
Пасьля таго як ЗША зьнялі частку санкцыяў зь Беларусі, літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа сказаў, што Эўрапейскі Зьвяз ідзе «іншым шляхам» у пытаньні абмежавальных захадаў.
«Злучаныя Штаты сапраўды могуць праводзіць сваю палітыку ў дачыненьні Расеі і Беларусі, аднак палітыка ЭЗ вельмі зразумелая і заснаваная на тым прынцыпе, што абедзьве дзяржавы — як Расея, так і яе блізкі хаўрусьнік Беларусь — нясуць адказнасьць за тое, што адбываецца ва Ўкраіне», — заявіў Гітанас Наўседа.
Пра гэта палітык сказаў журналістам у Брусэлі. Ягоныя словы прыводзіць агенцтва BNS.
«Варта зьвярнуць увагу на тое, што зусім нядаўна мы дамагліся працягу санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі яшчэ на 12 месяцаў. Цягам гэтага тэрміну няма ні магчымасьці, ні палітычнага жаданьня вяртацца да перагляду санкцыяў. Такім чынам, скасаваньне санкцыяў ЗША — гэта адно, між тым санкцыйная палітыка ЭЗ — гэта іншы шлях», — сказаў літоўскі прэзыдэнт.
Гэтыя словы прагучалі пасьля таго, як Менск у выніку перамоваў з Вашынгтонам вызваліў 250 палітвязьняў, 15 зь якіх прыбылі ў Літву.
Беларусь пайшла на гэты крок пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з пасланцом ЗША Джонам Коўлам.
У абмен на вызваленьне зьняволеных ЗША канчаткова зьнялі свае санкцыі з гіганта вытворчасьці калійных угнаеньняў «Беларуськалій», а таксама зь «Белінвэстбанку», «Банку разьвіцьця» і Міністэрства фінансаў.
«Я выказаў гэта спадару Коўлу асабіста. Бо мы суседзі зь Беларусьсю, а суседзяў, як кажуць, не выбіраюць, мы цудоўна ведаем трукі, якія выкарыстоўваюцца. Праблема ў тым, што такім чынам мы ствараем заганны мэханізм матывацыі для Лукашэнкі — ператвараць гэты працэс у пастаянны абарот: адных зьняволеных адпускаць, іншых саджаць, а затым чакаць новых саступак», — сказаў Наўседа.
Палітык заявіў, што такое стаўленьне стварае зусім ня той мэханізм, які дазволіў бы паставіць Лукашэнку на месца.
«Таму я яшчэ раз паўтараю: ня трэба ставіць знак роўнасьці паміж палітыкай Эўропы і ЗША, хоць вызваленьне людзей мы заўсёды будзем падтрымліваць, бо гэта правільна з гуманітарнага пункту гледжаньня», — дадаў прэзыдэнт.
Частку санкцыяў супраць «Беларуськалію» амэрыканскі бок ужо зьняў у сьнежні мінулага году пасьля вызваленьня Менскам 123 палітвязьняў. Тады палітычныя аглядальнікі выказалі здагадку, што Вашынгтон можа пачаць ціснуць на Эўразьвяз і Літву з мэтай аднавіць транзыт беларускіх угнаеньняў праз Клайпедзкі порт.
Прадукцыя «Беларуськалію» транспартавалася празь Літву і Клайпедзкі порт да лютага 2022 году, калі Вільня спыніла транзыт, спаслаўшыся на санкцыі ЗША і меркаваньні нацыянальнай бясьпекі.
Пазьней санкцыі ў дачыненьні беларускіх угнаеньняў увёў і Эўразьвяз; у лютым іх працягнулі яшчэ на год.
Некаторыя дэпутаты маюць іншую пазыцыю
Як паведамляе Літоўскае радыё і тэлевізіч, з прадстаўніком ЗША па Беларусі Джонам Коўлам ў Вільні перад ягоным выездам у Менск на перамовы з Лукашэнкам сустрэліся літоўскія дэпутаты Вегеле, Гражуліс і Янкунас.
«Дэпутаты Сейму Ігнас Вегеле і Рымас Янкунас, а таксама дэпутат Эўрапарлямэнту Пятрас Гражуліс у гатэлі Kempinski сустрэліся з прадстаўніком прэзыдэнта Дональда Трампа Джонам Коўлам», — паведаміла LRT.
«Гражуліс паведаміў, што з пасланцом ЗША абмяркоўваў нежаданьне Літвы супрацоўнічаць на палітычным узроўні з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Як вядома, беларускі бок цісьне на Літву, заклікаючы пачаць дыялёг зь Менскам на ўзроўні міністраў, аднак Літва адмаўляецца гэта рабіць», — паведаміла LRT.
Дэпутаты і амэрыканскі прадстаўнік дамовіліся моцна не афішаваць гэтую сустрэчу, бо «Аляксандар Лукашэнка рэагуе вельмі чуйна», спасылаецца рэсурс на словы аднаго з дэпутатаў.
Дэпутаты лічаць, што адмова літоўскага боку сфармаваць дэлегацыю і весьці перамовы на палітычным узроўні зь Беларусьсю для вырашэньня ўсіх пытаньняў была памылковай.
«Калі Дональд Трамп вядзе перамовы, тэлефануе і шукае кантакт, нам ня варта занадта дэманстраваць сваю прынцыповасьць», — сказаў Пятрас Гражуліс.
Каб вяліся перамовы, літоўскія фуры, якія захрасьлі ў Беларусі, ужо былі б вызваленыя, лічыць ён.
«Нашая пазыцыя адрозьніваецца ад афіцыйнай. Я думаю, што амэрыканцы хочуць зразумець, чаму няма супрацоўніцтва і перамоваў, чаму не ствараецца палітычная група для дыялёгу. Аляксандр Лукашэнка прызначыў міністра замежных справаў для перамоваў, але літоўскі бок адмовіўся. Магчыма, амэрыканцы хочуць пачуць іншы пункт гледжаньня — чаму вы так думаеце і чаму адбываецца менавіта так», — сказаў LRT эўрадэпутат Пятрас Гражуліс.
Паводле Гражуліса, на сустрэчы таксама абмяркоўваліся пытаньні санкцыяў на ўгнаеньні. Ён адзначыў, што гэтыя санкцыі, на яго думку, выгадныя Ўладзіміру Пуціну і шкодзяць Літве, бо цэны на ўгнаеньні вырасьлі, а расейская кампанія «Уралкалій» пачала атрымліваць вялікія прыбыткі.
Паводле яго словаў, Джон Коўл выказаў надзею аддзяліць рэжым Лукашэнкі ад Уладзіміра Пуціна, хоць пакуль не зразумела, як гэта можна будзе зрабіць.
Прэзыдэнт Наўседа з нагоды гэтай сустрэчы дэпутатаў сказаў:
«Я думаю, што перад сустрэчай з такімі дзеячамі трэба было б вельмі добра высьветліць, каго яны прадстаўляюць, якія каштоўнасьці абараняюць. І тады, магчыма, будзе менш жадантня сустракацца».
