
Літва афіцыйна працягвае рэжым надзвычайнага становішча, уведзены 9 снежня, праз паўторныя інцыдэнты з паветранымі шарамі з тэрыторыі Беларусі, якія парушаюць нацыянальную бяспеку.
На гэтым фоне стала вядома пра вызваленне 123 палітычных зняволеных у Беларусі — крок, зроблены ў межах дыпламатычных перамоў з ЗША і які супаў з частковым змякчэннем санкцый супраць беларускага калійнага экспарту. Аднак, як падкрэслівае старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў, гэты сігнал не здымае ключавых прычын літоўскага НС:
– Выглядае гэта як нейкае такое палітычнае дзеянне, за якім вялікага практычнага сэнсу заўважыць вельмі складана. Гэтыя дзеянні выглядаюць хутчэй як нейкая спозненая рэакцыя, таму што не само вызваленне палітвязняў паўплывае, а перамовы. Мы зараз бачым, што і амерыканцы ўключыліся ў перамовы з афіцыйным Менскам, уздымаючы ў тым ліку і пытанні ціску на мяжу.
Рэжым надзвычайнага становішча ў Літве дазваляе ўраду перамяшчаць войскі, пашыраць паўнамоцтвы паліцыі і памежнікаў, а таксама ўводзіць дадатковыя абмежаванні ў рэгіёне мяжы з Беларуссю, каб супрацьстаяць «гібрыднай пагрозе» і кантрабандзе.
