
У беластоцкай галерэі «Арсенал» адбылася прэзентацыя кнігі «Руіны Беларусі». На сустрэчы паразмаўлялі пра значэнне працы з памяццю і пра дакументаванне спадчыны.
Арганізатар імпрэзы — Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, які з’яўляецца сувыдаўцом кнігі «Руіны Беларусі»: у выданне ўвайшлі фотаздымкі з архіва, што збірае гэта інстытуцыя.

Ілона Карпюк, намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, якая вяла імпрэзу, патлумачыла, што «Руіны Беларусі» ўзніклі, каб убачыць, як «руйнаванне стала характарыстыкай беларускай культуры. Але архіўная практыка VEHA – гэта форма ціхага і паслядоўнага супраціву і інструмент перабудовы калектыўнай памяці па-за межамі існуючых канонаў. Беларусы павінны самастойна супраціўляцца свайму культурнаму паглынанню і ўнутры краіны, і па-за яе межамі».

Новая фатаграфічная калекцыя VEHA распавядае пра лёс беларускіх камяніц. Войны, нядбайнасць, дзяржаўны гвалт руйнавалі замкі і касцёлы, ратушы і цэрквы, сінагогі і хаты. Мноства іх знікла без следу на зямлі, але засталося на фотаздымках.

У кнізе змешчаны фатаграфіі разбураных помнікаў архітэктуры, што паходзяць з 45 сямейных і публічных архіваў.

Леся Пчолка, заснавальніца архіва VEHA, расказала, што над новай калекцыі фатаграфій яны працуюць ужо трэці год. Кожная праца з калекцыяй пачынаецца са збору матэрыялу, пасля ідуць аналіз, напісанне тэкстаў і выданне кніг.
У кнігу «Руіны Беларусі» найперш увайшлі здымкі, якія дасылалі людзі. «То-бок будынкі, якія мы абралі, не абавязкова з’яўляюцца самымі важнымі ў гэтых рэгіёнах, бо мы рабілі акцэнт на фатаздымках з прыватных сямейных архіваў, каб паказаць гісторыю з перспектывы чалавека», — растлумачыла Леся Пчолка.
Каманда працягвае збіраць матэрыялы для другога тома «Руін Беларусі», які з‘явіцца па меры таго, як будуць дасылацца здымкі.
VEHA — незалежны лічбавы архіў, што збірае фотаздымкі, зробленыя да 1980 года на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і даследуе візуальную гісторыю паўсядзённасці.
