
Ці далей этнадызайн запатрабаваны? Зараз летні сезон у разгары. Дзеці маюць канікулы, таму цэлыя сем’і часта супольна ездзяць на экскурсіі. Праходзіць шмат культурных мерапрыемстваў, фэстаў і канцэртаў, а гэта таксама выдатная нагода для прадаўцоў. У тым ліку і для тых, якія займаюцца этнадызайнам. Яшчэ некалькі гадоў таму этнічныя сімвалі можна было пабачыць не толькі на вопратках, але таксама завушніцах, галаўных уборах ці шкарпетках. Як гэта выглядае зараз? Ці цішотка з народным арнаментам больш задавальняе пакупніка, чым белая гусь, або пачварка Стіч?
Пра гэта „Радыё Рацыя“ пагутарыла з Уладзімірам, які вядзе анлайн этнакраму.
РР: Памятаю, што гадоў 5-6 таму мода на этнадызайн была пашыраная і ўзнікала многа такіх крамаў, напрыклад, з вопраткай, сувенірамі, якія былі інспіраваныя беларускай народнай культурай і сімволікай. Як гэта сёння выглядае? Мне здаецца, што на мапе такіх крамаў застаўся толькі ты.
– Па-першае, у мяне няма крамы, а гэта мае такія творчыя памкненні. Як кажуць, часамі паэт піша ў стол, а потым дастае, і аказваецца, што ён адзіны такі папулярны. Скажу так, што попыт на нацыянальны беларускі арнамент не знік. Больш за тое, за апошнія пяць гадоў мы ведаем, што з-за падзеяў у суседняй дзяржаве, ва Украіне, людзі мусяць шукаць больш спакойнае месца для жыцця, і яны многія ў Польшчы. І я бачу, што павялічваецца колькасць імпрэзаў з удзелам, у тым ліку і украінкай дыяспары. І арнаменты ёсць.
Мерапрыемствы, якія робяць беларусы, таксама не знікаюць, калі тут згадваць стацыянарныя крамы, то магчыма гэта не такія вялікія бізнесы, як сеткавыя крамы, якія маюць вялікую грашовую падтрымку. Гэта перадусім нейкія лакальныя ініцыятывы.
І я думаю, што проста мяняецца фармат прадстаўлення. Я за апошні месяц наведаў шматлікія малыя фэсты па Падляшшы і бачыў, што не зніклі народныя калектывы, якія выкарыстоўваюць арнаменты ў сваіх сцэнічных касцюмах. І таксама, калі спяваюць беларускія народныя песні, разам з украінскімі, з польскімі, і такім чынам вяртаюць нас да патрэбы асэнсавання, што такое арнамент.
