Беларусы Вільні далучыліся да акцыі за свабоду Украіны ў гадавіну пачатку вайны

«Няхай Свабода свеціць. Няхай Свабода гучыць» — дэвіз акцый у падтрымку Украіны 24 лютага ў Літве. Марш праз горад ішоў трыма калонамі — украінскай, беларускай і літоўскай.

Агульны збор удзельнікаў пачаўся а 16-й ля помніка Тарасу Шаўчэнку. Спачатку малітва святароў, пасля з таго ж балкону ўкраінцаў, беларусаў і літоўцаў вітаў фальклорны калектыў «Намисто», да якога далучылася і кіраўніца нашага калектыву «Беларускі цуд» Святлана Чакушка. Песні гучалі і падчас шэсця праз увесь горад да Сейму Літвы.

Сярод украінскіх і літоўскіх было багата і беларускіх сцягоў. Удзельнікі перыядычна падтрымлівалі адно аднаго воклічамі «Слава Украіне!», «Жыве Беларусь!», «Ačiū, Lietuva!».

Да Кафедральнай плошчы пад 50-метровымі сцягамі Украіны і Літвы, а таксама мностам бел-чырвона-белых падышло ўжо некалькі тысяч чалавек.

На плошчу таксама прыйшлі амбасадары больш чым двух дзясяткаў краін, кожны з іх казаў лозунг «Слава Украіне!» на сваёй мове, мітынг адказваў — «Героям слава!».

Потым — канцэрт салідарнасці «Свабода свеціць: RADAROM!» на пляцы Незалежнасці, які пачаўся з хвіліны маўчання ў памяць загінулых ва Украіне.

Першым выступіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа: «Калос на гліняных нагах больш не можа змагацца. Сёння мы ўсе разумеем, што гаварыць больш няма пра што — трэба ісці да канца».

budzma.org