Прамова Святланы Ціханоўскай на Вестфальскай мірнай канферэнцыі

Прыводзім яе цалкам.

„Паважаны Прэзідэнт Штайнмаер,

Паважаны Доктар Цынкан,

Паважаныя ўдзельнікі і сябры,

Гонар стаяць тут, у горадзе Мюнстэр. Горадзе, які стагоддзі таму стаў сімвалам заканчэння страшнай вайны. Горадзе, які ўвасабляе мір.

Але сёння мір пад пагрозай. Свабода ў аблозе. Будучыня Еўропы – пад пытаннем.

Вайна вярнулася на наш кантынент. Украіна краваточыць, Беларусь пакутуе, уся Еўропа адчувае ўдары.

Гэтая вайна набывае розныя формы ў кожнай краіне. Вакол Украіны яна грыміць танкамі і ракетамі – забіраючы жыцці дзяцей і старых.

У Беларусі гэта паступовая акупацыя: знішчэнне грамадства, знішчэнне нашай ідэнтычнасці, мовы і культуры. Усяго таго, што звязвае нас з Еўропай.

У іншых краінах яна пранікае ў інстытуты, фальсіфікуе выбары і вядзе інфармацыйную вайну – спрабуючы паралізаваць грамадствы і разбурыць нашыя асноўныя каштоўнасці.

Расія разлічвае на тое, што свабодны свет стоміцца і адступіць. Але тое, з чым Еўропа сутыкаецца сёння, не новае. Гэта мінулае – змрочнае мінулае – якое спрабуе адпомсціць.

Беларусь

Вось ужо амаль пяць гадоў беларусы жывуць у стане тэрору – такога, якога Еўропа не бачыла з часоў Другой сусветнай вайны і сталінскіх рэпрэсіяў.

Штодня затрымліваюць 10-15 чалавек. Тысячы – за кратамі. Дзясяткі зніклі без вестак. Я не чула голасу майго мужа ўжо два гады. Я нават не ведаю, ці жывы ён.

Дыктатар працягвае помсціць за наш мірны пратэст, быццам тысячы людзей па-ранейшаму стаяць пад яго палацам.

Ён утрымлівае ўладу, прадаючы наш суверэнітэт Пуціну ў абмен на палітычную падтрымку.

Дзевяць мільёнаў беларусаў – закладнікі, якія знаходзяцца ў цені імперыі, што топча нашыя правы і адмаўляе нашую незалежнасць.

Беларусь – яскравы прыклад таго, што бяспека і дэмакратыя непарыўна звязаныя: калі ўлада не паважае ўласны народ, яна не будзе паважаць і сваіх суседзяў.

З Беларусі пачалася вайна Расіі супраць Украіны. Часам я думаю: калі б мы перамаглі ў 2020 годзе, гісторыя магла б пайсці зусім іншым шляхам.

Але нягледзячы на тэрор, беларусы не здаюцца. Супраціў пайшоў у падполле. Многія пайшлі ваяваць за Украіну добраахвотнікамі, бо лёсы Беларусі і Украіны звязаныя.

У выгнанні мы стварылі альтэрнатыўныя структуры ўлады – Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйную Раду, якія прадстаўляюць беларускі народ і абараняюць яго інтарэсы.

Мы не ведаем дакладна, калі і як адбудуцца змены, калі адкрыецца наступнае акно магчымасцей. Але мы павінны быць гатовыя.

Чаго хочуць дыктатары

Калі я кажу «мы», я маю на ўвазе ўсіх нас. Бо гэта не толькі пра Беларусь, Украіну ці Грузію. Гэта пра будучыню Еўропы – мірнай, адзінай і свабоднай ад тыраніі.

Сёння перад намі стаіць агульны вораг – зло, якое пагражае не толькі нашым краінам, але і самой душы Еўропы.

Як дыктатары аб’ядноўваюцца, так і мы павінны быць моцнымі і адзінымі. Бо тыранія жывіцца раз’яднанасцю. Яна імкнецца падарваць нашую еднасць, пасеяць сумнеў у нашых каштоўнасцях, разбурыць міжнародны парадак.

Мы павінны стаяць цвёрда. Любыя ваганні дыктатары ўспрымаюць як слабасць.

Дыктатары ведаюць, як абяцаць, як спакушаць, як апраўдваць свае самыя жорсткія злачынствы. Таксама як і тэрор у Беларусі, які падаецца пад выглядам «абароны міру і стабільнасці».

Цяжка паверыць, калі чую, што Пуцін ці Лукашэнка хочуць міру. Яны не хочуць. Бо вайна – гэта кісларод для іх рэжымаў, яна апраўдвае іх рэпрэсіі супраць уласных грамадзянаў.

Мы ўсё яшчэ не засвоілі просты ўрок: з дыктатарамі нельга дамаўляцца. Іх нельга перавыхаваць. Іх трэба перамагаць.

І дэмакратыі павінны паказаць свае зубы. Я не толькі пра ваенную сілу. Вайсковыя дзеянні бессэнсоўныя без гатовых абараняць сваю свабоду грамадстваў. Таму інвестыцыі ў людзей – жыццёва важныя.

Дэмакратыі перамаглі ў Халоднай вайне дзякуючы мужнасці, паслядоўнасці і «мяккай сіле».

Таму падтрымка незалежных медыя і галасоў супраціву такая важная.

Нашае бачанне простае: еўрапейская Беларусь.

Для нас ЕС – гэта тое, чым калісьці быў Заходні Берлін для ГДР – сімвал надзеі і свабоды.

Беларусы, украінцы, малдаване, армяне, грузіны – усе мы хочам ведаць, што дзверы ЕС будуць адкрыты для нас, калі прыйдзе час.

Мы не павінны дазволіць дыктатарам пабудаваць новую «жалезную заслону» – Беларусь не павінна застацца па-за межамі свабоднай Еўропы.

Хто хоча міру?

Дарагія сябры,

Ніхто не хоча міру больш, чым украінцы і беларусы. Але мір немагчыма пабудаваць на пакоры.

Мір – гэта не проста адсутнасць вайны. Мір – гэта справядлівасць. Гэта калі людзей не кідаюць за краты. Калі народам не пагражаюць за выбар свайго шляху.

Для мяне мір надыдзе, калі Расія не толькі пакіне Украіну, але і перастане ўмешвацца ў Беларусь.

Калі беларусы змогуць выбіраць сваю будучыню без «старэйшага брата» з Усходу.

Калі дыктатура будзе знішчаная, і тысячы сем’яў аб’яднаюцца.

Калі я змагу абняць свайго мужа разам з дзецьмі.

Жыве Беларусь! Слава Украіне! Long Live Europe!“.

tsikhanouskaya.org