Адзначым сто гадоў: Сузор’е «1926»

Сёлетні год у беларускай культурнай прасторы, як ніколі, багаты на юбілеі стагадовікаў з пакаленьня загартаваных і максімалістых. Такія грандыёзныя і масавыя ўгодкі цэлай новай плеяды герояў афішуюць маштабнасьць і няўмольнасьць зьявы перагляду гісторыі і вяртаньня да таго, што было схавана ад зору людзей доўгія дзесяцігодзьдзі.

Сёлета свае сто гадоў адзначаюць багата беларускіх дзеячаў і дзяячак:

  • вязень гулагу, перакладнік Віктар Губарэвіч (3.01. 1926 – 1976), 
  • удзельнік антысавецкага падпольнага руху Янка Філістовіч (14.01.1926 – вясна 1953), 
  • эмігранцкі гісторык, дзяяч, журналіст Віктар Сенькевіч (19.01.1926 – 26.09.2017), 
  • мітрапаліт і першагерарх Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы Ізяслаў (22.01.1926 – 26.11.2007), 
  • беларускі й татарскі грамадзкі дзяяч у Польшчы, дасьледнік Мацей Канапацкі (29.01.1926 – 3.12. 2020), 
  • беларускі грамадзкі і ваенны дзяяч у Вялікабрытаніі Хведар Кажаневіч (14.02.1926 – 27.02.2007), 
  • беларусіст, скарыназнаўца, канадыйскі беларус Янка Садоўскі (15.02.1926 – 10.06.1982), 
  • паэт, краязнаўца, вязень гулагу Васіль Супрун (10.03.1926 – 2.05.2007), 
  • беларускі грамадзкі дзяяч у Вялікабрытаніі Бэнэдыкт Кляйноў (14.03.1926 – 17.07.1985), 
  • беларускі грамадзкі дзяяч у Вялікабрытаніі Міхась Яськевіч (17.03.1926 – 9.06.2002), 
  • эмігранцкі журналіст, кіраўнік беларускай рэдакцыі Радыё «Свабода» Юры Сянькоўскі (6.05 1926 — 13.021995), 
  • грамадзкі дзяяч, ахвяра палітычных рэпрэсіяў Пятро Рашэтнік (2.06.1926 – 21.07.2008), 
  • • беларускі грамадзкі дзяяч ЗША Дзьмітры Сямёнаў (11.06.1926 – 29.09.1982), 
  • апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, беларускі-брытанскі грамадзка-культурны дзяяч у Вялікабрытаніі Аляксандар Надсан (8.08.1926 – 15.04.2015),
  • беларуска-амэрыканскі гісторык і публіцыст Янка Запруднік (9.08.1926 – 26.05.2022), 
  • сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Аўстраліі Міхась Бурнос (12.10.1924 — 7.09. 2009), 
  • вязень гулагу Леў Бялевіч (1926 – 2015), 
  • сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падпольля, вязьнеўка гулагу Марыя Барташэвіч (1926 – 1996),  
  • вязень гулагу, сулягернік Ларысы Геніюш Мікола Канаш (15.11. 1926 – 29.10.2006),
  • удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля ў 1946—1947, вязень гулагу Аляксандар Жукоўскі (1926 – 8.11.1973), 
  • дзяяч беларускай дыяспары ў Аўстраліі Міхась Лужынскі (1926 – 29.07.2011). 

Многія зь іх былі добра знаёмыя паміж сабою ці проста зьвязаныя антысавецкім імкненьнем і шчырай максімалісцкай адданасьцю беларушчыне. Усе яны сталі сьведкамі савецкага гвалту і носьбітамі альтэрнатыўнай гістарычнай візіі, гістарычнай памяці, якая дасюль выкрывае віну СССР па вынішчэньні беларускай культуры, мовы і дзяржаўнасьці. Віну сучаснай Беларусі па нерэабілітацыі і замоўчваньні праўды. Хто жыцьцём і здароўем, хто сьведчаньнямі, успамінамі, кнігамі, а хто нястомнай працай па адкрыцьці Беларусі сьвету ахвяраваў і далучыў свае доказы на суд гісторыі, каб бязупынку будзіць нас ад летаргіі і веры ў балачкі савецкай і цяпер афіцыйнай беларуска-расейскай прапаганды. 

Сёлета ўсе нашыя стагадовікі бы сумысьля дачакаліся, каб раптам зазьзяць для нас новым, моцным і спадзёўным сузор’ем пад назовам «1926». Сузор’ем, якое дарыць сілу нам, сучасным, разьнявераным і стомленым, і даводзіць, што пераемнасьць крытычнай гістарычнай памяці ўсё ж магчымая, хоць і захоўваецца яна ў архівах на радзіме ці далёка ў дыяспарных бібліятэках. Аднак якраз такія грандыёзныя і масавыя ўгодкі цэлай новай плеяды герояў афішуюць маштабнасьць і няўмольнасьць зьявы перагляду гісторыі і вяртаньня да таго, што было схавана ад зору людзей доўгія дзесяцігодзьдзі.

Зрэшты, сузор’е гэтых герояў дэманструе часта нябачную, а для многіх няўяўную гісторыю беларускага іншадумства, дысыдэнцтва, якое дасюль чакае сваіх дасьледнікаў.

Уладзіслаў Гарбацкі, novychas.online