
Трэці год у падляшскай вёсцы Махнатэ (Mochnate) працуе артсядзіба, якая актыўна супрацоўнічае з беларускімі мастакамі. Яе гаспадар – Валянцін Сельвясюк, які ў маладосці актыўна ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху. „Радыё Рацыя“ паразмаўляла з ім і пра яго ўласную беларушчыну, і пра беларускае мастацтва.
РР: Вы шмат пабачылі свет, жылі ў розных краінах, але вярнуліся ў родную вёску. Чаму так адбылося?
Валянцін Сельвясюк: Па-першае, я тут нарадзіўся. У гэтай вёсцы, якая называеца Махнатэ. Старая вёска, пра яе першыя пасведчанні запісаныя з 1570 году, калі дваранін Вялікага Княства Літоўскага Астафій Галецкі пасля Люблінскай уніі, праехаўшы па заходнім краі Белавежскай пушчы, якая тады называлася Камянецкая, заснаваў шэсць асочніцкіх вёсак. Людзі, якія тут жылі, былі асочнікамі. Мелі свае правы і абавязкі перад каралём. Пасля Люблінскай уніі мы далучыліся да польскай кароны. Гэта старая вёска, у якой я нарадзіўся, у якой пражыў добрую частку свайго жыцця і ніколі не губляў з ёй сувязь. Дзе б я ні жыў, я рэгулярна сюды прыязджаў. І вось ужо 6-7 гадоў як я тут большасць часу пражываю, дзякуючы такім глабальным абставінам, найперш быў кавід, які нас прымусіў жыць недзе ў ізаляцыі, потым прыйшла вайна расейска-украінская. Я да гэтага жыў у Кіеве, пераехаў сюды, і цяпер, дзякуючы і сродкам інфармацыі і агульнай абстаноўцы, магу працаваць не выязджаючы. І мне было вельмі цікава вярнуцца ў гэтую краіну, на Падляшша, у такім блізкім разуменні, і ў Польшчу, у больш шырокім, гэта не тая Польшча, у якой я жыў у 80-ыя гады, цяпер гэта зусім другая краіна. Вось так я і вярнуўся ў сваю родную вёску.
РР: Вы ў маладосці ўдзельнічалі ў беларускім руху, былі сябрам студэнцкіх беларускіх згуртаванняў. Ці засталася ў вас гэтая беларуская дзейнасць, не гуляеце сувязь з тым часам і з тымі беларускімі справамі?
Валянцін Сельвясюк: Гэта немагчыма. Гэта тое, што ў нас залажылася ў 80-ыя гады, у час, калі тут была даволі вялікая група моладзі, у асноўным студэнтаў, беларусаў з Беласточчыны, якія адчулі сваю нацыянальную годнасць, калі яны вырашылі пашукаць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, і тады стварыўся гэты студэнцкі рух вакол арганізацыі БАС (Беларускае аб’яднанне студэнтаў), з рознымі там нюансамі. Але гэта сёння ўжо няважна. Гэта быў такі касцяк. І гэта на ўсё жыццё, і гэта нас трымае, такая сувязь, такая ідэалагічная моц. Не важна, дзе б мы ні жылі, мы маглі нават не сустракацца доўгі час, але калі мы бачымся, то мы, можна сказаць, аднадумцы.
РР: На вашай артсядзібе вы ладзіце розныя імпрэзы з мастакамі, тут яны працуюць падчас рэзідэнцый. Наколькі вы самі задзейнічаны ў мастацкі рух? Ці збіраеце, напрыклад, мастацкую калекцыю?
Валянцін Сельвясюк: Так, у мяне ўжо даволі немалая калекцыя мастацтва. Я дарэчы першыя творы ў сваю калекцыю набыў, калі быў студэнтам, калі ездзіў у Беларусь у канцы 80-х гадоў. Напрыклад, Ігара Кашкурэвіча. Я па адукацыі гісторык мастацтва. То гэтая тэма мяне ўвесь час цікавіла. Ёсць у мяне цяпер даволі багатая калекцыя. Не толькі беларускіх мастакоў, але ў асноўным беларускіх. Таму што я вырашыў у апошні час на гэтым канцэнтравацца. Тым больш, што тры гады ўжо дзейнічае наш фонд MochnArte, які дапамагае мастакам, дае ім магчымасць працаваць у нас у рэзідэнцыі. Гэта і магчымасць пазнаёміцца з мастакамі, і час ад часу набыць іх творы ў сваю калекцыю.
