
Ужо тыдзень невядома, дзе прадстаўнік Фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў. Адвакат Алесь Міхалевіч у «Студыі» на «Белсаце» расказаў, чаму цалкам імаверныя найгоршыя сцэнары знікнення.
Кіраўнік міжнароднага аддзелу Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў 21 жніўня паляцеў з Варшавы ў Стамбул, вечарам таго ж дня перастаў выходзіць на сувязь. Сваякі Котава падалі заяву ў турэцкую паліцыю і ў консульства Польшчы ў Стамбуле. Турэцкія медыі паведамілі, што ў той жа дзень Котаў нібыта вылецеў у турэцкі горад Трабзон і пакінуў краіну праз чарнаморскі порт. Дырэктар Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін лічыць, што Котава маглі «неафіцыйна экстрадаваць». Што гэта значыць, у «Студыі» на «Белсаце» расказаў адвакат Алесь Міхалевіч.
Размова з Міхалевічам – ад 42-й хвіліны на відэа ніжэй.
Міхалевіч перадусім адзначае, што не існуе «неафіцыйнай экстрадыцыі». Гэта не экстрадыцыя, а фізічны прымусовы вываз чалавека. І гэта магчыма ў Турэччыне, якая не з’яўляецца дэмакратычнай краінай. Гэта аўтарытарная краіна, якая трымае палітычных зняволеных. Памежны кантроль на моры ў Турэччыне зусім нястрогі, кажа Міхалевіч.
Калі і праўда спецслужбы нейкай краіны вывозілі Котава морам, то чаму? Міхалевіч разважае:
«Калі гэта была нейкая дамова са спецслужбамі, спецслужбы такім чынам з цябе здымаюць адказнасць. А ён пакінуў праз памежны пераход, вось у яго была пячатка, ягоны пашпарт быў аформлены!»
Лічыцца, што памежны кантроль павінен праверыць, што чалавек паказвае свае сапраўдныя дакументы, што выязджае добраахвотна. Напраўду ж, дапускае Міхалевіч, Котава маглі проста «вывезці ў багажніку».
Турэцкія журналісты сцвярджаюць, што Котаў перасякаў мяжу не з пашпартам, а з польскім падарожным дакументам, які Польшча дае ў тым ліку беларусам, якія не могуць «абнавіць» пашпарт на радзіме. Міхалевіч называе гэта дзіўным: каб уехаць у Турэччыну з польскім падарожным дакументам (dokument podróży dla cudzoziemca), грамадзянін Беларусі мусіць атрымаць турэцкую візу – гэта з беларускім пашпартам можна ўехаць без візы. Наўрад ці Котаў афармляў візу – хутчэй, ехаў з беларускім пашпартам. З гэтага Міхалевіч робіць выснову: хутчэй, Міхалевіч выязджаў не добраахвотна, і можа, падчас гэтага быў непрытомны ці дзейнічаў пад пагрозай.
Знікненне Котава выклікае асацыяцыі са знікненнем спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Дзе яна, невядома ўжо амаль паўгода. Міхалевіч лічыць, што гэта розныя выпадкі: Котаў наўрад ці пакінуў Турэччыну добраахвотна. З вялікай доляй імавернасці Котава выкралі гвалтам. Сваякі Мельнікавай не змагаюцца публічна за інфармацыю пра яе, тады як сваякі Котава падалі заявы ў турэцкую паліцыю і ў консульства Польшчы ў Стамбуле. Міхалевіч дапускае, што сваякі Мельнікавай маюць з ёй кантакт.
«Нельга верыць беларускім уладам, – засцерагае Міхалевіч тых, хто можа паўтарыць лёс Мельнікавай. – Любыя гарантыі, якія будуць выстаўляцца беларускімі ўладамі, гэта не гарантыі. Яны могуць быць у любы момант парушаныя. Ім проста нельга верыць».
Калі Котаў добраахвотна пакінуў Турэччыну, то навошта ляцеў у Трабзон і плыў морам? Калі б хацеў у Менск ці Маскву, мог бы паляцець наўпроставым рэйсам, а не плыць да Сочы ці Батумі. Міхалевіч лічыць, што гэта значыць незаконны вываз. Афіцыйная экстрадыцыя – гэта доўгая працэдура, бо Турэччына ўдзельнічае ў Радзе Еўропы і прымае правілы Еўрапейскага суду ў правах чалавека. Калі вывозіць афіцыйна, то трэба даць права бараніцца. А калі плыць морам, можна скарыстацца «мікрадзіркамі» ў памежным кантролі, праз якія нашмат лягчэй вывезці чалавека з Турэччыны, бо гэта не аэрапорт, дзе на кожным кроку камеры назірання.
Паездкамі Котава ў Турэччыну Міхалевіч здзіўлены. Адна справа – проста апазіцыянер, які ніколі не быў часткай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Іншая справа – тыя, каго Лукашэнка лічыць «здраднікам». Гэта такія людзі, як Котаў, хто працаваў у дзяржаўных структурах – і таму выклікае ў Лукашэнкі асаблівую нянавісць. Такім людзям трэба вельмі асцярожна перасоўвацца за межамі Еўразвязу, бо для Лукашэнкі вельмі важна і вельмі сімвалічна пакараць любога «здрадніка».
Міхалевіч не раіць беларусам, якім пагражае палітычны пераслед, ездзіць у Турэччыну. Лепш у Албанію ці Чарнагорыю, якія для грамадзянаў Беларусі бязвізавыя, але ўваходзяць у NATO і імкнуцца ў Еўразвяз. Ён лічыць, што «было б дзіўным», калі спецслужбы не спрабавалі атрымаць – і ў пэўных выпадках атрымлівалі – звесткі пра браняванне гатэляў ці пакупкі квіткоў на самалёты. На гэта працуюць сотні людзей – і было б дзіўна, калі б яны не мелі ніякіх вынікаў.
