Ганна Смык-Койла: Сёлета толькі 12 кандыдатаў у беларускамоўныя групы садка №14

Дзіцячы садок №14 у Беластоку адзначае сёлета падвойны юбілей: 75 гадоў сваёй дзейнасці і 30 гадоў з таго часу, як тут пачалі працаваць групы з беларускай мовай навучання. Урачыстасць адбудзецца 16 траўня — з удзелам гасцей, дзіцячых выступаў і святам супольнасці.

Аднак свята — гэта і нагода для шчырай размовы пра надзённыя выклікі. Чаму зніжаецца колькасць дзяцей у беларускіх групах? У чым асаблівасці супольнага навучання дзяцей з Падляшша і Беларусі? Ці хопіць сіл і людзей, каб беларуская мова ў садку жыла далей? На гэтыя і іншыя пытанні „Радыё Рацыя“ адказвае дырэктар установы — Ганна Смык-Койла.

РР: Колькі зараз выхаванцаў ёсць у беларускім садку і што адбываецца з наборам на наступны год?

Ганна Смык-Койла: Набор на наступны год у нас ужо завяршыўся ў сувязі з тым, што на першым этапе набору звярнулася да нас толькі 20 асоб. З 1 верасня 2025 года мусім зліквідаваць адну групу. Раней у нас было 7 груп. Ад верасня ў нас будзе 6. Скарачэнні адбываюцца не толькі ў нас, але і на многіх іншых пляцоўках у Беластоку. Ёсць больш вольных месцаў, чым заявак ад бацькоў. У нас будзе 3 групы беларускія і 3 групы польскія. Шкада што так адбываецца, але на гэта мы ніяк не можам паўплываць. Дзяцей цяпер нараджаецца ўсё менш.

РР: Колькі ўсяго заявак было пададзена на наступны навучальны год у беларускія групы?

Ганна Смык-Койла: На новы школьны год да нашага дзіцячага садка звярнулася 12 асоб, якія выказалі жаданне патрапіць у беларускія групы. І гэта не дало магчымасці стварыць новую групу.

РР: Раней было больш заявак? І чым выклікана, што беларуская меншасць не дае перавагу вашаму садку?

Ганна Смык-Койла: Раней, канешне, было дзяцей больш. Цяжка казаць пра нейкую адну прычыну таго, што жадаючых стала менш. Гэта не вынікае з таго, што ўвогуле няма зацікаўлення, а хутчэй вынікае з таго, што падае нараджальнасць. У гады 2023-2024 нарадзілася менш дзяцей. І таму бракуе выхаванцаў для нашых пляцовак. І гэта не датычыць толькі нашага дзіцячага садку. Але з другога боку існуе ў краіне такая тэндэнцыя, і яна заўважная ва ўсім свеце, што людзі губляюць сваю самаідэнтыфікацыю, свае культурныя каштоўнасці, звязаныя з нацыянальнасцю, асабліва калі яна належыць да меншасці ў краіне. І людзі прымаюць рашэнні, маюць на гэта права. Таму шмат залежыць ад бацькоў, гэта яны мусяць несці адказнасць за выхаванне сваіх дзяцей. Гэта складаны працэс, але тэндэнцыя ўніфікацыі тут відавочна назіраецца.

Цалкам размова:

racyja.com