Канстытуцыя ў Беларусі ўжо даўно страціла свой сэнс. Наша задача — вярнуць гэтаму дакументу значнасць, заявіла Святлана Ціханоўская.
Адносна Дня Канстытуцыі Святлана Ціханоўская адзначыла, што віншаваць сёння няма з чым, але дэмакратычныя сілы ўжо маюць бачанне таго, як павінна выглядаць Канстытуцыя новай Беларусі.
Святлана Ціханоўская сказала:
«Сёння Дзень Канстытуцыі. Канстытуцыі, якую за апошнія 28 гадоў некалькі разоў незаконна перапісвалі. Канстытуцыі, чые артыкулы сістэматычна парушаў рэжым, акрамя, хіба што, артыкула 20: Мінск — сталіца Беларусі. Канстытуцыі, якая ўжо даўно страціла свой сэнс.
На жаль, сёння не той дзень, з якім можна павіншаваць, але той, калі можна нагадаць сабе, як шмат мы з вамі ўжо зрабілі на шляху да вяртання сваіх канстытуцыйных правоў. І як шмат нам яшчэ давядзецца зрабіць, каб усе законы нашай краіны працавалі і абаранялі беларусаў, а не станавіліся інструментам для рэпрэсій супраць народа.
У дэмакратычных сіл ужо ёсць бачанне таго, як павінна выглядаць Канстытуцыя новай Беларусі. Наша задача — не проста новая кніжка з наборам слоў, якім кожны чыноўнік зможа пагрэбаваць дзеля ўласных інтарэсаў. Наша задача — вярнуць гэтаму дакументу значнасць. Падрыхтаваць такую Канстытуцыю, якая стане абаронай ад дыктатуры, гарантуе кожнаму чалавеку правы і свабоды, а таксама ўсталюе дэмакратычныя стрымліванні і процівагі. І сёння я хачу прапанаваць кожнаму далучыцца да абмеркавання праекта Канстытуцыі новай Беларусі.
Я ведаю, што дэмакратычныя перамены ў нашай краіне непазбежныя, як бы моцна рэжым не спрабаваў пераканаць нас у адваротным. Прама цяпер мы з вамі набліжаем той час, калі Беларусь стане свабоднай дэмакратычнай краінай.
Жыве Беларусь!»
Нагадаем, Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адзначаецца і цяпер 15 сакавіка. Канстытуцыя была ўхвалена ў 1994 годзе на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання.