Святлана Калінкіна: «Калі адбываюцца масавыя пратэстныя акцыі, для іх, значыць, была падстава, быў падмурак»

Куды нясецца машына без тармазоў не ведае ніхто… Фота з адкрытых крыніц

Лаурэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Сяргею Ціханоўскаму да ранейшых 18 гадоў дадалі яшчэ паўтара года зняволення за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання. Завочны прысуд Святлане Ціханоўскай – 15 гадоў, Паўлу Латушку – 18 гадоў, Сяргею Дылеўскаму – 12 гадоў…

Праваабаронцам вядома больш чым пра семдзесят прыгавораў, так ці інакш звязаных з палітыкай, якія былі вынесены судамі толькі ў лютым гэтага года. Толькі за адзін месяц! Амаль у 60 працэнтах выпадкаў людзі атрымлівалі рэальныя тэрміны зняволення з адбыццём пакарання ў калоніях. 40 працэнтаў – гэта “хімія”, “хатняя хімія”, арышт. Такім чынам, і на трэцім годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў рэпрэсіўны канвеер у Беларусі не спыняецца, піша «Народная Воля».

На гэтым фоне Вярхоўны суд паведаміў мінулагоднюю статыстыку па справах “за карупцыю”. За 2022 год былі асуджаны 763 асобы, да пазбаўлення волі – 240 чалавек (31 працэнт), да абмежавання волі – 208, з іх да “хіміі” – 22 асобы, а пакаранне дома будуць адбываць 186 чалавек… Адтэрміноўка выканання пакарання была прызначана ў 208 выпадках, умоўнае пакаранне ўжыта да 16 асоб, траіх вызвалілі па амністыі.

Судзілі службовых асоб пераважна за крадзеж, хабар, злоўжыванне ўладай і перавышэнне ўлады.  І давайце задумаемся, што больш дыскрэдытуе дзяржаву – абразлівы каментарый у інтэрнэце, пакінуты нейкім карыстальнікам, ці службовая асоба, якой ад дзяржавы дадзены пэўныя паўнамоцтвы, а яна іх выкарыстоўвае сабе на карысць?

У нашым выпадку тыя, хто выходзіў на пратэсты з патрабаваннем справядлівых выбараў ці “няправільна” выказваўся ў інтэрнэце, для беларускай дзяржавы больш небяспечныя. І ўсе адказныя асобы дружна робяць выгляд, што так яно і ёсць, так справядліва.

Ціханоўскага, Ціханоўскую, Латушку і мноства іншых людзей суды і пракуроры абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Лічыцца, што менавіта з-за іх дзеянняў Беларусь скалыхнулі масавыя пратэсты. Але ці памятаеце вы зварот Святланы Ціханоўскай, у якім яна заклікала сваіх прыхільнікаў “не супрацьстаяць міліцыі, не выходзіць на плошчы”? Так, зварот быў запісаны пад ціскам, сама Святлана пасля гэтага выехала ў Літву. Але ж ён быў. Чаму не спрацаваў? Чаму людзі яго не пачулі і не паслухаліся? Чаму працягвалі ісці на маршы і іншыя акцыі? І выходзілі, і выходзілі…

Можа, таму, што справа не ў Ціханоўскай, Ціханоўскім, Бяляцкім, Латушку і так далей?

Можа, пратэставалі супраць таго, што наша дзяржава да службоўца-карупцыянера больш літасцівая, чым да простага чалавека, які не хоча каб яго падманвалі?

Можа, выходзілі на вуліцы і плошчы, каб улады пачулі ўвесь народ?

Можа, не маглі пагадзіцца з тым, што нехта падзяліў наш народ на “правільны” і “няправільны”?..

Кожнаму зразумела, што, калі адбываюцца масавыя пратэстныя акцыі, для іх, значыць, была падстава, быў падмурак. Ісці па шляху рэпрэсій – гэта змагацца з умовамі для праяўлення пратэстных настрояў, але адначасова пашыраць іх грунт, павялічваць раскол у грамадстве.

Менавіта па гэтай прычыне прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў абвясціў у сваёй краіне палітычную амністыю, хаця, у адрозненне ад Беларусі, у Казахстане пратэсты былі такімі, што спатрэбілася нават увядзенне войскаў АДКБ.

Менавіта па гэтай прычыне палітычная амністыя абвешчана ў Іране, хаця першапачаткова ўлады абапіраліся толькі на сілу і дайшло нават да расстрэлаў удзельнікаў вулічных акцый, вось толькі пратэсты не спыняліся.

Менавіта з гэтай прычыны прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў сабраў сваіх папярэднікаў на нейтральнай тэрыторыі і паспрабаваў прымірыць. Прымірыць тых, хто адзін аднаго судзіў, арыштоўваў, выціскаў з краіны, забіраў уласнасць. Прымірыць іх прыхільнікаў. Прымірыць, аб’яднаць Кыргызстан і кыргызстанцаў.

І толькі мы ніяк не можам спыніцца. Арыштоўваюць і судзяць сем’ямі, старых і непаўналетніх, накіроўваюць у калоніі цяжка хворых, пакідаюць дзяцей без бацькоў… Ды не за забойства і не за крадзеж. Судзяць за фота, за словы, за тое, што чалавек спрабаваў адстаяць справядлівасць так, як яе разумее.

Няздольнасць своечасова спыніцца нават добрую справу ператварае ў зло. Спрэчку – у сварку, клопат – у дакучлівасць, дыету – у анарэксію, “50 грамаў” – у алкагалізм, дыскусію – у канфлікт, барацьбу за мір – у вайну.

Гэта – як машына без тармазоў.  Куды яна нясецца, куды занясе нашу дзяржаву, колькі лёсаў яшчэ пакалечыць, колькі беларусаў зробіць ворагамі адно аднаму… Ніхто не ведае.

Святлана Калінкіна, nv-online.info