31 студзеня г.г. не стала „нашай Ірэнкі” – як мы ўсе называлі Ірыну Гэрэлюк з Гаданьчукоў. Для беларусаў Трыгарада была гэта настолькі нечаканая вестка, што амаль месяц пасьля яе сьмерці цяжка ў тое паверыць. 20 студзеня скончыла 58 гадоў. Заўсёды ганарылася тым, што нарадзілася ў той сам дзень, што Браніслаў Тарашкевіч. Таму калі сьвяткавалі мы дзень народзінаў Ірыны, заадно ўспаміналі і аўтара беларускай граматыкі і яго трагічны лёс. Заўсёды з каментарам: „добра, Ірэнка, што ты нарадзілася ў 1965 г. і ніякія рэпрэсіі нам не пагражаюць”.
Апошні раз сустракаліся 20 студзеня 2020 г., перад пандэміяй. Калі дамаўляліся ў мінулым годзе, Ірэна была хворая на ковід. У гэтым годзе адведала яе з кветкамі 20 студзеня ў госпісе Унівэрсытэцкага Клінічнага Цэнтра ў Гданьску. Апошнія словы, якія ад яе пачула гэта: „Тарашкевіч, Тарашкевіч, Тарашкевіч…”
Ірэна была феноменам сярод пакаленьня дзяцей пасьляваенных беларускіх выхадцаў з Беласточчыны, якія прыехалі на Узбярэжжа ў пошуках працы. Яе бацькі – Надзея з Кірылюкоў з Курашава пад Гайнаўкай і Ян Гаданьчук з Дубна пад Сямятычамі пазнаёміліся ў Гданьску. У 1962 г. нарадзілася ў іх дачка Анна, а ў 1965 г. – у Гдыні – Ірэна. Толькі таму, што там быў шпіталь з радзільным аддзяленьнем. Сям’я Гаданьчукоў жыла ў Гданьску на Стогах. Ірэна закончыла там пачатковую школу, а пасьля вядомы тэхнікум сувязі (Technikum cznoci). Мела яна шмат талентаў: прыгожа сьпявала, малявала, шыла. Яе мастацкія зацікаўленьні, нажаль, не рэалізаваліся да канца – не ўдалося дастацца на рэстаўрацыю у Торуньскі ўнівэрсытэт. Малявала для сябе і для іншых, напісала напр. ікону Ефрасіньні Полацкай. Сьпявала ў царкоўным хоры і ў калектыве „Жаваранкі”, які некалі (у 90-ыя гг.) пры Беларускім Грамадзка-Культурным Таварыстве ў Гданьску вёў Ірыней Лаўрэшук. З беларускім таварыствам у Гданьску Ірына звязалася яшчэ як вучаніца тэхнікума, у пачатку 80-ых гг. У Таварыстве пад уплывам Ані Іванюк навучылася беларускай мовы. Не дастаўшыся ў Торуньскі ўнівэрсытэт, вырашыла студыяваць славістыку ў Гданьскім унівэрсытэце. Там абараніла на выдатна магістэрскую працу пра мэдычнае слоўніцтва ў расейска-беларускіх слоўніках, якую напісала пад кіраўніцтвам праф. Лешка Машыньскага. Каб яе напісаць езьдзіла ў бібліятэкі Беларусі, дзе карысталася слоўнікамі Максіма Гарэцкага, Сьцяпана Некрашэвіча, Вацлава Ластоўскага, Зоські Верас. Шкада, што гэтыя салідныя дасьледаваньні не працягваліся, а Ірэна пасьля Гданьскага унівэрсытэта не магла знайсьці сабе працы згоднай з вывучанай прафесіяй. Дзе яна толькі не працавала – нават у краме, як прадаўшчыца! Хацела паехаць вучыць польскай мовы ў Савецкі Саюз, але яе туды не схацелі ўзяць – відаць таму, што ўсюды пісала беларускую, а не польскую нацыянальнасьць. Стабільную працу атрымала ўрэшце 1 лютага 1999 г. у Гданьскай палітэхніцы ў Труймейскай Акадэмічнай Камп’ютэрнай Сетцы (Trjmiejska Akademicka Sie Komputerowa), калі зышла адтуль Аліна Крутэль. З 2015 г. перайшла на адміністрацыйную пасаду ў Бібліятэку Гданьскай палітэхнікі і закончыла бібліятэказнаўства ў Варшаўскім унівэрсытэце на пасьлядыпломных студыях.
Ірэна вельмі актыўна ўключылася ў беларускі рух на хвалі пераменаў у Польшчы на пераломе 80. і 90. г.г. Езьдзіла на БАСаўскія рэйды па Беласточчыне, а калі БАС быў зарэгістраваны, узначаліла яго Гданьскі гурток. У гэты час таксама заангажавалася ў ствараньне Беларускага Культурнага Таварыства «Хатка» ў Гданьску. Памятаю, як мы шукалі ў тэлефоннай кніжцы беларускіх прозвішчаў. Так знайшлі м. інш. братанкаў Казіміра Сваяка – Вітаўта Юрыя і Эдмунда Стэповічаў. Куды мы толькі разам не езьдзілі, апрача вандровак па Памор’і! І ў Кракаў на адкрыцьцё помніка Алесю Гаруну ў 1988 г., і ў Гародню ды ў Вільню на 25 сакавіка 1990 г., і на адкрыцьцё помніка Альбіну Стэповічу ў Вільні ў 1994 г., і на сьвяткаваньне 80. угодкаў БНР у Прагу ў 1998 г., і ў Калінінград, і ў Беларусь! З кожнай паездкай звязаныя розныя ўспаміны.
Ірэна выйшла замуж у свае 45 гадоў за Адама Гэрэлюка. Была з ім шчасьлівая за 13 гадоў супольнага жыцьця. Урэшце магла арганізаваць сваё прыватнае жыцьцё, што прычынілася да абмежаваньня яе актыўнасьці на беларускай ніве. Раней займалася хворымі бацькамі, якіх даглядала да сьмерці, а яшчэ раней дапамагала гадаваць дочкі сястры – Ксеню і Вольгу. Наогул Ірэна шмат каму дапамагала бескарысна. Жыла праблемамі іншых людзей. Пра свае асабліва не распавядала, хаця іх ёй не бракавала. Мала хто ведаў пра яе праблемы са здароўем, якія пачаліся недзе пяць гадоў таму назад. Марыла, каб дачакаць пенсіі і выехаць на Беласточчыну ў Курашава. На жаль, нечаканая сьмерць памянала яе планы.
Пахавалі Ірэну 7 лютага побач з бацькамі і бабуляй Саламеяй на Гарнізонных могілках у Гданьску. Там яна знайшла магілу беларускага мастака Козьмы Чурылы і яе аднавіла. Была ініцыятаркай збору подпісаў за вяртаньне праваслаўнага квартала на гэтых могілках Гданьскай царкве. Планавала паставіць крыжы на разбураных магілах праваслаўнага духавенства. Не хапіла ёй, на жаль, часу, каб усё гэта здзейсьніць. Яшчэ ў чэрвені разам вандравалі па ваколіцы Прушча-Гданьскага, а ў сьнежні размаўлялі па тэлефоне пра планы, пра «Czasopis”, які Ірэна пастаянна чытала.
Усім нам не хапае зараз сьпеваў Ірэны і яе ўсьмешкі, якая, здаецца, была на яе твары заўсёды. І вельмі цяжка праходзіць праз галаву думка, што Ірэны ўжо няма з намі. Так хутка, так нечакана пакінула гэты сьвет.