Як беларускія сілавікі гадамі «крышавалі» наркагандляроў і дзякуючы каму пазбеглі адказнасці.
Некалькі гадоў таму на ўсю Беларусь прагрымела крымінальная справа па опіумных наркотыках. Паводле абвінавачання ў іх збыце 29 чалавек прыгаварылі да турэмнага зняволення на розныя тэрміны – ад 3 да 14 гадоў.
Журналісты «Бюро» атрымалі і прааналізавалі 80 тамоў гэтай крымінальнай справы. У іх мы знайшлі сведчанні таго, што гандаль наркотыкамі гадамі «крышавалі» супрацоўнікі сілавых ведамстваў. На допытах гучалі імёны «апекуноў» і былі названыя расцэнкі за «крышу». Аднак гэтую інфармацыю следства палічыла за лепшае праігнараваць. У выніку ніхто з сілавікоў, на якіх паказалі фігуранты, не панёс пакарання. Практычна ўсе яны працягнулі працаваць у органах.
Больш за тое, мы знайшлі ў крымінальнай справе прыкметы фальсіфікацыі ў інтарэсах Карпянкова, цяперашняга намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі.
У гэтым расследаванні мы раскажам, як выглядала імперыя па збыце опіумных наркотыкаў, якую ролю ў ёй гралі сілавікі і як у сучаснай Беларусі атрымліваюць высокія пасады.
У матэрыяле „Бюро“ не раскрывае імёны сваіх крыніц у мэтах бяспекі.
„Бюро“ ўдзячнае «КіберПартызанам» за дапамогу пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу.
Кар’ерыст з дручком
2020 год пачаўся для Мікалая Карпянкова бязрадасна.

Ён, начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), рыхтаваўся сыходзіць у адстаўку. Не па сваёй волі: тэрмін кантракта выходзіў, і ў вярхах працягваць яго не спяшаліся. Ад безвыходнасці нават давялося ездзіць па прыватных фірмах сталіцы – выпрошваць працу ў службах бяспекі.
Для Карпянкова, кадравага сілавіка і зацятага кар’ерыста, гэта было прыніжэннем. Ён не хацеў вось так проста сыходзіць з дыстанцыі. Калі б выпаў хоць драбнюткі шанец застацца ў органах, ён бы яго не прапусціў – пераступіў бы праз любога. І шанец патрапіўся.
У жніўні, пасля прэзідэнцкіх выбараў, па ўсёй Беларусі выбухнулі пратэсты. Людзі патрабавалі перагляду вынікаў: усё паказвала на фальсіфікацыі. Для краіны такі ўсплёск грамадзянскай актыўнасці быў нечым неймаверным. Сілавы апарат спачатку разгубіўся – але не Карпянкоў.
Пад яго кіраўніцтвам ГУБАЗіК з паказной жорсткасцю пачаў разганяць людзей: іх затрымлівалі, збівалі, катавалі. Карпянкоў за спінамі падначаленых не хаваўся – наадварот, кінуўся на перадавую.
У свой дзень нараджэння, 6 верасня, ён разам з калегамі па службе ўзяўся калаціць дручкамі шыбы мінскай кавярні O’Petit, дзе ад сілавікоў хаваліся пратэстоўцы.

Відэа інцыдэнту абляцела сацсеткі і шакавала нават тых, хто звык да міліцэйскай жорсткасці. Не кожны дзень убачыш, як высокі начальнік учыняе пагром.
Гэта зрабіла ўражанне і на Лукашэнку. Ён не проста працягнуў Карпянкову кантракт, а накіраваў на павышэнне: прызначыў намеснікам міністра ўнутраных спраў.
Карпянкоў не ўпершыню так спрытна скарыстаўся момантам. Ён ужо задоўга да пратэстаў паказаў, што дзеля кар’еры гатовы пайсці па галовах.
Змаганне з макам
Да прыходу ў ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў узначальваў наркакантроль. На гэтай пасадзе ён публічна змагаўся з бубкамі. Так называлі насенне маку, забруджанае наркатычнымі рэчывамі.
Пры зборы маку спачатку надразаюць макаўкі, каб сцадзіць сок – опій. З яго робяць абязбольвальныя. Аднак у кепскіх руках ён ператвараецца ў наркотык з-за здольнасці выклікаць эйфарыю. Пасля збору з макавак дастаюць насенне. Яго трэба старанна ачысціць, каб пазбавіцца ад слядоў опію і пылу высахлых макавак і сцяблін. Гэты пыл вядомы як макавая салома. З яе можна прыгатаваць наркотык. Наступствы залежнасці цяжкія – аж да смерці.
У Беларусь бубкі прыйшлі ў пачатку 2000-х, а ўжо да 2014 года яны займалі каля 60% ад усяго рынку забароненых рэчываў, у асобных рэгіёнах – 85%.
Такая папулярнасць наркотыку тлумачыцца прагалам у заканадаўстве. Самі па сабе зярняты маку псіхатропам не лічыліся. А вось макавая салома, якой яны забруджаныя, у спіс наркатычных сродкаў Беларусі ўваходзіла – значыць, крымінальная адказнасць за яе была прадугледжаная. Гэтай супярэчнасцю карысталіся наркадзялкі. У выпадку затрымання з «брудным» макам яны маглі заявіць, што працавалі з харчовым прадуктам, а не з наркотыкам. Каб пацвердзіць наяўнасць макавай саломы ў насенні, трэба было правесці экспертызу. Але нават пасля яе даказаць нядобрыя намеры злоўленага, здавалася б, з доказамі злачынства было цяжка – таму што мак мог утрымліваць невялікую колькасць саломы нават пасля ачысткі.
Ведаючы гэта, наркагандляры пастаўлялі насенне з нізкай колькасцю дамешкаў. Пакупнікі ж, каб атрымаць дастатковую колькасць опіуму, бралі бубкі кілаграмамі. Максімум, што пагражала за гэта дзялкам, – штраф за незаконнае вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці.
Карпянкоў часта звяртаў увагу на гэтую праблему ў інтэрв’ю і абяцаў радыкальна яе вырашыць. І сапраўды, пасля доўгіх узгадненняў ён «праціснуў» спецыяльны дэкрэт, які ў СМІ ахрысцілі «антымакавым». Лукашэнка падпісаў яго ў студзені 2014 года.
Дакумент даў дзяржаве манаполію на гуртовы гандаль насеннем маку. Цяпер яго маглі прадаваць толькі юрыдычныя асобы, выбраныя Саветам міністраў, – прычым пасля тэрмічнай апрацоўкі і ў спецыяльнай упакоўцы аб’ёмам не большым за 200 грамаў. Гэта павінна было прадухіліць магчымасць вылучэння наркотыку з «брудных» зярнят.
Аднак дэкрэт не прадугледжваў галоўнага – крымінальнай адказнасці за абарачэнне бубак. Гэта супярэчыла б канвенцыі ААН, паводле якой насенне маку нельга класіфікаваць як наркотык. У выніку пакараннем за парушэнне дэкрэта сталі вялікія штрафы і канфіскацыя аўтамабіля.
Тым не менш Карпянкоў у інтэрв’ю БелТА настойваў на эфектыўнасці ўхваленага дакумента:
«Мы разлічваем, што з прыняццем дэкрэта забруджаны мак, які завозілі ў Беларусь, прадавалі, выраблялі з яго наркатычныя рэчывы, будзе знішчаны. Мы ўбачым, што <…> тыя грошы, якія круціліся ў крымінальных структурах, з гэтага абарачэння выйдуць».
Продаж бубак і праўда неўзабаве знізіўся. Вось толькі заслугі Карпянкова ў гэтым было мала. Да моманту набыцця дэкрэтам сілы бубкі моцна страцілі ў папулярнасці, саступіўшы новым наркотыкам. Пра гэта «Бюро» расказаў былы следчы па асабліва важных справах:
«Дэкрэт быў, па вялікім рахунку, запазнелы, як уся рэакцыя сістэмы. У той час пачалі з’яўляцца сінтэтычныя наркотыкі, розныя спайсы, якія можна было набыць праз інтэрнэт абсалютна ананімна, на якія яшчэ тады міліцыя, следства не мелі досведу рэакцыі. Большасць наркаманаў з бубак перайшлі на гэтыя спайсы. Мне здаецца, што гэта нават большай прычынай было [зніжэння гандлю бубкамі], чым прыняцце дэкрэта».
У выніку наркотыкі ў Беларусі стала ўжываць нават больш людзей, чым да прыняцця дэкрэта. Усё з-за таго, што Карпянкоў змагаўся з сегментам рынку, які адміраў, а не з рэальнай пагрозай. Аднак гэта стала зразумела на дыстанцыі. У моманце ж прыгожай статыстыкі па бубках Карпянкову хапіла, каб пайсці на павышэнне. Праз некалькі месяцаў пасля прыняцця «антымакавага дэкрэта» яго прызначылі кіраўніком ГУБАЗіКа.
Карабель, які тоне
На момант прыходу Карпянкова ГУБАЗіК лічыўся элітным падраздзяленнем. Туды марылі трапіць усе, але праходзілі толькі сілавікі ў высокім званні – ад маёра і вышэй. Узначаліць такую структуру было ганарова. Шмат каму яна, аднак, муляла вочы, расказаў «Бюро» яе былы супрацоўнік, а ў далейшым кіраўнік аб’яднання экс-сілавікоў Беларусі BYPOL Аляксандр Азараў:
«ГУБАЗіК падначальваўся толькі міністру [унутраных спраў] і першаму намесніку міністра. Самастойныя такія былі. Начальнікам УУС, ГУУС не падабалася, што ў іх на тэрыторыі такія непадкантрольныя падраздзяленні. І ўвесь час ладзіліся інтрыгі на гэты конт».
Паддывановая барацьба ўзмацнілася ў 2014 годзе, калі ў Расіі ліквідавалі РУБАЗ – аналаг ГУБАЗіКа. Беларускія сілавікі вырашылі ўзяць з калег прыклад, і ў падраздзяленне Карпянкова наляцелі з праверкамі. Абгрунтавалі гэта тым, што яно дублявала іншыя ведамствы. Маўляў, карупцыю расследавала ўпраўленне МУС па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, незаконную міграцыю – пагранкамітэт, а экстрэмізм – КДБ. У выніку ГУБАЗіК апынуўся на мяжы ліквідацыі.
Для Карпянкова гэта быў сапраўдны ўдар. Ён толькі-толькі ўзяў новую кар’ерную вышыню і падаць не збіраўся. Каб выратаваць сваё месца, ён уключыўся ў апаратную барацьбу: пачаў рыхтаваць даклады пра эфектыўнасць ГУБАЗіКа і абіваць з імі парогі начальства. Жаданых вынікаў гэта не прынесла. Тады Карпянкоў пайшоў ва-банк – пачаў раздзьмуваць статыстыку.
«Пісаліся дакладныя, што намі, напрыклад, прыцягнута за мінулы год 500 фанатаў да крымінальнай адказнасці. Рэальна ж гэта маглі быць і зусім выпадковыя людзі, якія нават не знаходзіліся ў базе фанатаў», – згадваў у інтэрв’ю «Салiдарнасці» Аляксандр Азараў, былы калега Карпянкова.
Не спрацаваў і гэты манеўр. Заўчасны канец прэстыжнай службы рабіўся для Карпянкова ўсё больш рэальным. Яму тэрмінова трэба было давесці значнасць ГУБАЗіКа і сваю асабістую. Ідэя напрошвалася сама сабой: паўтарыць тое, што аднойчы ўжо ўзнесла на п’едэстал – паказальную барацьбу з наркотыкамі.
Шыта белымі ніткамі
У 2016 годзе з ініцыятывы ГУБАЗіКа пачалося маштабнае расследаванне гандлю бубкамі – тымі наркотыкамі, з якімі Карпянкоў публічна змагаўся ў наркагандлі. Паводле падазрэння ў іх збыце за тры гады затрымалі больш за 40 чалавек – нечуваныя лічбы. Але вось нявыкрутка: судзіць па крымінальных артыкулах іх не маглі. Гэтага, нагадаем, не дазваляла канвенцыя ААН.
Карпянкова гэта не спыняла, і крымінальная справа была распачатая – у інтарэсах ГУБАЗіКа. Дзеля гэтага сілавыя ведамствы і суды негалосна дамовіліся, расказалі журналісту «Бюро» крыніцы:
«Адбылася камісійная калегія Генеральнай пракуратуры, Следчага камітэта, дзе яны прынялі рашэнне змяніць судовую практыку, не мяняючы заканадаўства. Проста дамовіліся, каб суд прыцягваў да крымінальнай адказнасці. Дамовіліся з Вярхоўным судом, і ён спусціў указіўку: калі паступаюць справы, прыцягваць да крымінальнай адказнасці».
Прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў Беларусі BelPol, які працаваў у наркакантролі, у размове з журналістам «Бюро» пацвердзіў, што працу з бубкамі пераналадзілі па ўзгадненні паміж ведамствамі. У тым ліку – змянілі падыход да экспертызы. Калі раней асобна вылічвалі, колькі дамешкаў утрымлівалася ў забруджаным маку, то цяпер увесь яго аб’ём сталі лічыць наркотыкам. Гэта і дазволіла следчым распачынаць крымінальныя справы супраць гандляроў бубкамі.
Спачатку іх завялі некалькі, але затым аб’ядналі ў адну. Матывавалі тым, што ўсе фігуранты ўваходзілі ў адзіную «злачынную арганізацыю». Падставай сталі паказанні пра пастаўкі, якія перакрыжоўваюцца, і агульных гуртавікоў. Да працэсу таксама далучылі некалькі архіўных справаў, наноў іх распачаўшы і паўторна затрымаўшы фігурантаў. Іх таксама назвалі членамі «злачыннай арганізацыі». Адвакат аднаго з іх расказаў «Бюро», што такім чынам следства спрабавала сабраць маштабную, паказальную справу:
«Больш прыемна дакладваць, калі ў цябе па чацвёртай частцы [«наркатычнага» 328 арт. КК.] у складзе арганізаванай злачыннай групы. Глядзіце, мы выявілі, раскрылі, спынілі і асудзілі. І тэрміны далі вялікія. А што такое – некалькі справаў па трэцяй, па другой частцы? Дык гэта ж пыл. Пыл, які нікога не цікавіць. А задача была – зрабіць грандыёзную справу».
У народзе гэтую справу назвалі «макавай». Мы ўважліва вывучылі яе пратаколы і высветлілі, што большасць абвінавачваных працавалі ў асобных невялікіх групах, гандлявалі ў раздроб і не былі знаёмыя адзін з адным. Так, у іх меліся агульныя гуртавікі – але і з іншымі пастаўшчыкамі яны таксама працавалі. Гэта ўсё адно што абвінаваціць у змове ўсіх, хто купляе хлеб у адной краме. Сувязь паміж абвінавачванымі па «макавай справе» была, хутчэй, лагістычнай, чым арганізацыйнай. Іх аб’ядноўвала не іерархія, а інтарэс да тавару па выгаднай цане і зручных каналаў збыту.
Супярэчнасці «макавай справы» мы хацелі абмеркаваць са следчым, які яе вёў, – Ігарам Прахарэнкавым. Аднак, пачуўшы пытанне журналіста «Бюро», ён кінуў трубку.
Як мы высветлілі ў працэсе нашага расследавання, гэты следчы для вядзення «макавай справы» быў абраны невыпадкова.
«Ён лепшы сябар ГУБАЗіКа. Ён заўсёды з імі вельмі добра стасаваўся. Яны да яго, напрыклад, маглі звярнуцца, пра нешта папрасіць – і ён ім не адмаўляў. Заходзіш да яго ў кабінет, а ў яго дзве сцяны – усе ў вымпелах, эмблемах праваахоўных органаў. Гэта ён калекцыянер такі», – расказала журналісту «Бюро» крыніца.
Да «макавай справы» Прахарэнкаў сапраўды супрацоўнічаў з ГУБАЗіКам. Напрыклад, кіраваў расследаваннем «справы сямнаццаці» – яшчэ аднаго гучнага кейса аб наркотыках.
Такім чынам, пад кіраўніцтвам Карпянкова і з дапамогай «свайго» следчага сілавікі змаглі раскруціць маштабную «макавую справу». На дзясяткі чалавек павесілі крыміналкі за, па сутнасці, адміністрацыйныя правапарушэнні – па дамоўленасці паміж сілавымі структурамі і судамі, у абыход беларускага заканадаўства і канвенцыі ААН. Усё дзеля гучнага працэсу, які мог бы дадаць службовых ачкоў Карпянкову і ўмацаваць яго нацягнутыя стасункі з калегамі. Рэзананс жа іграў на руку не толькі ГУБАЗіКу, але і іншым датычным – Следчаму камітэту і Генпракуратуры.
Як і пратэстоўцы ў 2020 годзе, абвінавачваныя па «макавай справе» сталі ахвярамі амбіцый Карпянкова. Ён не ўлічыў толькі аднаго: на допытах наркагандляры пачалі расказваць, як іх гадамі «крышавалі» сілавікі.
У гэтым матэрыяле мы назавём гэтых міліцыянтаў – але толькі тых, чые імёны неаднаразова гучалі ў паказаннях розных абвінавачваных.
Сябры з міліцыі
Мінск, мікрараён Серабранка. Да «раскруткі» «макавай справы» застаецца год. Да гандлёвага цэнтра «Гіпа» пад’язджае аўтамабіль. За рулём – Андрэй Крысюк. Ужо некалькі гадоў ён займаецца вельмі спецыфічным «бізнэсам». На пасажырскім сядзенні – яго «бізнэс-партнёр», Аляксандр Таболін. Да таго моманту ён тройчы быў судзімы.
Таболін і Крысюк заходзяць у «Гіпа» і ўздымаюцца на другі паверх – у піцэрыю. Там іх чакаюць трое мужчын. Аднаго з іх Крысюк ведае як Собаля. Гэта мянушка Ігара Сабалеўскага, крымінальнага аўтарытэта. Ён таксама займаецца «бізнэсам», у які ўцягнуты Крысюк і Таболін. Мужчыны побач з ім называюць сябе – Анатоль Іванавіч і Аляксей Барысавіч.
«Супрацоўнікі міліцыі», – тлумачыць Таболін Крысюку і просіць яго пасядзець за іншым столікам, пакуль яны будуць размаўляць.
Гутарка доўжыцца каля дзесяці хвілін. Яе зместу Крысюк не чуе і пра дэталі Таболіна пасля сустрэчы не распытвае. Яму гэта ведаць нечага, усё ж роля ў «бізнэсе» ў яго невялікая. Але адно пытанне ён усё ж задае: што на сустрэчы рабілі супрацоўнікі міліцыі? Таболін адказвае, што яны – «сябры», якія «вырашаюць пытанні, што ўзнікаюць», у «бізнэсе».
Чым канкрэтна яны дапамагаюць, Крысюк не пытаецца. Гэта і так зразумела, улічваючы спецыфіку «бізнэсу». Крысюк і Таболін гандлююць наркотыкамі. Дакладней, адным канкрэтным відам – бубкамі.
Па мянушцы Іваныч
Падрабязнасці гэтай сустрэчы мы знайшлі ў матэрыялах «макавай справы». На допытах чацвёра абвінавачваных расказалі, што з імі працаваў следчы ў адстаўцы са званнем падпалкоўніка. Той самы Анатоль Іванавіч, які быў на сустрэчы ў піцэрыі. Яго прозвішча – Мазуленя.

У міліцыі ён адпрацаваў 13 гадоў. Даслужыўся да оперупаўнаважанага па асабліва важных справах МУС і ў 2007 годзе выйшаў на пенсію з уласнага жадання, вынікае са звестак «Кіберпартызан».
Сувязі ў сілавых структурах у Мазулені, аднак, засталіся. Іх ён выкарыстоўваў, каб забяспечыць «крышу» наркагандлярам, затрыманым па «макавай справе». Гэта вынікае з іх паказанняў. Адзін дзялок нават назваў суму, у якую абышліся паслугі Мазулені, – каля 350 тыс. долараў за шэсць з паловай гадоў «працы». Асноўную частку гэтых грошай Мазуленя перадаваў дзейным сілавікам за «спрыянне» наркадзялкам.
«Трэба было плаціць за кожны раён, каб не прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці», – тлумачыў іншы фігурант «макавай справы» на допыце.
Роляй сувязнога Мазуленя не абмяжоўваўся. Адзін з абвінавачваных расказаў, што падпалкоўнік таксама дапамагаў з прывозам бубак у Беларусь і іх мытным афармленнем на мяжы. За кожны ўвезены кілаграм яму нібыта плацілі па долары. Так Мазуленя зарабіў яшчэ мінімум 20 тыс. долараў.
З прызнаўчых паказанняў абвінавачваных таксама вынікае, што з дапамогай Мазулені яны «прыбіралі» з рынку канкурэнтаў. Знаходзілі кропкі, у якіх іншыя гандляры захоўвалі і збывалі мак, і перадавалі звесткі Мазуленю. Ён паведамляў іх знаёмым міліцыянерам, а тыя ладзілі аблавы. Адзін з такіх эпізодаў таксама пацвердзіў былы калега па службе Мазулені, якога дапыталі па «макавай справе» ў якасці сведкі.
Так, у 2013 годзе Мазуленя расказаў яму пра склад бубак у адным з раёнаў Мінска. Згаданае месца праверылі – і знайшлі там 20 тон наркотыку.
«Праз пэўны час да мяне зноў звяртаўся Мазуленя, гэта было ўжо пасля канфіскацыі, і запытваў у мяне пра тое, ці канфіскавалі мы што-небудзь. Я яму адказаў, што канфіскавалі вялікую колькасць маку. Ён гэтаму, як мне падалося, узрадаваўся», – расказаў сведка.
Ёсць яшчэ адно, хай і ўскоснае, пацвярджэнне сувязяў Мазулені з абвінавачванымі па «макавай справе». У крымінальных колах удзельнікаў бубкавага бізнэсу ведалі па мянушках – напрыклад, Собаль, Дзед, Забар. Была мянушка і ў Мазулені – Іваныч (па імені па бацьку). Пра гэта затрыманыя казалі на допытах.
Падчас расследавання падпалкоўніка ў адстаўцы Анатоля Мазуленю затрымалі і дапыталі. Ён адмаўляў сваё дачыненне, але прызнаў, што больш за 20 гадоў таварышуе з Ігарам Сабалеўскім – галоўным фігурантам «макавай справы». Пасля гэтага Іваныча адпусцілі без выстаўлення абвінавачанняў. Перад судом ён так і не паўстаў.
У следства яўна было асаблівае стаўленне да Мазулені. У ІЧУ ён правёў трое сутак, у той час як іншых падазроных трымалі пад вартай гадамі, раз за разам працягваючы арышт.
Яшчэ адна дэталь, якая сведчыць пра перадузятасць праваахоўнікаў: Мазуленя быў адзіным затрыманым, чый тэлефон не праслухоўвалі падчас расследавання. Пра гэта кажуць як матэрыялы крымінальнай справы, у якіх няма расшыфровак яго размоваў, так і дадзеныя «Кіберпартызан» аб праслухоўваннях.
«Бюро» патэлефанавала Анатолю Мазуленю, каб запытаць, чаму яму не выставілі абвінавачвання па «макавай справе». Пытанні журналістаў «Бюро» выклікалі ў былога следчага гістэрыку.
Падчас першай гутаркі Анатоль Іванавіч пачаў з ходу пагражаць нашаму журналісту:
«Я еду і пішу на вас заяву пра дамаганне! Пра тое, адкуль вы атрымалі гэтую інфармацыю ў дачыненні да мяне, і якое вы маеце права, на падставе якога артыкула Канстытуцыі, тэлефанаваць мне і ўрывацца ў маё асабістае жыццё! Ні з кім я па тэлефоне, ні з якімі дэбіламі, не размаўляю!»
Мы паспрабавалі яшчэ раз звязацца з падпалкоўнікам у адстаўцы, але гутарка не задалася і ў другі раз. Нашу журналістку Мазуленя абразіў:
«Аўца смярдзючая! Я шчыра адпрацаваў свае гады! Што ты звоніш?! Грошы я браў!.. Я цябе знайду, аўцу, і задушу!»
Паводле звестак «Кіберпартызан», у 2020 годзе Анатоль Мазуленя працаваў начальнікам службы аховы ў прадуктовай краме ў Мінску. Гэта яго апошняе вядомае месца працы. Таксама Іваныч займаўся бізнэсам: з 2013 па 2017 год быў суўладальнікам фірмы па рамонце электронікі з сумнеўнай рэпутацыяй.
На форумах скардзіліся, што гора-майстры бралі тэхніку, каб направіць, і не вярталі. Адзін падмануты кліент звярнуўся ў РУУС, але ў распачынанні справы яму адмовілі. Замест гэтага – зладзілі сустрэчу з заснавальнікамі фірмы, у тым ліку з Мазуленем. Пасля размовы мужчына, як вынікае з яго паста на «Анлайнеры», «страціў веру ў чалавецтва, а таксама ў «праваахоўныя» органы». Тэлефон яму так і не вярнулі.
Заўчасная пенсія
Вернемся ў Серабранку 2015 года – на сустрэчу ў піцэрыі. З былым міліцыянерам, Анатолем «Іванычам» Мазуленем, які наведаў яе, мы ўжо пазнаёміліся. Засталося раскрыць фігуру другога – дзейнага на той момант сілавіка.
На сустрэчы ён назваўся Аляксеем Барысавічам. Гэтае ж імя назвалі двое фігурантаў «макавай справы», расказваючы пра свае сувязі з сілавікамі. Згадалі яны і прозвішча – Макурын.

У 2015 годзе, на момант сустрэчы ў Серабранцы, ён быў намеснікам начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС. Тую ж пасаду займаў на момант пачатку расследавання «макавай справы». Гэтая пасада стала вяршыняй ягонай кар’еры ў сістэме.
У маі 2017 года, незадоўга да першых допытаў па «макавай справе», Макурын выйшаў на пенсію. Афіцыйна – з-за хваробы. Аднак кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў у гутарцы з «Бюро» назваў іншую прычыну яго звальнення:
«Макурына знялі з пасады. Папрасілі пайсці добраахвотна з-за «макавай справы».
Сапраўды, Макурын выйшаў на пенсію падчас расследавання. Неўзабаве пасля адстаўкі ягонае прозвішча ўсплыло ў паказаннях абвінавачваных.
Так, адзін з наркадзялкоў расказаў, што на працягу многіх гадоў быў ягоным інфарматарам. Саюз гэты быў плённым. Напрыклад, у 2016 годзе ён «зліў» Макурыну, дзе знайсці збытчыкаў гашышу і амфетаміну, і той дзякуючы гэтай наводцы атрымаў прэмію.
У выпадку Макурына, аднак, цікавы не сам факт ягонай працы з інфарматарам, а тое, як яна была наладжаная. На інфармацыю ад сваёй крыніцы Макурын рэагаваў выбіральна. Гэта выклікала падазрэнні нават у самога наркадзялка.
У гутарцы са следчымі ён расказаў, што адразу ж звязаўся з Макурыным, калі ў 2015 годзе яму прапанавалі гандляваць бубкамі. На яго здзіўленне, ад працы ў гэтым кірунку Макурын адмовіўся. Адказаў, што яму гэта «нецікава», таму што крымінальнай адказнасці за мак не прадугледжана, – але папрасіў «трымаць у курсе» на выпадак зменаў у заканадаўстве.
Святло на гэтую сітуацыю праліў іншы абвінавачваны па «макавай справе». На допыце ён расказаў, што ў 2015 годзе з Макурыным сустрэўся Мазуленя і дамовіўся пра «супрацоўніцтва». З тых часоў Іваныч нібыта перадаваў Макурыну частку грошай, якія атрымліваў ад наркадзялкоў.
Эпізод у піцэрыі, які апісалі двое фігурантаў «макавай справы», пацвярджае, што Макурын і Мазуленя былі знаёмыя і разам сустракаліся з наркагандлярамі.
Паказанняў Макурына ў матэрыялах «макавай справы» няма: ні тлумачальных, ні допытаў, ні вочных ставак з абвінавачванымі. Каб даведацца пра прычыну гэтага, журналіст «Бюро» звязаўся з ім па тэлефоне.
«Хто ж пра міліцыянера калі-небудзь добрае скажа? Вы задумайцеся хоць раз сваёй галавой і болей не задавайце мне дурных пытанняў», – адказаў Макурын і кінуў трубку.
Напарнікі з наркакантролю
Фігуранты «макавай справы» далі паказанні на яшчэ дваіх супрацоўнікаў наркакантролю. Яны часам працавалі ў тандэме: разам ездзілі на выклікі, праводзілі вобшукі, затрымлівалі падазроных.
Першы – Дзяніс Валянтовіч.

Спачатку ён працаваў у Жодзінскім ГАУС, затым перайшоў у ГУБАЗіК. У 2015 годзе быў прызначаны старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах у наркакантролі. Гэтую ж пасаду займаў падчас расследавання «макавай справы».
Валянтовіча ў сваіх паказаннях згадвалі двое абвінавачваных. Адзін расказаў, што міліцыянт неаднаразова сустракаўся і стэлефаноўваўся з наркагандлярамі. Яны «размаўлялі на роўных, выдатна адзін аднаго разумеючы».
Падчас такіх гутарак Валянтовіч нібыта прапаноўваў наркадзялкам даць паказанні супраць канкурэнтаў, абяцаючы за гэта не замінаць ім гандляваць наркотыкамі, закрыць ужо распачатыя адміністрацыйныя справы і адпусціць тых, хто быў па іх затрыманы. Пасля міліцыянт і ўвогуле пачаў абмяркоўваць, як ён сам зможа ўдзельнічаць у «рэалізацыі маку».
«Ішоў працэс перамоваў на тэму таго, дзе мы зможам працаваць, у сэнсе ў якім раёне і за якую суму», – расказаў на допыце абвінавачваны па «макавай справе».
Гэтыя перамовы вёў яго памагаты. Чым яны завяршыліся, ён не паведаміў. Аднак мужчына, які даў гэтыя паказанні, пазней нібыта бачыў прозвішча Валянтовіча ў спісе тых, каму наркагандляры плацілі за «крышу».
З паказанняў іншага абвінавачванага вынікае, што Валянтовіч ведаў пра тое, дзе размешчаныя склады бубак, аднак замест своечасовай і поўнай зачысткі «накрываў» іх кропкава і толькі ў тыя моманты, калі яму былі «патрэбныя канфіскацыі», – то бок паляпшаў такім чынам сваю статыстыку.
Пра гэта Валянтовіч нібыта сам расказаў наркадзялку падчас іх сустрэчы пасля чарговай канфіскацыі. На ёй жа ён «параіў» яму спыніць гандаль бубкамі. Змест гэтай гутаркі дзялок, паводле яго слоў, пераказаў Іванычу. Той адказаў, што Валянтовіч такім чынам «расчышчаў тэрыторыю» для іх канкурэнтаў – то бок іншых гандляроў бубкамі, якіх «крышаваў».
Па факце гэтых паказанняў Валянтовіча не дапытвалі. Паводле звестак «Кіберпартызан», ён працягнуў працаваць у органах пасля завяршэння «макавай справы».
Журналіст «Бюро» звязаўся з Дзянісам Валянтовічам па тэлефоне, але той адмовіўся адказваць на нашыя пытанні.
Калегу Валянтовіча, супраць якога таксама далі паказанні, завуць Павел Чачотка.

На службу ў міліцыі ён заступіў у канцы 90-х. Працаваў у крымінальным вышуку некалькіх сталічных РУУС, потым заняўся наркотыкамі.
Паказанні супраць Чачоткі далі двое абвінавачваных па «макавай справе». Адзін расказаў, што той разам з Валянтовічам хацеў удзельнічаць у «рэалізацыі маку» і вёў перамовы з наркадзялкамі. Іншы сцвярджаў, што Чачотка «спрыяў» гандлю забароненымі рэчывамі і атрымліваў за гэта грошы.
Следчых такія паказанні не зацікавілі: яны не распытвалі наркагандляроў пра падрабязнасці і не праводзілі праверку ў дачыненні да Чачоткі. Чаму так адбылося, журналіст «Бюро» спытаў у яго па тэлефоне.
«Я ні да якой справы не маю дачынення», – адказаў Чачотка.
Тады мы зрабілі дапушчэнне, што наш суразмоўца, магчыма, працаваў з наркагандлярамі пад прыкрыццём. Гэта растлумачыла б адсутнасць праверак у дачыненні да яго і іншых сілавікоў. Але Павел Чачотка гэтую версію абверг. Пры гэтым згадаў, што працягвае службу ў міліцыі.
Выбіральная праверка
Наталлі Каралёвай пашанцавала менш, чым калегам. У 2018 годзе яе, на той момант старшую следчую Кастрычніцкага раённага аддзела СК, выклікалі на допыт.
Прычынай сталі паказанні аднаго з абвінавачваных. Ён сцвярджаў, што яго памагаты меў з Наталляй рамантычныя стасункі. Яна нават нібыта прысутнічала пры фасоўцы бубак на арандаванай кватэры каханка. Гэтыя паказанні мужчына паўтарыў на вочнай стаўцы з тым самым памагатым. Той усё адмаўляў.
Адхрышчвалася ад абвінавачванняў і Наталля. На допыце яна сцвярджала, што не знаёмая з фігурантамі «макавай справы», акрамя аднаго: яго яна дапытвала як пацярпелага па іншым кейсе некалькі гадоў таму.
Пры гэтым Каралёва сказала, што неаднаразова бачыла гэтага мужчыну на курылцы Кастрычніцкага РУУС у кампаніі аператыўнікаЮрыя Голубева.
Абвінавачвання Наталлі не выставілі. Аднак яе – адзіную з сілавікоў – хаця б фармальна праверылі. Для гэтага хапіла паказанняў аднаго абвінавачванага. Астатнія ж засталіся па-за падазрэннямі, хаця фігуравалі ў расказах некалькіх чалавек. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што расследаванне вялося непаслядоўна.
Наш журналіст патэлефанаваў па нумары, які на яе зарэгістраваны. Жанчына, якая падняла слухаўку, назвалася Наталляй Каралёвай, але, пачуўшы пра «макавую справу», сказала, што мы памыліліся нумарам, і адмовілася адказваць на пытанні.
На курылцы Кастрычніцкага РУУС
На допыце следчая Каралёва згадала Юрыя Голубева – аператыўніка Кастрычніцкага РУУС.

Пра яго ж расказваў адзін з абвінавачваных па «макавай справе». Паводле яго слоў, Голубеў «супрацоўнічаў» з наркагандлярамі, за што атрымліваў грошы і падарункі. У 2016 годзе ён гэтыя кантакты спыніў, таму што пра іх стала вядома галоўнаму ўпраўленню ўласнай бяспекі (ГУУБ).
Па факце гэтых паказанняў Голубева не правяралі. Больш за тое, нягледзячы на абвінавачванні ў сувязях з наркабізнэсам, ён атрымаў павышэнне. У 2018 годзе яго прызначылі старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах ГУУС. Паводле дадзеных «Кіберпартызан», ён займаў гэтую пасаду як мінімум да 2021 года.
Журналіст «Бюро» звязаўся з Юрыем Голубевым па тэлефоне, але той адмовіўся адказваць на нашыя пытанні.
Макавая бухгалтэрыя
«Бюро» выявіла супярэчнасці і ў разліках следчых адносна прыбытку наркагандляроў.
Звярніце ўвагу: у 2013 годзе, яшчэ да прыняцця «антымакавага дэкрэта», Мікалай Карпянкоў у інтэрв’ю СБ расказваў, які ў Беларусі стан спраў з бубкамі. Закрануў і фінансавы бок праблемы:
«Аптовыя гандляры бубкавай сыравінай – вельмі заможныя людзі. На атрыманыя звышпрыбыткі яны набываюць дамы і дарагія машыны, вучаць дзяцей у прэстыжных еўрапейскіх школах і ВНУ і ездзяць папраўляць здароўе на дарагія курорты».
Гэта сугучна з паказаннямі наркагандляроў на допытах, якія зафіксаваныя ў матэрыялах «макавай справы». Фігуранты паведамілі, што зараблялі тысячы долараў за месяц, сем’ямі лёталі на адпачынак за мяжу. Пацвярджэнні гэтым паказанням маюцца ў матэрыялах праслухоўвання абвінавачваных.
Расказалі наркагандляры і пра расходы – то бок хабар міліцыянтам за «крышу». Агульная сума выплат з 2011 па 2017 гады, паводле іх слоў, перавысіла 475 тыс. долараў. Грошы акрамя сілавікоў, пра якіх мы ўжо расказалі, атрымлівалі супрацоўнікі ГУУБ, а таксама Кастрычніцкага, Фрунзенскага, Савецкага, Заводскага і Маскоўскага РУУС Мінска.
Аднак следства праігнаравала гэтыя паказанні і не ўлічыла іх пры разліку прыбытку наркагандляроў. З-за гэтага іх высновы выглядаюць сціпла: нібыта за тры з лішкам гады абвінавачваныя зарабілі 268 тыс. рублёў (143 тыс. долараў). То бок усяго каля 7 тыс. рублёў (3,7 тыс. долараў) на чалавека за ўвесь час, або 170 рублёў (90 долараў) на месяц. На такія грошы не тое што на курорты не з’ездзіш – на іх пражыць не атрымаецца.
Тайны следства
Чаму следства праігнаравала шматлікія паказанні на сілавікоў ад наркагандляроў? Чаму ў матэрыялах перададзенай у суд справы няма інфармацыі пра хабар? Чаму заключэнне следчага адносна прыбытку наркагандляроў значна меншае за сумы, якія абвінавачваныя самі называлі на допытах?
Таму што ў паказаннях пра «крышу» гаворка ішла ў тым ліку пра часы, калі наркакантроль узначальваў Карпянкоў. Калі б гэтыя гісторыі выйшлі на паверхню, цень упаў бы і на яго. Давялося б адказваць за тое, што дапусціў карупцыю ў сваім ведамстве.
Сітуацыя патавая: «макавая справа», якую Карпянкоў так адчайна раздзьмуваў, каб зрабіць сваім выратавальным кругам, магла канчаткова яго патапіць. Але здзейсніўся цуд.
Следчы Прахарэнкаў, блізкі з падначаленым Карпянкову ГУБАЗіКам, не стаў праводзіць праверку ў дачыненні да сілавікоў. Ён проста праігнараваў «нязручныя» паказанні. Міліцыянеры, на якіх іх далі, пацвердзілі ў размове з журналістам «Бюро», што ніякіх праверак у дачыненні да іх не праводзілі.
Пратаколаў праверкі не было і ў следчых матэрыялах. Асобная вытворчасць з «макавай справы» таксама не вылучалася. Пра гэта сведчаць дадзеныя «Кіберпартызан». Мы таксама накіравалі запыт у галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС з просьбай пракаментаваць, ці правярала яно паказанні абвінавачваных. Там адказалі, што гэтая справа не адносіцца да іх кампетэнцыі.
Былыя следчыя, з якімі гутарыў журналіст «Бюро», зазначылі: для Цэнтральнага апарата СК, які вёў справу, такое нядбайнае стаўленне да паказанняў пра «крышу» не ўласцівае – іх павінны былі праверыць.
Раз гэтага не здарылася, значыць, на тое былі прычыны. Каб даведацца пра іх, «Бюро» накіравала афіцыйны зварот у Следчы камітэт і Генпракуратуру. У ведамствах адмовіліся ад каментараў.
Магчыма, абвінавачванні супраць сілавікоў не ўспрынялі ўсур’ёз. Гэта было б дзіўна, улічваючы, што следства шмат у чым абапіралася на прызнаўчыя паказанні затрыманых. Менавіта яны далі ўяўленне пра каналы паставак і маштабы бубачнага бізнэсу. Тыя ж людзі расказалі пра «крышу» – аднак такія паказанні следства ўжо не зацікавілі.
Складваецца парадаксальная карціна: чалавек прызнаецца ў сваіх злачынствах – яго слухаюць, расказвае пра сувязі з міліцыяй – прапускаюць міма вушэй.
Улічваючы ўсе абставіны, найбольш імаверным «Бюро» падаецца іншы варыянт. Следства наўмысна заплюшчыла вочы на паказанні супраць сілавікоў, каб не шкодзіць рэпутацыі Карпянкова і ГУБАЗіКа. На карысць гэтай версіі гаворыць і той факт, што дзейнасць «злачыннай арганізацыі» вырашылі адлічваць з 2015 года – то бок з часу, калі Карпянкоў ужо не меў дачынення да наркакантролю. Гэта пры тым, што абвінавачваныя расказвалі, як займаліся збытам бубак задоўга да гэтага.
Ёсць у матэрыялах «макавай справы» яшчэ адна дэталь, якая магла сур’ёзна нашкодзіць Карпянкову і была праігнараваная следствам. Адзін з абвінавачваных на допыце сцвярджаў, што Карпянкоў таксама атрымліваў грошы ад наркагандляроў – ён стаяў на вяршыні піраміды размеркавання выплат за «крышу». Агульная сума хабару яму нібыта дасягала 110 тыс. долараў.

Праверку ў дачыненні да Карпянкова па факце гэтых паказанняў не праводзілі. Так, супраць яго было толькі адно сведчанне – аднак у выпадку са следчай Каралёвай гэтага аказалася дастаткова для выкліку на допыт.
Журналіст «Бюро» патэлефанаваў Мікалаю Карпянкову, каб узяць у яго каментар пра «макавую справу». Той адказаў крыкам:
«Што ты за х..ню нейкую нясеш? Заткніся, б..ць! Што ты за даў..ёб? Адкуль ты ўзяўся, б..ць? За «крышу» хабар, б..ць! Ідзі на х..й!»
У пагоні за ўладай
На першы погляд, кар’ера Мікалая Карпянкова здаецца ўзорна-паказальнай. Дзесяцігоддзі ў сістэме, адно павышэнне за другім, ганаровыя пасады. Але калі прыглядзецца, можна ўбачыць, што ўсё гэта – вынік маніпуляцый, ахвярамі якіх рабіліся звычайныя людзі.
Узначальваючы наркакантроль, Карпянкоў не змагаўся з сапраўднай пагрозай, а зарабляў службовыя ачкі, «праціскаючы» эфектны, але, па сутнасці, бескарысны дэкрэт. Пры гэтым пад ягоным носам квітнела карупцыя: падначаленыя, паводле шматлікіх сведчанняў, «крышавалі» гандаль наркотыкамі. Не выключана, што і сам Карпянкоў меў да гэтага дачыненне.
Перайшоўшы ў ГУБАЗіК, ён апынуўся ў цэнтры апаратнай барацьбы – і вырашыў гуляць брудна. Напляваўшы на беларускае заканадаўства і міжнародныя дамовы, Карпянкоў ініцыяваў крымінальную справу ў надзеі выслужыцца перад начальствам. А непрыемныя дэталі, якія адкрыліся ў працэсе, яго «кішэнны» следчы пахаваў у архівах. Ахвярамі гэтага паказнога працэсу сталі 29 чалавек. Некаторыя з іх дагэтуль сядзяць за кратамі.
Але гэта не адзіны выпадак беззаконня, а прынцып працы, які Карпянкоў усталяваў у ГУБАЗіКу. Падраздзяленне, якое некалі лічылася элітным, пад яго кіраўніцтвам стала канвеерам фальсіфікацый. Яны былі настолькі абуральнымі, што раззлавалі нават Лукашэнку. Летам 2019 года ён абрынуўся на ГУБАЗіК з крытыкай:
«Фальсіфікацыя падчас расследавання крымінальных спраў такая, што лепей бы вы не распачыналі гэтыя крымінальныя справы. Некаторыя ў пагонах такога нахабства набраліся, што яны проста не павінны іх насіць. Ці бачыце, вызначаюць лёсы! Уварваўшыся ў дом пры дзецях, цяжарных жонках, пакласці чалавека мордай у падлогу, заламаць рукі, паламаць некалькі рэбраў, і страсенне мозгу – гэта як мінімум. Гэта бязглуздыя людзі, якім не месца ў праваахоўнай сістэме».
Нягледзячы на ўсе старанні, пасля «макавай справы» кар’ера Карпянкова ўсё яшчэ вісела на валаску. Здавалася, магчымасцяў для манеўру ўжо не засталося. Аднак у 2020 годзе здарылася непрадбачанае: у Беларусі выбухнулі пратэсты, і рэжыму тэрмінова спатрэбіліся тыя самыя «бязглуздыя людзі», гатовыя на любую жорсткасць. Карпянкоў апынуўся ў першых шэрагах. Патапіўшы вуліцы Мінска ў гвалце і крыві, ён нарэшце атрымаў жаданае – уладу.