Беларусы, якія выбралі Украіну месцам жыхарства, апынуліся ў вельмі складанай сітуацыі. Краіна абараняецца ад расейскай агрэсіі, але пакуль не можа прапанаваць усе гарантыі, якія прадугледжваюць краіны Еўразвязу для сваіх жыхароў.
2026 год — шанец нарэшце зрушыць прававыя праблемы беларусаў ва Украіне. Пра магчымасці, якія адкрываюцца з новым годам, і пра канкрэтныя крокі, якія можна зрабіць ужо цяпер, „Радыё Рацыя“ паразмаўляла з кіраўніком фонду «Вільна Білорусь» і грамадскага саюза «Беларуская супольнасць Украіны» Аляксеем Францкевічам.

Аляксей нядаўна ўвайшоў у склад Экспертнай рады пры Прадстаўніку Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека ва Львоўскай вобласці і быў узнагароджаны адзнакай Прэзідэнта Украіны «ЗА ОБОРОНУ УКРАЇНИ» — прызнанне яго працы па падтрымцы беларусаў ва Украіне і садзейнічанні ў абароне правоў чалавека.

РР: Зараз вы знаходзіцеся ў Львове. Раскажыце пра сам настрой у горадзе напярэдадні Раства Хрыстова, колькі католікаў, колькі праваслаўных у горадзе, які ўвогуле настрой на фоне вайны.
Аляксей Францкевіч: Тут багата католікаў – рыма-католікаў, грэка-католікаў. Я думаю, што больш тут усё ж грэка-католікаў. Як заўсёды будуць хадзіць і калядаваць па хатах, дзеці будуць хадзіць. Усё як заўсёды, нягледзячы на вайну жыццё працягваецца. Нічога не зменіцца.
РР: Тады давайце падвядзем з вамі вынікі працы і фонду «Вільна Білорусь» і беларускай супольнасці ва Украіне. З чым вы ідзеце ў 2026 год, якія агулам планы на гэты перыяд?
Аляксей Францкевіч: Планаў вельмі шмат. У 2025 годзе нам удалося тут зарэгістраваць грамадскую арганізацыю «Білоруська спільнота України». У 12-ці рэгіёнах Украіны мы знайшлі сваіх прадстаўнікоў.
У гэтым годзе будзем далей працягваць працу. Працы шмат. Гэта адносна і прававога статусу беларусаў, таму што ў гэтым пытанні вельмі шмат праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы. У першую чаргу гэта пратэрмінаваныя беларускія пашпарты.
Мы запускаем афлайн нядзельную школку беларускай мовы. Запускам анлайн курсы беларускай мовы. Пакуль гэта будзе адзін раз на тыдзень. Калі будзем бачыць патрэбу, можам зрабіць і два разы на тыдзень. Будуць адбывацца анлайн-заняткі беларускай мовы.
Будзем працягваць займацца папулярызацыяй беларускіх герояў, якія аддалі ва Украіне свае жыцці. У нас ужо існуе тры выставы. Адна зараз працягвае сваю працу ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце. Другая – у нацыянальным тэхналагічным універсітэце ў Луцку. І выставы будуць далей вандраваць па Украіне.
Будзем распавядаць і пра гісторыю беларускага супраціву і пра беларускіх герояў.
Будзем працягваць працу па дапамозе дзецям пагібшых герояў. На жаль, на сённяшні дзень гэта ўжо 17 дзяцей пра якіх мы ведаем, якія жывуць ва Украіне. Таму працы шмат. Будзем працаваць далей. І самае галоўнае – будзем набліжаць нашую агульную перамогу.
racyja.com,
фота з архіву Аляксея Францкевіча
