«Бюро» стала сябрам глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў GIJN

Беларускі расследавальніцкі праект «Бюро» далучыўся да GIJN — аднаго з найбольш уплывовых аб’яднанняў журналістаў-расследавальнікаў у свеце. Пра гэта гаворыцца на сайце арганізацыі.

Рашэнне аб далучэнні было аднагалосна ўхвалена Саветам дырэктараў GIJN. Акрамя «Бюро» у склад асацыяцыі прынялі яшчэ 11 расследавальніцкіх праектаў. У выніку агульная колькасць чальцоў GIJN дасягнула 263 арганізацый з 97 краін.

«Мы ганарымся і рады вітаць 12 новых арганізацый-сябраў. Іх праца выбітная і натхняльная. У той час як усё больш чальцоў нашай супольнасці падвяргаюцца нападам у сваіх краінах, наяўнасць актыўнай супольнасці, якая дзеліцца досведам, ідэямі і трымае ўладу пад кантролем, важней, чым калі-небудзь. Мы з нецярпеннем чакаем працягу развіцця сувязяў паміж нашымі членамі, таму мы працягваем умацоўваць наш патэнцыял як супольнасці», — сказала Эмілія Дыяс-Струк, выканаўчая дырэктарка GIJN.

GIJN, ці Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў, — гэта група незалежных журналісцкіх арганізацый, якія падтрымліваюць навучанне і абмен інфармацыяй паміж журналістамі ў галіне расследавальніцкай журналістыкі. Заснаваная ў 2003 годзе. 

baj.media