
Адзін са старэйшых фестываляў беларускага кіно “Бульбамуві” афіцыйна спыніў дзейнасць. Пра гэта арт-менеджар і кінематаграфіст Януш Гаўрылюк распавёў у прыватнай размове журналісту «Еўрарадыё» яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка, але папрасіў пачакаць з навіной да 1 лістапада, каб падрыхтавацца да “пахавання” культавага фестывалю.
Распавядаем падрабязнасці сумнай падзеі для беларускай незалежнай культуры.
“Бегаць за імі і прасіць ужо не хацелася”
Кінафестываль “Бульбамуві” шмат год арганізоўваўся “партызанскім” чынам — без грошай і на энтузіязме яго стваральнікаў. Аднаўленне дзейнасці падзеі ў 2021 адбылося праз падтрымку дзяржаўных інстытуцый Польшчы. Але праз чатыры гады і яна выпарылася.
“Нагодай [закрыцця] сталі паводзіны “Фільматэкі” [дзяржустанова Польшчы, якая захоўвае і папулярызуе аўдывізуальную спадчыну, — Еўрарадыё] з якой я апошнім часам супольна арганізоўваў фестываль. Я пабачыў, што яны ўжо не гараць да справы беларускага кіно”, — тлумачыць сітуацыю Гаўрылюк.
Рашэнне зачыніць фестываль суразмоўца прыняў самастойна, з адчуваннем палёгкі на душы.
“Я на пачатку верасня 2025 падрыхтаваў праграму фестывалю фармат “мінімум” (у траўні 2025 у мяне быў эскіз праграмы “максімум”) які можна было вельмі лёгка зрабіць, але тады “Фільматэка” ужо мне не адказала. Тады я зразумеў, што ўсё, канец. Бегаць за імі і прасіць ужо не хацелася.
Маю быць шчырым — мне стала тады лёгка. Я зноў перастаў быць выратавальнікам беларускага кіно і стаў свабодным чалавекам. Ужо мне не трэба пераймацца хернёй кшталту, што зноў нейкі эстонскі фестываль прыязджае ў Варшаву на два тыдні перад “Бульбамуві” і паказвае беларускае кіно. Альбо тым што няма новых беларускіх фільмаў. Што фільмы з Беларусі не магу паказваць, бо людзі баяцца.
Цяпер тэма фестывалю канчаткова закрытая, але ў жыцці ўсё можа яшчэ здарыцца, таму варта жыць…”.
Але “Бульбамуві” ціха не знікне з мапы беларускіх культурных падзей. Адбудзецца сапраўднае кінематаграфічнае пахаванне фестывалю.
“Калі коратка, гэта будзе паказ двух добрых новых беларускіх фільмаў, а таксама дыскусія без анестэзіі пра стан беларускага кіно. Карыстаючыся нагодай, запрашаю ўсіх на нашае мерапрыемства. Падрабязнасці на нашым сайце і ў сацсетках”.

Вызваліўшыся ад “Бульбамуві” Гаўрылюк вярнуўся да сваёй улюбёнай справы — здымак кіно.
“Я ў канцы года вярнуўся да сваіх дакументальных праектаў — “Апошні сабака” і “Лёнік” — пра Падляшша, маю малую бацькаўшчыну. А натхняе мяне віно. Планую ў наступным годзе закласці вінаграднік у сваёй вёсцы на Падляшшы і вырабляць віно”, — распавядае суразмоўца.
Фестываль беларускага кіно “Бульбамуві” паўстаў у 2011 годзе ў Варшаве. Акрамя Януша Гаўрылюка, ля яго вытокаў стаялі рэжысёр Андрэй Кудзіненка і культуролаг Максім Жбанкоў.
Падзея стала мастом для дзвюх краін, знакомячы палякаў з творамі беларускіх незалежных аўтараў і рэжысёраў, працуючых на “Беларусьфільме”. У 2015 годзе падзея адбылася адначасова ў Мінску і Варшаве, а ў 2016 — выключна ў Мінску.
Пасля гэтага адбыўся першы перарыў, які цягнуўся да 2021 года. Тады Гаўрылюк зноў пачаў праводзіць фестываль у Варшаве, рэагуючы так на гвалтоўную змену Мінкультам Беларусі дырэкцыі кінафестывалю “Лістапад” і жадаючы падтрымаць кінематаграфістаў, трапіўшых у эміграцыю і рэпрэсіі на радзіме.
