Офіс Ціханоўскай сапраўды разглядае пераезд у іншую краіну. Найперш у Польшчу

Святлана Ціханоўская і Франак Вячорка ў Нью-Ёрку, ЗША. 22 верасня 2025 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Зніжэнне Літвой узроўню аховы Ціханоўскай адбілася на дзейнасці ўсяго ейнага Офісу, які перайшоў на часткова дыстанцыйную працу. Праз два тыдні па рашэнні ўсё яшчэ невядома, як дакладна можа быць зладжаная новая сістэма аховы. Офіс разглядае ў тым ліку магчымасць пераезду ў іншую краіну – запрашэнні ёсць. Але яшчэ няма дэталяў літоўскай прапановы, каб выбраць аптымальны варыянт, кажуць «Белсату» працаўнікі Офісу.

Літва пастанавіла панізіць узровень аховы Святланы Ціханоўскай з 1 кастрычніка. Пра гэта публічна паведамілі 7 кастрычніка. Мінуў яшчэ тыдзень – канчатковая пастанова датычна аховы Ціханоўскай яшчэ не прынятая. Пайшлі чуткі пра магчымы пераезд Офісу Ціханоўскай у іншую краіну.

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка запэўніў «Белсат», што Офіс камунікуе з адміністрацыямі прэзідэнта і прэм’ер-міністра Літвы, з літоўскімі дэпутатамі і з Міністэрствам замежных справаў. 

«Цяпер ідзе абмеркаванне, як новая сістэма бяспекі павінна выглядаць, бо гэта ж не толькі пра ахову, – тлумачыць Вячорка. – Гэта пра верыфікацыю людзей, пра бяспеку самога Офісу».

Цяпер Офіс Ціханоўскай разглядае розныя варыянты далейшай працы – Вячорка кажа, «усё магчыма». Але дадае: трэба дачакацца канчатковай пастановы Літвы і паглядзець, наколькі абароненая будзе праца Офісу.

Станіслава Гліннік. Фота: Белсат

Намесніца дырэктара Офісу Святланы Ціханоўскай Стася Гліннік пацвердзіла «Белсату», што разглядаюцца розныя варыянты далейшай дзейнасці, у тым ліку пераезд з Літвы ў іншую краіну. Гэта яшчэ нявызначанае пытанне, таму яна не можа нешта пацвярджаць ці аспрэчваць. Пастанова залежыць ад розных чыннікаў, у тым ліку фінансавага.

«У спадарыні Святланы ёсць некалькі прапановаў ад розных краінаў, дзе яна магла б мець такі ж высокі статус, як быў у Літве: гэта прэзідэнцкі ўзровень і ўзровень прэзідэнцкай аховы, – кажа Гліннік. – Адзін з такіх варыянтаў – Польшча. Мне здаецца, разглядаецца ў першую чаргу Польшча, але гэта ўсё яшчэ няпэўна».

Пастанова Літвы знізіць узровень аховы Ціханоўскай была для ейнага офісу нечаканасцю, адзначае Гліннік. Давялося аператыўна пераглядзець рэжым працы: першы час працавалі выключна ў онлайн-рэжыме па-за офісам. Пасля «аперацыйная каманда» працягнула працу з офісу.

«Трэба разумець: тое, што адмянілі, – гэта не нейкая раскоша, – падкрэслівае Гліннік. – Гэта не пра VIP-залы і VIP-тэрміналы. Мы ніколі іх не патрабавалі, гэта не тое, дзеля чаго гэта ўсё патрэбнае. Гэта ўсё найперш патрэбнае дзеля бяспекі ўсёй структуры».

Калі захады бяспекі можна будзе аднавіць у Літве, то гэта таксама будзе разглядацца ў Офісе, мяркуе Гліннік, але будуць глядзець, які варыянт аптымальны:

«На сёння тыя людзі, хто адчувае сябе ў бяспецы, прыходзяць [у офіс], а хто быў больш занепакоены ці непублічны, маюць права працаваць онлайн. Мы распрацоўваем новыя захады бяспекі, некаторыя ўжо ўведзеныя. Для нас шмат зменаў у такой сферы працы Офісу, датычнай бяспекі».

Са словаў прэм’ер-міністаркі Літвы Інгі Ругініене, «ахова падабраная адпаведна ўзроўню пагрозаў» для Офісу. Вячорка ж падкрэслівае, што Офісу важна, каб каманда пачувалася ў бяспецы. 

«Калі дойдзе сітуацыя, то будзем разглядаць іншыя варыянты, – пацвярджае Вячорка. Ёсць шмат краінаў, гатовых дапамагчы ды прыняць і Офіс, і асобных працаўнікоў, і Святлану. У нас у прынцыпе частка каманды ўжо працуе ў Польшчы. Некаторыя працуюць нават у Даніі, у іншых краінах. Таму будзем зыходзіць з абставінаў».

Цяпер, калі пытанне бяспекі Офісу Ціханоўскай перадаюць з аднаго ведамства ў іншае, узнікае мноства пытанняў і праблемаў – і гэтым карыстаецца рэжым Аляксандра Лукашэнкі, кажа Вячорка: павялічыўся ціск на працаўнікоў Офісу ды іхных сваякоў. Літоўцам спрабуюць давесці, што гэтае пытанне трэба развязаць як мага хутчэй.

З таго, што навідавоку, каментары інтэрнэт-троляў і ботаў. «Белсат» разабраў, якія наратывы прасоўваюцца ў гэтых каментарах.

Розных інцыдэнтаў былі дзясяткі, мо больш за сотню, адзначае Вячорка: ад самых дробных да спробаў узламаць акаўнты, трапіць у памяшканні і на сустрэчы, фізічных пагрозаў, якія «часам здараюцца» ў паездках. Пра гэта, адзначае Вячорка, не прынята казаць, каб не раскрываць працы механізму бяспекі і аховы. Але часта інфармацыю пра пагрозы атрымліваюць літоўскія спецслужбы, якія спрабуюць перадухіліць рызыкі, як было з паведамленнямі пра мінаванне кангрэсаў, што праводзіліся дэмакратычнымі сіламі.

«Былі нават спробы ўсялякімі пэгасусамі заразіць нашую тэхніку, – расказвае Вячорка. – І тут мы вельмі ўдзячныя Літве, якая нас заўжды выручала».

«Ціск з боку спецслужбаў аказваўся на працаўнікоў Офісу ўвесь час працы, – адзначае Гліннік. – І мне здаецца, не толькі Офісу: ува ўсіх дэмакратычных сілаў гэта ўжо штодзённасць. Але, натуральна, гэта працягваецца. І я не сказала б, што ўзровень пагрозаў працаўнікам Офісу і асабліва Святлане Ціханоўскай знізіўся. Гэта не адпавядае рэчаіснасці».

«Мы ўсе ў такой жа небяспецы, як і былі. Усё так жа разумеем, з чым маем дачыненне».

Прыехаўшы ў Літву, Святлана Ціханоўская атрымала ад літоўскіх уладаў няспынную фізічную ахову як у Літве, гэтак і за яе межамі. Таксама Ціханоўскай надалі статус афіцыйнай госці катэгорыі C. Такі статус звычайна атрымліваюць замежныя амбасадары, кіраўнікі прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў, чальцы замежных урадаў, Еўрапейскай камісіі ды іншыя. Пры гэтым дыпламатычнага статусу і імунітэту Ціханоўская не мае. Крыніцы LRT заяўлялі, што ахова, жытло, аўтамабілі для суправаджэння і карыстанне VIP-тэрміналамі ў аэрапортах для Святланы Ціханоўскай каштавалі Літве каля € 1 млн на год.

Пра напады менавіта на Ціханоўскую не паведамлялі. Але на ейнага намесніка ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Паўла Латушку нападалі ў Варшаве: 2 ліпеня беларус кінуў у Латушку сметніцу і абазваў здраднікам – сцвярджаў, што гэта «дазволіць яму свабодна вярнуцца ў Беларусь». Латушка заявіў, што напярэдадні атрымліваў папярэджанні аб правакацыяў супраць сябе і пра пагрозы жыццю.

Акрамя таго, у 2025 годзе зніклі і дасюль не знойдзеныя спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава і кіраўнік міжнароднага аддзелу Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў. На дадатак, дзіўныя ўчынкі дэлегаткі КР Вольгі Карпушонак выклікалі ў некаторых занепакоенасць пра ейную бяспеку.

Руслан Ігнатовіч, Ірына Дарафейчук, Алесь Наваборскі, belsat.eu