
З першага верасня ў Беларусі набудуць моц змены ў Кодэксе аб адукацыі. Сярод іншага ўлады абавязалі беларускіх дзяцей атрымліваць адукацыю выключна ў беларускіх навучальных установах.

У інтэрв’ю “СБ” намеснік Міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай аргументаваў гэта тым, што “для юных беларусаў вельмі важна ведаць сваю гісторыю”:
— Толькі ў нашых школах яны могуць вывучаць “Гісторыю Беларусі”, “Гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”, “Беларускую мову”, “Беларускую літаратуру”, раздзел “Геаграфія Беларусі”. У нашых установах адукацыі значную ўвагу надаюць выхаваўчай рабоце: развіццю патрыятызму, любові да традыцый і культуры беларускай дзяржавы.
Гэта азначае, што цяжкасці могуць узнікнуць не толькі ў дзяцей, якія навучаюцца анлайн у замежных школах, але і ў тых, хто жыве за мяжой разам з бацькамі-палітэмігрантамі.
Згодна з пастановай ад 2019 года, дзяцей бацькоў, якія перашкаджаюць атрыманню абавязковай агульнай базавай адукацыі, могуць прызнаць за тых, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС).
Як паведаміць дзяржава аб ад’ездзе дзіцяці з краіны?
Беларус Арцём (імя замененае), які з сям’ёй нядаўна пераехаў у Польшчу, распавёў Еўрарадыё, што для вырашэння пытання дастаткова было напісаць заяву на імя дырэктара школы.
Пытанне вырашылася ўжо на дыстанцыі.
“Калі мы прыехалі ў Польшчу, то напісалі класнай паведамленне, што сын з’ехаў у іншую краіну і больш не будзе вучыцца ў Беларусі. Падручнікі па даверанасці аддасць сваяк”, — кажа Арцём.
У адказ настаўніца папрасіла напісаць заяву на імя дырэктара аб адлічэнні са школы і аб перадачы дакументаў сваяку з указаннем інфармацыі пра яго. А пасля прыняцця дзіцяці ў польскую школу, па магчымасці, даслаць даведку пра гэта. Падпісаную заяву трэба было толькі сфатаграфаваць і даслаць класнай.
У сваю чаргу польская школа папрасіла толькі мельдунак (аналаг прапіскі) на дзіця. Ніякіх дакументаў з беларускай школы не трэба.
Юрыстка Марыя Колесава-Гудзіліна прайшла падобны шлях ужо пасля ад’езду ў Літву. У яе выпадку таксама трэба было даць даведку аб прыняцці дзіцяці ў іншую школу.
“У мяне дзве дачкі: 11 і 13 гадоў. Мы з’ехалі і потым забіралі дакументы са школы. Каб гэта зрабіць, патрэбна была даведка са школы, якая іх прымае. Толькі на гэтых умовах нам выдалі дакументы”, — распавяла яна.
Калі дзіця яшчэ не было школьнікам на час ад’езду, у аддзела адукацыі таксама могуць узнікнуць пытанні да яго навучання. Таму юрыстка раіць і ў гэтым выпадку адправіць у раённы аддзел адукацыі даведку з таго месца, дзе вучыцца дзіця.

Звязацца з беларускімі дзяржорганамі (а менавіта раённым аддзелам адукацыі) можна і праз такія анлайн сродкі, як зварот.бел (для рэгістрацыя патрэбна беларуская сім-карта, можна выкарыстоўваць е-сім).
Таксама, яшчэ перад ад’ездам можна аформіць даверанасць на сваяка, які можа займацца пытаннямі са школай.
“Лепш за ўсё паведаміць у аддзел адукацыі, што дзіця атрымлівае адукацыю за мяжой. Гэта важна, таму што ўстаць на консульскі ўлік і выканаць усе фармальнасці бывае вельмі складана, асабліва калі вы жывяце ў Літве ці Польшчы.
Для пастаноўкі на консульскі ўлік патрэбны пашпарт і спецыяльная адзнака, якую ставяць толькі ў МЗС Беларусі. Гэта замкнёнае кола: без паездкі ў Беларусь — няма пячаткі, без пячаткі — няма ўліку, а без уліку — магчымыя праблемы з СНС і іншымі структурамі.
Каб пазбегнуць рызыкі пастаноўкі на ўлік як “ненавучэнца”, я б рэкамендавала падаць заяву праз зварот.бел з указаннем, што дзіця вучыцца за мяжой. І дадаткова адправіць ліст у аддзел адукацыі па месцы рэгістрацыі, паведаміўшы, што дзіця праходзіць навучанне і ў яго ўсё ў парадку”, — тлумачыць юрыстка.
“А пра тых дзяцей, пра якіх Беларусь не ведае, то і няма чаго баяцца”, — кажа Колесава-Гудзіліна пра выпадкі, калі дзіця нарадзілася за мяжой.
Але што рабіць, калі сям’я выехала даўно з палітычных матываў, а дзеці ездзяць у Беларусь?
Юрыстка Марыя Колесава-Гудзіліна не раіць ездзіць у Беларусь дзецям, чые бацькі пераследуюцца па палітычных матывах.
“Гэта вельмі небяспечна — адпускаць дзіця, асабліва, старэйшае за 14 гадоў (у Беларусі некаторая крымінальная адказнасць настае з гэтага ўзросту). Яны могуць стаць такімі ж палоннымі, а други момант — гэта магчымасць забраць гэтае дзіця”, — лічыць юрыстка.
“Калі дзіця не стаіць у СНС і ў яго ёсць даведка са школы пры перасячэнні мяжы, то праблем быць не павінна. Але можа так атрымаецца, што дзіця ўжо стаіць у СНС, таму што яно не атрымлівае адукацыю, а бацькі пра гэта не ведаюць. І можа дайсці да таго, што дзіця проста забяруць у бабулі і дзядулі ўжо ў Беларусі”.
Важна яшчэ раз падкрэсліць, што пагроза паставіць сям’ю на СНС датычыць не толькі людзей, якіх пераследуюць па палітычных матывах. Гэта можа закрануць кожную сям’ю, якая не паведаміць пра ад’езд дзіцяці.
Для Марыі Колесавай-Гудзілінай відавочна, што гэтыя змены былі зробленыя наўмысна, каб больш кантраляваць дзяцей і бацькоў.
“Цяпер амаль не засталося прыватных школ і бацькі шукаюць адукацыю за мяжой. Я думаю, што гэта зроблена не для таго, каб заціснуць “палітычных”, а наогул бацькоў, таму што шмат хто шукае альтэрнатыву. Шмат хто раней карыстаўся такой магчымасцю, ішоў на індывідуальнае навучанне. А цяпер трэба хадзіць у беларускую школу з дзяржаўнай ідэалогіяй”, — падсумоўвае юрыстка.
