З спазьненьнем да нас у Эўропу даляцела сумная вестка: 23 студзеня 2023 году ў далёкай Аўстраліі ў Пэрце на 95-ым годзе жыцьця памерла ўкраінска-беларуская дзяячка Вольга Качан, паведамляе «Новы Час».
Вольга нарадзілася на Валыні ва ўкраінскай сям’і. Навучалася ў Варшаве, потым у Чэхаславаччыне. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў 1950 перабралася ў Аўстралію, дзе пабралася шлюбам зь беларусам Аракадзем Качаном (1921-1982), вядомым грамадзкім і вайсковым дзеячом беларусаў Аўстраліі. Вольга і Аркадзь пазнаёміліся яшчэ ў лягеры для перамешчаных асобаў у Нямеччыне. Праз мужа Вольга далучылася і да беларускай справы.
Мела выдатныя моўныя здольнасьці: яшчэ ў вайну працавала перакладніцай ва ўстановах ЮНРРА (Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па дапамозе і аднаўленьні) і ІРО (міжнародная арганізацыя справаў уцекачоў) у Нямеччыне. Ліставалася на выдатнай беларускай мове з лёнданаскай Скарынаўкай, галоўным чынам з айцом Аляксандрам Надсанам. У Скарынаўцы захоўваюцца як лісты Вольгі Качан, так іх супольныя з мужам лісты. Словам і грашыма падтрымлівала беларускую справу: ахвяравала на Скарынаўку і на беларускія газэты Аўстраліі.
Пасьля сьмерці мужа ў 1982 годзе падтрымлівала сувязі з Скарынаўкай, Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва. Пісала пра беларусаў Аўстраліі па-ангельску, напрыклад, у 1988 годзе ў энцыкляпэдыі The Australian People: an Encyclopedia of the Nation, its People and their Origins (Аўстралійскі народ: энцыкляпэдыя нацыі, ейных людзей і іх паходжаньня).
Таксама пакінула ўспаміны па-ангельску пра гады, праведзеныя ў Польшчы, Чэхаславаччыне і Нямеччыне. У сеціве былі разьмешчаныя ўрыўкі ўспамінаў пад назвай «Уцёкі з “раю”».
У 1966 годзе скончыла Сыднэйскі ўнівэрсытэт (атрымала дыплём бакаляўркі псыхалёгіі з адзнакай першай ступені), а ў 1972 годзе атрымала ступень магістаркі. У 1966 годзе яна пачала працаваць выкладніцай псыхалёгіі, а ў 1988 годзе стала старэйшай выкладніцай катэдры псыхалёгіі ў Сыднэйскім унівэрсытэце ў Аўстраліі.
У траўні 2019 году Вольга Качан была ўзнагароджаная Падзячнай граматай імя Жаны Арно за ейны ўклад у паляпшэньне становішча жанчынаў і служэньне грамадзтву. Займалася псыхалінгвістыкай, мела акадэмічныя публікацыі на тэму псыхалягічных асноваў, аспэктаў білінгвізму. Асаблівую ўвагу прыцягнуў у 80-ыя гады мінулага стагодзьдзя ейны тэкст “Early Bilingualism: Friend or Foe?” (Раньні білінгвізм: сябар ці вораг?).
Пасьля сьмерці Аркадзя Качана пабралася шлюбам з вайсковым лекарам польскага паходжаньня Рамуальдам Стажэцкім. Але перажыла і другога мужа.
Жыла на пэнсіі ў Сыднэі да 2021 году. У 2021 годзе перабралася да сына Джорджа ў Пэрт. Пахаваная ў Сыднэі.
Уладзіслаў Гарбацкі, novychas.online
Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ шчыра смуткуе і выказвае спачуванні ўсім родным і блізкім спадарыні Вольгі Качан.