«Я ў сукенцы на абцасах у Гаазе». Рэсурсы і ўстаноўкі, якія дапамаглі перанесці гвалт у ГУБАЗіК і турму

Гэта размова «Новага часу» з былой палітзняволенай Вольгай Рытус пра тое, што ёй дапамагло справіцца ў экстраардынарных умовах гвалту, шантажу дзецьмі і ізаляцыі. Пра тое, як заставацца чалавекам у любых умовах і захаваць любоў у сваім сэрцы.

Вольга Рытус

Вольга Рытус была затрымана 12 красавіка 2022 года. Тры месяцы прабыла ў турме СІЗА-1. Яна была асуджаная паводле арт. 342 КК (Групавыя дзеянні, што грубыя парушаць грамадскі парад) за ўдзел у пратэстах 2020 года. 14 ліпеня суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў Вольгу да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Жанчыну вызвалілі ў зале суда. Вольга пакінула Беларусь і зараз жыве ў Польшчы.

Гвалт

— Вы распавядалі СМІ, што пасля затрымання вас павезлі ў ГУБАЗіК, дзе супрацоўнікі вас білі і вы страчвалі прытомнасць. Як вы гэта выносілі?

— Цяпер мяне пытаюцца, ці было мне балюча. Не. Я як быццам глядзела на сябе з боку. Напэўна, гэта нейкія ўнутраныя сілы.

Я разумела, што гэта ўсё часова. У іх працоўны дзень да шасці і мяне па законе павінны адвезці на Акрэсціна. Таму мне трэба проста пратрымацца гэты час. Гэта як уздыхнуў, набраў кіслароду і трымаешся.

Мне давала моц фраза з «Пагоні»: «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць».

Я пры іх ні разу не заплакала, успрымала гэтых людзей як зло, якія не вартыя маіх слёз і болю. Я вырашыла, што гэтыя людзі не ўбачаць мае эмоцыі, ні добрыя, ні дрэнныя. Тым самым я іх быццам знішчаю.

Трэба разумець, што гэтыя людзі ў любым выпадку слабейшыя за цябе. Калі мужчына б’е цябе ў галаву, гэта кажа пра яго слабасць. Я іх адразу абязлічыла, і тады па-іншаму ўспрымаеш тое, што адбываецца: ну атрымаю не тры ўдары, а шэсць, ну ок. Гэта іх злавала, бо яны адчуваюць тваю сілу.

— Такая ўстаноўка была першапачаткова?

— Такая тактыка выпрацавалася ўжо там. Калі мяне ўдарылі па галаве ў першы раз, калі заводзілі ў ГУБАЗіК, я адразу закрылася. Я зразумела, што хутчэй за ўсё мне давядзецца перанесці гвалт. Значыць, мне патрэбны рэсурс, каб захавацца і псіхалагічна, і фізічна. Таму я абрала такую тактыку — закрыцца. Нават цяпер, калі я распавядаю пра тыя моманты, то быццам гляджу кіно.

Усе свае эмоцыі я выплюхнула ўжо ў камеры на Акрэсціна, дзе былі іншыя дзяўчаты-палітвязні. Гэта была бяспечная тэрыторыя, дзе я змагла нарэшце выдыхнуць. Мяне там абнялі і сказалі: «Цяпер ты можаш плакаць». І я стала плакаць, бо мне было балюча фізічна і маральна, таму што гэта прыніжэнне, калі мужчыны б’юць цябе на падлозе і адпускаюць непрыстойныя жарты.

Шантаж дзецьмі

— Ці шантажавалі вас дзецьмі?

— Адразу ж. Калі разблакавалі мой тэлефон, мне паказалі фатаграфіі. На першай быў мой старэйшы сын на маршы, на той момант яму было 16 гадоў. На другім быў малодшы сын, яму было 10 гадоў. Ён у мяне малюе, і на фота ён на закінутай сцяне балончыкам маляваў домік. А на наступным кадры было фота бчб-сцяга, і яны сказалі: тваё дзіця гэта намалявала. Сказалі, што на першага сына завядуць крымінальную справу і пасадзяць, калі ён вернецца (ён ужо тады быў студэнтам у Польшчы), а другое дзіця забяруць у дзіцячы дом.

— Як вы гэта выносілі?

— Гэта адзіная рэч, якая цябе выбівае і вельмі складана стрымацца. Гэта сур’ёзнае маніпуляцыйнае ўздзеянне на жанчын, і яны гэтым актыўна карыстаюцца.

Я вельмі моцна спалохалася. Я думаю, яны гэта робяць, каб забіваць маральна. Ім нават важна не супрацоўніцтва, важней забіваць цябе як асобу. І тады я прыняла рашэнне, што захаваюся як чалавек, як асоба.

Я разумела, што мой старэйшы сын у бяспецы, праз адваката я перадам, каб ён не прыязджаў у гэтую краіну, а другога сына яны не змогуць забраць у дзіцячы дом, бо ў яго ёсць бацька, шмат сваякоў. Я ўключыла мозг і ўсё прааналізавала.

З малодшым сынам пасля вызвалення. Фота праваабаронцаў

— То-бок, у стрэсавай сітуацыі мозг уключаецца?

— У мяне, прынамсі, у складанай сітуацыі ён уключыўся. Напэўна, яшчэ і таму, што гэта ўжо быў не 2020 год, мы былі падрыхтаванымі.

Турма

— Што дапамагло перажыць ізаляцыю ў турме, у чым быў рэсурс?

— Першы рэсурс — у людзях, з якімі я сядзела ў камеры. Другі рэсурс — блізкія. Калі я атрымлівала слёзныя лісты ад мамы, то разумела, што павінна быць нармальнай і моцнай, каб падтрымліваць родных, выйсці фізічна і маральна здаровай, каб гадаваць дзяцей і жыць далей.

Трэці рэсурс — злосць, якой у мяне было вельмі шмат, мне хацелася адплаты. Гэта такая канструктыўная злосць — вы мяне не зламаеце, я буду прысядаць кожны дзень і «качать попу». Зразумела, што бываюць рэгрэсы, адкаты, але ты сябе за валасы цягнеш, бо ніхто, акрамя самой, цябе не дапаможа.

Калі на Акрэсціна ў камеры яшчэ можна было плакаць, то ў турме ўжо ў кожнага свае праблемы, і там на паплакаць — тры хвіліны, далей твае слёзы ніхто цярпець не будзе. Там мы становімся больш жорсткімі.

Увогуле глядзіш на турму і ахоўнікаў, як на часовы этап, быццам табе трэба праплысці па рацэ: будзе холадна і мокра, але гэта скончыцца.

— То-бок, вас трымала злосць і нацэленасць на будучыню?

— Так. У мяне была такая фраза: «Я хачу выступіць у Гаазе ў сукенцы і абцасах». Таму павінна быць здаровай, каб у мяне калені не балелі, каб я фізічна змагла сустрэцца з гэтымі людзьмі і паказаць ім, што яны не дамагліся таго, чаго хацелі. Хацелі зламаць мяне фізічна і маральна — не выйшла. Я прама візуалізавала гэтую карціну: я ў сукенцы і на абцасах у судзе ў Гаазе.

Чацвёрты рэсурс — кнігі, якія былі ў бібліятэцы ў турме. Напрыклад, Рэмарк «Іскра жыцця» (пра вязняў канцлагера — Рэд.). Мне параіла яе прачытаць Марына Золатава. Спачатку я псіханула: я не магу такое чытаць. На што яна сказала: ты па-іншаму паглядзі на гэтую кнігу, як людзі, якія ў зняволенні шмат гадоў, знаходзілі радасць у маленькіх рэчах. Ва ўсім трэба знаходзіць прыгожае, таму што гэта твой рэсурс. І яшчэ паменш ілюзій: маўляў, мы заўтра выйдзем і пераможам. Не. Зразумей, што гэта будзе невядома колькі, жыві ў моманце: сонца на вуліцы — крута, дождж — крута. Гэта, безумоўна, складана. Але калі мы не будзем знаходзіць радасць у маленькіх рэчах, то памром, псіхалагічна так дакладна.

Вольга Рытус пасля вызвалення. Фота праваабаронцаў

— Тое, што вы зараз адкрыта кажаце пра тыя рэчы, для чаго гэта робіце?

— Для тых людзей, якія засталіся там, для дзяўчынак, якія «з’ехалі» на вялікі тэрмін — гэта мой боль да слёз. У мяне калектыўная адказнасць. Я на волі і павінна рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб яны выйшлі хутчэй. Я думаю, што калі я прыцягваю ўвагу да тэмы палітвязняў, гэта нешта мяняе. І мне самой лягчэй — што я не бяздзейнічаю.

Ганна Кручкова, novychas.online