Беларусы-сыравары з-пад Кракава: «У Польшчы сельская гаспадарка лепш развіта, чым у Беларусі. Няма праблем набыць корм, можна супрацоўнічаць з рэстарацыямі»

Гісторыі беларусаў, якія з’ехалі з краіны і адкрылі бізнэс за мяжой працягвае расказваць «Салiдарнасць». Сёння разам з BY_MAPKA «Салідарнасць» расказвае цёплую гісторыю беларусаў, якія самі вырабляюць сыры ў вёсцы пад Кракавам.

Калісьці Юлія і Аляксей жылі ў Менску, вялі ўласны бізнэс: у іх была інтэрнет-крама з кармамі для жывёл і абсталяваннем сажалак. У 2016 годзе муж і жонка пераехалі на хутар у Браслаўскі раён, дзе пачалі вырабляць сыры. Але ў снежні 2021 года праз палітычную сітуацыю вырашылі з’ехаць з Беларусі і працягнуць свой бізнэс у Польшчы.

— Нам вельмі падабаецца жыць у сельскай мясцовасці, рабіць штосьці сваімі рукамі. Гэтая праца прыносіць радасць, таму ў нас і думкі не было кідаць яе, калі вырашым пераязджаць, — кажа Юлія.

Цяпер Юля з мужам здымаюць дом за 60 кіламетраў ад Кракава. Частку жывёл яны перавезлі з сабой, напрыклад, сабак і коней. Апроч іх, у суразмоўцаў «Салiдарнасцi» каля 20 авечак і прыкладна столькі ж коз.

— Калі мы толькі пераехалі, было шмат справаў, звязаных з пошукам жылля, легалізацыяй і пытаннямі, як легальна вырабляць свой сыр. Мы адкрылі тут нешта падобнае на асабістую падсобную гаспадарку. Для гэтага трэба мець свой статак гаспадарчых жывёл — усе яны павінны быць зарэгістраваны ў мясцовай сістэме.

Апроч гэтага, і нам, і ўсім жывёлам трэба было здаць аналізы, а таксама пробы вады. У нас усё было ў норме, таму пасля вынікаў аналізаў мы адразу пачалі працаваць. Час ад часу мы таксама павінны рабіць тэсты малака і аналізы жывёлам.

Адразу, як кажа Юлія, яны з мужам адзначылі важную дэталь: у Польшчы, у адрозненне ад Беларусі, яны могуць гандляваць з мясцовымі рэстарацыямі і ІП, якія хацелі б прадаваць іх прадукцыю.  

— У Беларусі, калі вы займаецеся вырабам малочнай прадукцыі, але не буйны вырабнік, нельга зрабіць сыр і адвезці яго ў рэстаран. Калі і можна, то гэта каштуе значна даражэй, чым у Польшчы, бо на кожны рэцэпт сыру патрэбен нейкі сертыфікат. У Беларусі мы адразу пакінулі гэтую думку, калі даведаліся, колькі гэта будзе каштаваць.

У Польшчы мы яшчэ не супрацоўнічалі з рэстаўрацыямі, але ведаем, што гэта значна прасцей. Пакуль у нас невялічкае вырабніцтва, бо мы толькі нядаўна атрымалі ўсе дакументы. Але хутка вясна, малака становіцца больш, таму да лета аб’ёмы прадукцыі будуць значна больш.

Прадаваць сваю прадукцыю вытворцы пачалі ў Польшчы, дзякуючы знаёмым — вялікая колькасць іх кліентаў з Беларусі таксама апынулася ў эміграцыі. Зараз, як кажа Юля, яны прадаюць свае сыры беларускай дыяспары:

— Як стала цёпла, мы адразу пачалі запрашаць беларусаў да нас у госці, каб людзі маглі прыехаць, пабачыць жывёл, пагладзіць і пазнаёміцца з намі.

Потым пачалі рабіць дэгустацыі, да нас прыязджала вельмі шмат беларусаў. Ім спадабаўся сыр, жывёлы, шмат з кім мы ўжо пасябравалі. Яны пачалі замаўляць у нас сыры, распавялі аб гэтым сваім знаёмым, калегам, суседзям. Вось так у нас пашырылася кола людзей. І зараз мы адсылаем сваю прадукцыю не толькі па Польшчы.

Казаць пра вялікія грошы пакуль што нельга, бо шмат ідзе на закупку абсталявання і пакавання. Таксама зімой козы і авечкі не даюць малака і не прыносяць даход.

Увесь продаж вырабніцтваў, як кажа суразмоўца, ідзе праз сацыяльныя сеткі. Больш за ўсё сыры Юлі і Аляксея ведаюць у Кракаве, таксама добрая частка прадукцыі ідзе ў Варшаву, Гдыню, Гданьск, Уроцлаў. Апроч Польшчы — у  Германію, Чэхію, Літву і Аўстрыю. Некаторыя даведаюцца аб бізнэсе беларусаў дзякуючы сервісу BY_MAPKA.

— Як толькі ў беларускіх чатах напісалі, што робяць мапу з бізнэсамі беларусаў, дык адразу мы там і зарэгістраваліся. Паставілі абазначэнне на мапе пра сябе, але часта шукаем там і іншыя беларускія сервісы. Напрыклад, калі трэба зрабіць рамонт аўтамабіля або абраць камусьці падарунак.

Гэта вельмі важна, бо вельмі шмат суайчыннiкаў з’ехалi з краіны. Тут вельмі не хапае аб’яднання, каб можна было паразмаўляць з беларусамі, таксама хочацца заўсёды падтрымаць сваіх.

На пачатку зімы ў нас была складаная сітуацыя з сенам, прыбыткам, бо не было шмат замоваў, і мы прасілі дапамагчы, каб у нас атрымалася купіць першапатковы набор кармоў для жывёл, і нам дапамаглi беларусы.

Зараз, калі ў нас ёсць у саміх магчымасць дамагаць, мы гэта робім. Гэта вельмі крута, што беларусы робяць нешта накшалт віртуальнай краіны, якая працуе па ўсім свеце.

У зімовы перыяд, калі жывёлы не пасуцца, Юля і Аляксей пачынаюць сваю працу а восьмай раніцы. Тры разы на дзень яны кормяць жывёл, у астатні час займаюцца вырабам сыроў і глазураваных сыркоў. Зусім хутка наступіць перыяд, калі прыйдзецца даіць коз і авечак два разы на дзень, а таксама выводзіць іх пасвіцца.

— Крута, што тут няма ніякіх праблем купіць корм для жывёл. Анлайн можна знайсці авёс, ячмень, пшаніцу — гэта нам вельмі падабаецца. У Беларусі набыць сена і асабліва зерне было праблемай. Увогуле, мы заўважылі, што сельская гаспадарка ў Польшчы супер развіта ў параўнанні з Беларуссю. Тут быць фермерам — ганарова.

Такіх маленькіх вырабніцтваў, як у нас — вельмі многа ў Польшчы, больш, чым у нас. Шмат хто вырабляе каўбасы, вяндліну — палякі гэта вельмі любяць. Робяць таксама шмат хлеба, пякарні, падаецца, ёсць у кожнай вёсцы. Вялікая розніца з Беларуссю таксама з абсталяваннем для фермы, кармамі.

Фермераў у Польшчы падрымлівае дзяржава, дадае жанчына. Напрыклад, створана вельмі шмат датацыйных праграм, дзякуючы якім дзяржава можа пакрыць значную частку выдаткаў на абсталяванне.

У Юлі і Аляксея як раз у планах даведацца, ці змогуць ім дапамагчы з купляй неабходнага для іх абсталявання. Зараз яны рыхтуюцца да летняга сезона і павелічэння продажаў, каб яшчэ больш цешыць беларусаў улюбёнымі прысмакамі.

— Летам да нас у госці прыязджаюць не толькі ў выходныя, але і ў звычайныя дні, таму працы будзе шмат. Дарэчы, па запыце беларусаў у эміграцыі мы пачалі вырабляць глазураваныя сыркі: ёсць з белым шакаладам і суніцамі, млечныя з вішняй, какосавыя і іншыя — зараз гэта наш самы папулярны прадукт. А вось сярод сыроў беларусы больш за ўсё любяць з цвіллю, а таксама халлумі і рыкоту.

BY_MAPKA – гэта карта беларускага бізнесу за межамі Беларусі. Для ўсіх, хто хоча падтрымаць бізнес беларусаў і атрымаць якасныя паслугі ці тавары. Не забывайце заходзіць!

Кацярына Батлейка, gazetaby.com