыя з-за адміністрацыйнага рэгулявання цэн— ацэньваецца незалежнымі эканамістамі прыкладна ў 10%).
Са спыненнем рэгулявання цэн на траціну пазіцый інфляцыя, безумоўна, падскочыць.
І беларусы застануцца сам-насам з гэтай інфляцыяй, таму што ўлада занятая імітацыяй бурнай дзейнасці — уключаючы Лукашэнку. Ён 3 красавіка падпісаў указ аб утварэнні Апеляцыйнага эканамічнага суда. Як паведамляе яго прэс-служба, указ прыняты ў мэтах «рэалізацыі палажэнняў Кодэкса грамадзянскага судаводства, якім прадугледжваецца стварэнне трохзвённай сістэмы эканамічных судоў».
Усё б нічога, але прыкладна з дзясятак гадоў таму сам Лукашэнка ліквідаваў у Беларусі сістэму гаспадарчых судоў. І цяпер ён — вяртае гэтыя суды назад.
Выдатна ён знайшоў сабе працу, праўда?