
14 красавіка Вярхоўны суд Беларусі надаў Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту статус «экстрэмісцкай арганізацыі». Праваабарончы цэнтар «Вясна» на просьбу «Радыё Свабода» выступіў з заявай пра гэта.
Ініцыятыву прызнаць ЭГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» праявіла Генэральная пракуратура Беларусі.У жніўні 2025 году «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі зьмест сайту і сацыяльных сетак унівэрсытэту.
«Унівэрсытэт, пазыцыянуючы сябе ў якасьці беларускай ВНУ ў выгнаньні, праводзіць мэтанакіраваную работу для дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне, аказвае мэтадычную, арганізацыйную і фінансавую дапамогу прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак і дэструкцыйных замежных няўрадавых арганізацыяў у палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сфэрах. Мэты, якія дэкляруюцца, — падрыхтоўка беларускай моладзі да рэалізацыі заходніх сцэнароў трансфармацыі палітычнай сыстэмы, прасоўваньне так званых дэмакратычных каштоўнасьцяў, „альтэрнатыўных“ трактовак гістарычных, культурных і іншых падзеяў», — гаворыцца ў заяве Генэральнай пракуратуры, апублікаванай 14 красавіка.
«ЭГУ — гэта міжнародная акадэмічная супольнасьць студэнтаў, выкладчыкаў і дасьледнікаў, аб’яднаных каштоўнасьцямі адкрытага дыялёгу, ведаў і свабоды слова. Унівэрсытэт працягвае сваю дзейнасьць у адпаведнасьці з гэтымі прынцыпамі і застаецца прасторай для адукацыі і разьвіцьця», — гаворыцца ў заяве адміністрацыі ўнівэрсытэту на сайце ўстановы 15 красавіка.
«Радыё Свабода» з нагоды прызнаньня ЭГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» зьвярнулася па камэнтр у праваабарончы цэнтар «Вясна». Юрыдычная служба «Вясны»падрыхтавала адпаведную заяву, якую мы публікуем цалкам:
«Рашэньне аб прызнаньні ЭГУ „экстрэмісцкай арганізацыяй“ адлюстроўвае ўстойлівую тэндэнцыю пазначэньня як „непажаданых“, забароны і перасьледу ня толькі палітычных, але і культурных, аналітычных, адукацыйных, дыяспарных і падобных ініцыятываў, — гаворыцца ў ёй. — ЭГУ як адукацыйная ўстанова вышэйшай адукацыі — прэцэдэнт, але раней і іншыя проста адукацыйныя ініцыятывы былі прызнанымі „экстрэмісцкімі“.
Гэтае рашэньне не мае нічога агульнага з „гвалтоўным экстрэмізмам“ і зьяўляецца выключна палітычным. На жаль, гэтае рашэньне мае ня толькі сымбалічную або дэкляратыўную функцыю, але і цалкам практычнае прымяненьне.
Як паказвае рэпрэсіўная практыка, існуе даволі высокая рызыка прымяненьня артыкулаў 361-4 („садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці“) і 361-2 („фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці“). Таксама ў тэорыі можа прымяняцца і арт. 361-5 („праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці“).
Гэта значыць, што ўлады фактычна крыміналізавалі выкладаньне, навучаньне, плату за навучаньне, удзел у праектах, супрацоўніцтва з унівэрсытэтам і іншыя, менш відавочныя дзеяньні. Пад рызыку падпадае практычна ўсякая дзейнасьць або нават адно дзеяньне, зьвязанае з ЭГУ або ў межах ЭГУ.
Фармальна для прыцягненьня да адказнасьці ўладам неабходна даказаць сувязь з ЭГУ, аднак у цяперашніх умовах дастатковымі могуць аказацца і прызнаньні, атрыманыя пад катаваньнямі. У сувязі з гэтым мы не рэкамэндуем вяртацца ў Беларусь выкладчыкам, студэнтам і асобам, якія маюць усякія іншыя сувязі з ЭГУ, а таксама ўзаемадзейнічаць зь яго сацыяльнымі сеткамі.
Гэтыя артыкулы шырока прымяняюцца на практыцы менавіта паводле наступнай схемы: прызнаньне арганізацыі або фармаваньня „экстрэмісцкім“ і наступнае (а нярэдка і папярэдняе) прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці асобаў, так ці інакш зь ім зьвязаных.
Гэтыя артыкулы былі ўведзеныя ў дзеяньне 19.06.2021 году, таму супраца з ЭГУ да гэтай даты, мы спадзяемся, ня можа быць крыміналізаваная. Інакш гэта будзе парушэньнем прынцыпу „закон зваротнай моцы ня мае“, замацаваным у арт. 9 Крымінальнага кодэксу. А вось да прызнаньня ЭГУ „экстрэмісцкай арганізацыяй“ — цалкам могуць. Падобныя прыклады ўжо вядомыя ў практыцы беларускіх рэпрэсіяў: у шэрагу крымінальных справаў факты падпісак, рэпостаў, ахвяраваньняў або іншага ўзаемадзеяньня з ініцыятывамі і мэдыя, прызнанымі „экстрэмісцкімі“, выкарыстоўваліся як падстава для перасьледу, нават калі былі зьдзейсьненыя да моманту іх афіцыйнага прызнаньня такімі».
ЭГУ заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, але з 2004 году працуе ў Вільні, бо ў Беларусі ад установы адабралі ліцэнзію. Каля 80% цяперашніх студэнтаў ЭГУ — беларусы. Беларусаў шмат і сярод выкладчыкаў. Агулам ва ўнівэрсытэце каля 1500 студэнтаў і каля 100 выкладчыкаў.
