Вышытая карціна крыжыкам, фігурка анёла, кніга “Літоўская гаспадыня”. – Якія дарагія сэрцу рэчы ўзялі беларусы з сабой у эміграцыю

Многім беларусам давялося з’язджаць з краіны з аднымі шкарпэткамі. Аднак былі дарагія сэрцу рэчы, якія яны ўсё роўна ўзялі з сабой, ці іх потым падвозілі родныя ды знаёмыя. “Штодзень” паразмаўляў з эмігрантамі пра тое, якія рэчы з радзімы яны цягаюць з сабой.

Марыя Грыц, журналістка

Я важу з сабой кнігу “Літоўская гаспадыня” па ўсіх краінах. Калі давялося з’язджаць з Украіны, то я пашпарт пакінула там, а кнігу не забыла.

Яшчэ важу з сабой маміну памаду. Маё дзіцё, праўда, залезла і пальцам яе раскалупала. То бок гэтая памада для ўжывання ўжо непрыдатная, але ў касметычцы з сабой нашу заўжды. І яшчэ ў мяне ёсць скрынка памяці, дзе ляжыць першы локан дзіцяці, цэтлік з радзільні, першае фота. Гэта невялікая скрыначка. Мая дачка называе яе скрынка скарбаў. І вось гэтую скрынку я таксама з сабой важу.

Валеры Сляпухін, гомельскі грамадскі дзеяч, з’ехаў спачатку ва Украіну пасля жорсткага затрымання і адміністрацыйнага арышту пасля адной з акцый пратэсту ў 2020.

Я з’язджаў экстранна. Узяў ноўт, шкарпэткі, майткі. А потым ужо падвезлі іншыя рэчы. Я папрасіў у маці некалькі карцін, якія яна крыжыкам вышывае. Для мяне гэтыя карціны – напамін пра дом і маці. Гэта ўтульнасць і цеплыня.

Наста Кудасава, паэтка. З’ехала ўлетку 2022 года.

Я прынцыпова не ўзяла нічога такога з дому, каб хутчэй вярнуцца. Ніякіх кранальныя рэчаў, адмыслова ўсё там пакінула, каб мне нічога не нагадвала пра дом. Толькі прыгожы кавалачак дрэва, які я падабрала ў Карэліі і які заўжды ў мяне ў торбе ляжыць. Яго я з сабой узяла, бо разумею, што ў Карэлію мне ў бліжэйшы час таксама не выпадае трапіць, як і ў Беларусь.

Аляксандра, пераехала ў Літву пасля пачатку вайны.

Вось як раз сапраўды дарагія мне рэчы пакінула ў Беларусі, бо было балюча забіраць іх у вялікі свет, нібы душу забіраеш. Я разумела, што не маю сілы выдзіраць вось гэтыя рэчы з Беларусі. І цяпер, у прынцыпе, ёсць магчымасць іх мне перадаць, але я не гатовая, бо гэта будзе канчатковае развітанне (якое насамрэч адбылося). Таму збіралася вельмі прагматычна. З рэчаў падтрымкі – клятчаты плед, было вельмі з ім добра, пакуль бадзяліся па хостэлах і сябрах: такое было з ім адчуванне дома. І фігурка анёлка, ён у мяне з часоў апошняй працы, падаецца, нічога асабістага, асобная гісторыя, але вельмі для мяне звязаная з культурніцкай Беларуссю і маімі мінулымі працамі (і маіх сяброў) у сферы культуры і сучаснага (на той момант) беларускага бізнесу.

Яшчэ ўзяла і ўсе фотаздымкі, якія ў мяне былі раздрукаваныя, сярод іх – старыя фоткі бабулі і дзядулі, які пасля ІІ Сусветнай вайны вывез сям’ю з Беларусі ў Латвію. Неяк мне пераклікаліся гэта з нашым нібыта выездам, але ўцёкамі насамрэч.

Вольга Быкоўская, журналістка, з’ехала ў лістападзе 2021 года.

Узяла з заплечніка бчб-стужку і Пагоню. Я іх амаль увесь час насіла апошнія гады ў Беларусі на заплечніку. Пагоню адзін раз здымала ў судзе. А стужку зняла 24 траўня 2021 года (да таго таксама здаралася ў судах пару разоў, але агулам з перарывамі насіла гадоў 10), калі стала зразумела, што да Вітольда на пахаванне ехаць трэба. І толькі тут, за мяжой, ужо вярнула. Пару лістоў ад палітвязняў было яшчэ: тыя, на якія трэба было адказаць. А так я з’язджала з адным заплечнікам першы раз. І ўсё было адчуванне, што хутка вярнуся, нават дома куча адзення заставалася. Кніжкі  – у букрыдары. Яшчэ ўзяла фота і дакументы ў ноўце. Цяпер некаторых рэчаў не хапае часам, як быццам бы пазл няпоўны. А тое, што заўсёды было і можна было ў любы момант аднекуль дастаць, яно ў Беларусі.

Яніна. З’ехала ў 2021 годзе.

Няма ў мяне такіх рэчаў, якія б асацыяваліся з домам. Я не сентыментальная. І ўсё, што мне дорага не скласці ў скрыню і не ўдыхнуць у рэчы. Ёсць зручная вопратка, як, напрыклад, шкарпэткі Марк Фармэль, яшчэ ніводнага разу за паўтара гады не апранула. Ёсць світанкаўскія і купалінкаўскія цішоткі з арнаментам.

Алена Маслюкова, праваабаронца.

Я не думала пра эміграцыю ў прынцыпе. Мой выезд быў спантанным. Наш кіраўнік пасля вобшукаў патэлефанаваў і сказаў, што было б добра, каб я на месяцы два-тры выехала з Беларусі, адпачыла. І паколькі выезд быў на два-тры месяцы, то збіралася я па-спартанску. Спакавала рэчы, нават, у маленькую, а не ў вялікую валізу. Я збіралася вельмі хутка. Было ўсё спантанна і неасэнсавана. Паклала майкі з лагатыпам “Вясны”, супраць смяротнага пакарання. Ні пантофляў, ні абутку. Валіза была фактычна пустая. Аднак цягнецца ўжо мой выезд трэці год. Калі з’явілася магчымасць, то сябры перадавалі мне ва Украіну розныя мілыя падарункі. Напрыклад, кубак з Пагоняй. Белчырвонабелы сцяг з надпісам “Светлагорск”. А маю грамату, якую я атрымала як лідарка году. Я сказала не прывозіць яе, хаця яна і вельмі дарагая мне, бо гэтая грамата, як своеасаблівы якар, які прывязвае да Беларусі і дае спадзевы вярнуцца дадому, да ўсяго што мне дорага: да маіх кветак, майго ката, маёй сям’і і да магілак маіх бацькоў.

Штодзень