Праблемы з лагістыкай? Не, не чулі! Як працуе крама беларускіх сувеніраў у Батумі

Маштабныя хвалі беларускай эміграцыі, якія пачаліся ў 2020-м і не заканчваюцца дагэтуль, нават у нечым карысныя. Яны паказалі беларусам, наколькі ўсё ж маленькая нашая планета. Разам з Bymapka «Новы Час» працягвае глядзець на беларускі бізнес, які — у сённяшнім выпадку, — трымае сувязь паміж краінамі і кантынентамі.

Андрэй Мялешка

Андрэя Мялешку ў Гародні ведалі не толькі як журналіста і філатэліста. Ад канца 1990-х гадоў у яго была крама па продажы беларускай сімволікі. У вымушанай эміграцыі (праўда, сам ён пазбягае слова «эміграцыя», а кажа, што ў Батумі ён у «працяглай камандзіроўцы») Андрэй не кінуў сваю справу. Але яна значна змянілася.

— У Гародні ў мяне была крама па продажы нацыянальнай сімволікі з 1997 па 2003 год. Потым мы мелі шчыльную супрацу з хлопцамі з гарадзенскай крамы «Адметнасць» — ім мы аддавалі на рэалізацыю вырабы, якія рабіла мая жонка. Пад час кавіду гэта былі маскі, лялькі ўсялякія… А ў часы рэпрэсій гарадзенская «Адметнасць» была зачыненая.

Калі я перабраўся, сюды, у Батумі, я пачаў гандляваць сімволікай тут — таму што перавёз сюды частку тавараў «Адметнасці». Частку тавараў мне далі людзі з іншых крамаў Беларусі, дзе тавары не паспелі канфіскаваць. Напрыклад, мы супрацоўнічаем з былым баранавіцкім «Росквітам», які перад 2022 годам зачынілі ў Баранавічах. Цішоткі і байкі ў мяне — ад «Росквіту».

Калі казаць пра астатняе, то тут дзіўная сітуацыя. Частку тавараў робіць Вадзім Саранчукоў, які цяпер выконвае абавязкі старшыні Партыі БНФ, і знаходзіцца ў Вільні, — гэта завушніцы за «Пагоняй», напрыклад. Частку тавараў робіць у Італіі спадарыня Тарасевіч, якая прадстаўляе Народную амбасаду Беларусі ў Італіі. Кубкі мы робім тут, на месцы. Значкі — амаль усе — гэта гарадзенская «Адметнасць», якая цяпер знаходзіцца ў польскім Уроцлаве.

Таксама частку тавараў, якую можна бачыць на нашых палічках, майстры робяць тут, у Грузіі — шалікі, шкарпэткі рукавічкі. Гэта робяць людзі, якія жывуць у Батумі і даюць нам гэта ўсё на рэалізацыю.

Біжутэрыя ад Вадзіма Саранчукова і не толькі

Такім чынам, у грузінскім Батумі збіраюцца беларускія тавары з розных куткоў Еўропы. Прычым Андрэй кажа, што не лічыць гэта «інтэрнацыянальнай» працай, бо ўсё, што ён прадае тут, вырабляюць беларусы.

Дзіўна, але ў яго няма праблемаў з лагістыкай.

— Працуе пошта, прывозяць людзі, якія сюды прыязджаюць з розных гарадоў і краін: «Вось вам пакет, вось вам перадалі». Ёсць магчымасць аплаціць замову ў іншых краінах, альбо перадаць грошы наяўнымі. Так што ўсё нармальна. Гэта, канешне, не мусульманскі варыянт, калі ты можаш пазычыць грошы ў мячэці ў адной краіне, а аддаць іх у мячэці іншай краіны. У мусульман гэта ў парадку рэчаў. Але, я думаю, калі беларусы не будуць сварыцца паміж сабою, мы і да гэтага дарасцем.

Дзіўна, праўда? У той час, як беларускія ўлады стогнуць і скардзяцца на парушаную лагістыку, прыватны беларускі бізнес не толькі развівае сувязі з іншымі краінамі, але і марыць аб стварэнні сваёй фінансавай сістэмы!

Байкі і цішоткі ад «Росквіту»

«Беларус беларусу беларус»

Даволі працяглы час Андрэй Мялешка гандляваў сімволікай, як кажуць, «з колаў», але ўрэшце ў яго атрымалася і адчыніць сваю невялічкую краму. І, як толькі ён гэта зрабіў, адразу ж зарэгістраваўся і на Bymapka.

— Карысць Bymapka ў тым, што людзі могуць бачыць сваіх беларусаў, якія знаходзяцца тут, побач з імі, каб працаваць па прынцыпе «беларус беларусу беларус». — тлумачыць Андрэй. — Каб беларусы звярталіся да іх па паслугі, па нейкія штукі, па рамонты… Гэта ўсё вельмі карысна, і вельмі дапамагае. Я лічу, што Bymapka для таго і патрэбная, каб беларусы звярталіся адзін да аднаго менавіта такім чынам.

Калі казаць пра прадуктыўнасць працы сервісу — тут 50 на 50. Трэба, каб самі прадстаўнікі Bymapka таксама рэкламавалі гэтую платформу ў чатах беларусаў замежжа, у розных тэлеграм-каналах беларусаў, іншымі спосабамі. Калі гэта будзе хаця б раз на тыдзень, то праца будзе эфектыўная. Таму што цяпер, як мне падаецца, шмат хто з беларусаў на Bymapka проста забыўся.

— А ты сам карыстаўся паслугамі з Bymapka?

— Так, канешне. Неяк мне трэба было адрамантаваць дзверы — я звяртаўся да беларусаў, якія займаюцца рамонтам. Дробны рамонт тэхнікі, беларускія прасторы, якія ёсць на Bymapka — гэтым я карыстаўся. І, канешне, перыядычна раіў іншым карыстацца паслугамі беларусаў з Bymapka, каб нашыя суайчыннікі, якія жывуць у Грузіі, падтрымлівалі адзін аднаго.

Я зарэгістраваўся ў Bymapka, каб паказаць сваю прысутнасць. Я лічу гэты рэсурс яшчэ і інструментам, які паказвае беларускую прысутнасць у свеце.

Цёплыя шкарпэткі вяжуць у Батумі

Нешта большае, чым бізнес?

— Ты не лічыш, што Bymapka можа стаць не толькі бізнес-сервісам, але і нейкім сацыяльным інструментам, інструментам фармавання беларускай супольнасці, праз які беларусы будуць яднацца, — не толькі набываць адзін у аднаго паслугі і тавары, але і знаёміцца, больш шчыльна кантактаваць…

— З аднаго боку так, а з іншага — ці патрэбна гэта Bymapka? У нас тут ужо ёсць сфармаваныя супольнасці, арганізацыі, ёсць беларуская дыяспара ў Аджарыі, якая аказвае дапамогу беларусам. Проста Bymapka і гэтыя арганізацыі павінны працаваць разам. Калі Bymapka будзе супрацоўнічаць з беларускімі арганізацыямі і супольнасцямі, тады гэта будзе вельмі добра.

Павінен быць прадстаўнік Bymapka, які скажа, напрыклад, «Я прадстаўляю Bymapka у Батумі, калі ласка, па гэтым сервісе ўсе пытанні да мяне, я магу скаардынаваць нейкія супольныя дзеянні, нейкія бізнес-сустрэчы, і не толькі бізнес». Калі так будзе, то гэта будзе супер. Гэта такая ідэя.

Паводле Андрэя, яго крама толькі-толькі афіцыйна адчынілася. Але ўжо цяпер да яго прыходзяць людзі, і не толькі набываюць, але і замаўляюць беларускія сувеніры і сцягі.

Дарэчы, Bymapka можа і падказаць, у якой краіне ёсць беларускі бізнес, з якім можна супрацоўнічаць. А праблемы з лагістыкай, як бачым, цалкам вырашальныя.

Сяргей Салаўёў, novychas.online