
У новым выпуску ТОКу Віктар Бабарыка патлумачыў, чаму ўжо на трэці дзень пасля абвяшчэння свайго намеру ісці на выбары разумеў, што амаль гарантавана выйграе.
Як згадвае Віктар Бабарыка, 13 мая 2020‑га запрацавала сістэма электроннага запісу ў яго ініцыятыўную групу.
«А далей адбылося тое, што адбылося. Прыйшлі людзі, якія аддалі ўсе свае здольнасці і таленты для таго, каб гэта здарылася. (…) Аказалася, што гэты крок (вылучэнне ў прэзідэнты — НН) насамрэч патрэбны не толькі мне і маім унукам альбо маёй адказнасці перад унукамі. Аказалася, што гэта рэальна патрэбна беларусам», — адзначае палітык і дадае:
«На трэці дзень я ўжо разумеў, што мы амаль гарантавана выйграем. (…) Калі было 10 тысяч [членаў ініцыятыўнай групы], мы разумелі сілу сеткавага эфекту і мелі выразнае разуменне, наколькі чаканне іншай Беларусі жыве ў Беларусі».
На пытанне, чаму людзі былі гатовы аддаць свой голас за яго, Бабарыка адказвае:
«Гэта была кандыдатура, зручная для ўсіх беларусаў. Тыя, хто быў за Расію, жылі ў міфе, што гэта выгадна Расіі, і ў нас наступіць шчасце.
Тыя, хто жылі і думалі пра Беларусь, бачылі праекты, якія мы рабілі ў падтрымку Беларусі, і казалі, што так, гэта сапраўдны [кандыдат], рэальна, хто будзе рабіць і далей штосьці для Беларусі.
Тыя, хто хацелі проста эканамічных рэчаў, гэтаксама бачылі ўва мне фігуру, якая, «ну, калі ён сам штосьці зрабіў, то ёсць шанец штосьці зрабіць (для краіны — НН)». Калі дакладна яму ўсяго хапала, значыць, штосьці ўжо можа зрабіць (для Беларусі — НН).
Гэта быў, як мне падаецца, той самы кандыдат, які задавальняў інтарэс усіх, таму што ён быў нічыім. Ён быў нічыім, і таму яго можна было прысвоіць кожнаму, пачынаючы ад чыноўніка і заканчваючы расійскаарыентаваным».
