
Дзейвідас Матулёніс, галоўны дарадца прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, заявіў, што ўлады ЗША не абмяркоўвалі з урадам Літвы магчымасьць аднаўленьня транзыту беларускіх угнаеньняў праз Клайпедзкі порт.
«Гэта карэктныя паводзіны амэрыканцаў, яны сапраўды ня ціснуць дзеля дадатковых дзеяньняў з нашага боку, але калі беларускія калійныя ўгнаеньні пойдуць у Амэрыку, то ўзьнікне пытаньне — праз што іх транспартаваць. Вось тут і будзе тая цікавасьць», — сказаў Дзейвідас Матулёніс ў этэры радыёстанцыі Žinių radijas 16 сьнежня, паведаміла агенцтва BNS.
«Калі мы будзем нешта рабіць тут, мы павінны зьвязаць гэта з дадатковымі магчымасьцямі прысутнасьці амэрыканскіх сілаў. Калі гэтыя ўгнаеньні, у істоце, стануць амэрыканскімі ўгнаеньнямі, будуць прызначаныя для амэрыканскага рынку, то […] мы павінны ўвайсьці ў поле амэрыканскіх інтарэсаў, але не ісьці насуперак амэрыканцам», — дадаў ён.
Матулёніс заклікаў не палітызаваць пытаньне транзыту беларускіх угнаеньняў і, калі сытуацыя зьменіцца, імкнуцца таксама да рэалізацыі прагматычных літоўскіх інтарэсаў. «Нацыянальныя інтарэсы — гэта спалучэньне каштоўнасна-арыентаванай і прагматычнай палітыкі», — сказаў дарадца прэзыдэнта Літвы.
15 сьнежня стала вядома, што Міністэрства фінансаў ЗША выдала ліцэнзію на трансакцыі з трыма прадпрыемствамі: «Беларуськаліем», Беларускай калійнай кампаніяй, даччынай структурай БКК ва Ўкраіне «Аграрозквіт». Гэта адбылося пасьля таго, як улады Беларусі вызвалілі з турмаў 123 чалавекі — палітычных вязьняў.
У той жа дзень Эўрапейская рада ўхваліла новыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на гібрыдныя атакі на Літву. Перад гэтым старшыня камітэту замежных справаў Сейму Літвы сацыял-дэмакрат Рэмігіюс Мотузас адзначаў, што Эўропа і канкрэтна Літва наўрад ці пагодзяцца на зьняцьце санкцыяў.
Літва прыпыніла транзыт беларускіх калійных угнаеньняў з 1 лютага 2022 году пасьля таго, як ЗША ўвялі санкцыі супраць найбуйнейшага беларускага вытворцы калійных угнаеньняў «Беларуськалій».
