«Мой спосаб прапаведаваць Божае Слова». Схадзілі ў мацоўню з беларускім ксяндзом, што вядзе блог пра спорт

Ксёндз Зміцер у мацоўні Kuźnia – Centrum Atletyki. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

У польскай Лодзі ўжо чатыры гады служыць ксёндз з Беларусі – Зміцер Прыступа. Ён быў вымушаны пакінуць радзіму ў 2020 годзе. Прычына была такая ж, як і ў тысячаў іншых беларусаў – пагроза рэпрэсіяў і зняволення. Цяпер ксёндз развівае беларускае душпастырства, а з нядаўняга часу – вядзе блог, у якім спалучае сваё святарскае пакліканне і захапленне спортам. Журналісты «Белсату» з’ездзілі ў госці да святара і схадзілі разам з ім на трэніроўку ў мацоўню.

Амапавец на дарозе і ад’езд з Беларусі

Сустракаемся з ксяндзом Змітром каля касцёлу Святога Юзэфа ў цэнтры Лодзі. Гэтая ўтульная драўляная святыня, пабудаваная ў другой палове XVIII стагоддзя, – самая старая ў горадзе. Якраз тут месціцца беларускае душпастырства. Ксёндз Зміцерраспачаў тут сваё служэнне ў 2022 годзе. У Польшчу ж прыехаў у жніўні 2020-га.

Рашэнне тады давялося прымаць хутка – так атрымалася, што святар на сваёй машыне ў Баранавічах зачапіў амапаўца, які быў на праезнай частцы – тады поўнай хадой ішлі здушэнні пратэстаў.

«Я яго не бачыў. Было цёмна, і яны ўсе былі ў чорным без апазнавальных знакаў. Я не паспеў затармазіць, а калі б паспеў – зразумела, чым бы гэта скончылася. Таму я вырашыў, што трэба ратаваць сябе, і адразу з’ехаў з Беларусі. Амапавец той не пацярпеў, але справу супраць мяне завялі», – прыгадвае тыя падзеі ксёндз Зміцер.

Польшча не была для святара новай і незнаёмай краінай – ён раней вучыўся тут у кляштары ордэну сэрцанаў. У Беларусь вярнуўся перад святарскім пасвячэннем, якое атрымаў у 2019 годзе ў Ляхавічах. Там жа малады ксёндз быў вікарыем у касцёле, аднак ужо праз год Беларусь давялося пакінуць.

Святар запрашае нас да сябе – ён жыве ў кватэры ў старым доме побач з касцёлам.

«Не баіцеся вялікіх сабак?» – пытаецца ксёндз, перад тым як адчыніць дзверы.

На парозе нас сустракае нямецкая аўчарка Бро – ксёндз Зміцер прывёз яго ў Польшчу з Беларусі. Бро вельмі сяброўскі і гуллівы, а прытым разумны. Гаспадар вадзіў сабаку на заняткі да кінолага, дзе яго вучылі быць сапраўдным абаронцам.

Ксёндз Зміцер са сваім сабакам Бро ў сябе дома. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

У кампаніі Бро ксёндз Зміцер паказвае нам сваё сціплае жытло і запрашае на кухню выпіць кавы з беларускай шакаладкай – нядаўна прыязджалі госці з радзімы і прывезлі пачастунак.

«Дзякую Богу, што я цяпер тут»

Размову за кавай пачынаем ад самага пачатку – дзяцінства, якое будучы святар правёў у Баранавічах, і моманту, калі ён адчуў пакліканне да святарства.

«Я вырас у рэлігійнай сям’і. У мяне было каталіцкае выхаванне. Бацькі заўсёды святкавалі нядзелю, усе абрады і традыцыі, я хадзіў на заняткі з рэлігіі. Тата быў з каталіцкай сям’і. Яны з мамай бралі шлюб у касцёле», – расказвае ксёндз Зміцер.

Наш суразмоўца не марыў з самага дзяцінства аб святарстве, аднак постаць ксяндза заўсёды цікавіла яго.

«Мне здаецца, кожны задае сабе пытанне, калі бачыць святара – як ён ходзіць у гэтай сукенцы? А мне было цікава – ці зручна ў гэтым строі хадзіць у туалет? (смяецца. – Рэд.). Але доўгі час у мяне былі іншыя прыярытэты. Я хацеў стаць механікам грузавых машын, а яшчэ дальнабойшчыкам, услед за татам. Але аднойчы ўсё змянілася за адзін дзень, і я пайшоў у семінарыю», – расказвае беларус.

Будучы святар вырашыў, што калі яму прыходзяць думкі пра семінарыю, то гэта не проста так і варта паспрабаваць. Пры гэтым баранавічанін пакідаў сабе права сысці, калі зразумее, што гэта не ягоны шлях. Аднак у выніку пераканаўся, што зрабіў слушны выбар.

Ксёндз Зміцер у сябе дома. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Гэткім жа правільным крокам ксёндз Зміцер лічыць ад’езд з Беларусі, і нават перакананы, што тады на той дарозе ў Баранавічах яго вёў Бог.

«Я дзякую Богу, што я цяпер тут. У Беларусі мне было б вельмі цяжка. Мне як святару трэба казаць праўду, а я не ведаю, як гэта рабіць у тых умовах, што там цяпер. Я, хутчэй за ўсё, ужо сядзеў бы. Людзей з маім падыходам, характарам там адразу ламаюць. Я не ўпэўнены, што я гатовы да працы ў тых умовах, па факце – надзвычайных. У семінарыі такому не вучаць. А беларускіх святароў, напэўна, цяпер трэба рыхтаваць да працы ў крызісных умовах», – зазначае святар.

Ксяндзы, якія працуюць у Беларусі, расказваюць нашаму суразмоўцу, што там увесь час «трэба пільнавацца», каб не сказаць «лішняга».

Супрацоўнікі КДБ прыходзяць нават у канфесіянал нібы на споведзь, а насамрэч правакуюць. Акрамя таго, могуць і праслухоўваць, і весці запіс праз тыя ж тэлефоны ці смарт-гадзіннікі.

«Гэта для святароў ёсць забарона спавядаць з гадзіннікамі, бо праз іх можна праслухоўваць. А таму, хто да цябе прыходзіць, як ты забароніш?» – кажа ксёндз.

«Яны хацелі стварыць Новую Беларусь, і правадыром на гэтым шляху быў Бог»

Наш суразмоўца захапляецца святарамі, якія застаюцца працаваць у Беларусі, бо «гэта найвялікшая цнота, калі хтосьці жыццё сваё аддае за сяброў сваіх, за праўду». Але не ўсе так могуць.

«Канечне, я б схіліў галаву перад такім чалавекам, святаром, які б пайшоў да апошняга. Такія вялікія постаці былі ў польскім Касцёле. Напрыклад, гэта Ежы Папялушка, кардынал Стэфан Вышынскі, святы Папа Ян Павел ІІ. Яны былі нязломныя».

Ксёндз Зміцер у касцёле. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Святар згадвае, што ў беларускай гісторыі падобныя постаці былі на пачатку ХХ стагоддзя. Тады святары і духоўная інтэлігенцыя стаялі ля вытокаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Яны разам хацелі стварыць Новую Беларусь. Атрымалася? Атрымалася. Таму што правадыром на гэтым шляху быў Бог. У Ягоны голас услухоўваліся. А цяпер у чый голас мы ўслухоўваемся?» – пытаецца святар.

Згадваем, што, тым не менш, у 2020 годзе на беларускі Касцёл была вялізная надзея як на маральны аўтарытэт. З амбонаў гучалі натхняльныя казанні, дзе-нідзе духоўныя асобы выходзілі на маршы падтрымаць беларусаў. У медыях гаварылі пра Польшчу часоў «Салідарнасці» і ролю, якую там адыграў Касцёл у падзенні камунізму.

Але сёлета, праз 6 гадоў, на галоўным беларускім каталіцкім партале раптам з’яўляецца віншаванне ад мітрапаліта з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, што паводле савецкай традыцыі адзначаецца 23 лютага, адрасаванае міністру абароны Віктару Хрэніну.

Што здарылася і чаму не атрымалася?

«Таму што ў нас у грамадстве няма Бога і месца для Яго, – без ваганняў адказвае ксёндз Зміцер. – У Польшчы ад дзядоў і прадзедаў перадаецца вера. Ну ладна, цяпер гэта мо не зусім так выглядае, але ў часы камунізму гэта было так, і ў людзей тады была мэта. У нас такога няма. Ну, і каталікі – вельмі малая частка нашага грамадства: 12–13 %. У той час як праваслаўная Царква рыхтуе да нейкіх іншых змаганняў, але напэўна не да барацьбы за сваю душу».

«Без Бога кожны раз будзе атрымлівацца новы рэжым»

Ксёндз Зміцер у касцёле. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Ксёндз Зміцер вельмі катэгарычны ў ацэнках перспектываў Беларусі, калі захаваецца цяперашні расклад – без Бога ў нас няма шанцаў на незалежнасць і сапраўдную дэмакратыю.

«Бо так кажа Святое Пісанне. Калі паглядзець на ізраільскі народ, які 40 гадоў хадзіў па пустыні – пакуль не вымерла тое пакаленне, не ачысцілася, Бог не даваў ім зямлі абяцанае. І мы пасля Лукашэнкі яшчэ будзем гэтак жа хадзіць», – кажа ксёндз.

Ксёндз Зміцер у сябе дома. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Святар падкрэслівае, што ў ізраільскага народу нічога не атрымлівалася, пакуль ён не звярнуўся да Бога, і так будзе і ў беларусаў:

«Мы можам прагнуць зрынуць адзін рэжым, другі, трэці, але без Бога кожны раз будзе атрымлівацца новы рэжым», – перакананы святар.

Гэтую думку ксёндз спрабуе данесці да іншых беларусаў, у тым ліку праз душпастырства.

Беларуская парафія ў Лодзі невялікая – на святы прыходзяць да 50 чалавек, са словаў ксяндза. Аднак у той жа час апошнім часам заўважная тэндэнцыя прыходу да каталіцтва тых, хто раней не верыў – беларусы шукаюць свой шлях і знаходзяць яго ў веры. У польскім Касцёле яны маюць магчымасць і ўзбагаціцца ад больш адукаваных у рэлігіі парафіянаў, якія падыходзяць да яе на інтэлектуальным узроўні, і ўзбагаціць іх нашай моцнай традыцыйнай верай, зазначае святар-беларус.

Пасля кавы ксёндз Зміцер правёў нам экскурсію па касцёле, які моцна нагадаў беларускія драўляныя святыні ў вёсках у заходняй частцы нашай краіны, паказаў канфесіянал, у якім спавядае – відавочна, старажытны, магчыма, з часоў пабудовы храму.

Ксёндз у Instagram

Далей едзем разам у мацоўню – святар займаецца штодня, акрамя нядзелі, а мы прыехалі ў працоўны дзень, таму трэніроўку ніяк не выпадала прапусціць. Дый, шчыра кажучы, мы самі вельмі хацелі ўбачыць менавіта гэтую частку жыцця беларуса, якую апошнім часам ён актыўна паказвае ў Instagram, і пагутарыць пра яе.

Ксёндз Зміцер у сябе дома. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Блог ксёндз Зміцер пачаў развіваць не так даўно, каля двух месяцаў таму, але ён ужо мае больш за 4,5 тысячы падпісчыкаў. У прафесійна зробленых відэа святар паказвае свае трэніроўкі, фрагменты Імшы ў касцёле, нейкія элементы паўсядзённага жыцця – ранішнюю каву, шпацыр з сабакам. Але найбольш канцэнтруецца на спорце і спалучэнні яго з духоўным жыццём.

Ролікі аўтар суправаджае тэкстамі, якія падштурхоўваюць да глыбейшага разважання. Святар заўважае, што блог прыцягвае людзей у тым ліку ў Касцёл, скіроўвае да веры.

«Я сыходжу з думкі, што я тут не проста так пастаўлены Богам, што мне трэба штосьці даваць ад сябе людзям тут і цяпер. І я падумаў, што калі я змагу натхніць некага сваімі відэа, гэта ўжо будзе шмат. І некаторыя мне пішуць, што купілі Святое Пісанне, пачалі зноў спавядацца, хадзіць у касцёле, гледзячы на мяне. Такіх людзей няшмат, але калі мой блог дапаможа хаця б аднаму чалавеку, я буду лічыць, што мая мэта выкананая. А мэта мая – нясенне Божага слова, і спорт – мой спосаб прапаведаваць», – кажа святар.

Ксёндз Зміцер ля касцёлу. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Да стварэння блогу беларуса падштурхнула таксама тэндэнцыя да абразаў у бок святароў у Польшчы. Наш суразмоўца ў адказ хацеў паказаць, што значыць – святарства, і чаму ён ганарыцца быць святаром.

«Мне хацелася паказаць, што я, па-першае, чалавек, а па-другое – святар, які таксама мае сваё жыццё і цешыцца з яго. І што святар можа займацца спортам, які ў сваю чаргу дапамагае ў духоўным жыцці – выпрацоўвае дысцыпліну, сталасць. Калі ты хочаш нечага дасягнуць у спорце, табе патрэбныя дысцыпліна, самаадмаўленне, ты не можаш ісці на кампрамісы. Ведаеце, як часта зранку цяжка ўставаць ці пасля абеду хочацца проста паляжаць на канапе? Але я разумею, што калі даць слабіну, вынікаў не будзе. Тое самае ў веры – ты таксама мусіш штосьці з сябе даць, каб наблізіцца да Бога», – тлумачыць наш суразмоўца.

Што святар робіць з увагай жанчын?

Спорт, як і вера, з ксяндзом Зміцерам з дзяцінства – у школе ён займаўся боксам. Цяпер, акрамя сілоўні, ходзіць на заняткі ММА (змяшаныя баявыя адзінаборствы). Біскуп, дарэчы, цалкам падтрымаў яго ў гэтым хобі. А ў сілоўні, куды беларус ходзіць ад першых дзён у Лодзі, навіна пра тое, што ён – ксёндз, выклікала шок:

«Даведаліся, калі я завёў гэты Instagram. Яны ведалі мяне як звычайнага культурнага чалавека, і былі моцна здзіўленыя (смяецца – рэд.)».

Ксёндз Зміцер у сілоўні Kuźnia Centrum Atletyki w Łodzi. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

У перапынку паміж практыкаваннямі ксёндз Зміцер заўважае, што ў сілоўнюі прыйшла жанчына са смуглай скура і прыгожай падцягнутай фігурай. Ён падышоў да яе павітацца.

«Гэта адна з самых вядомых блогерак у Лодзі. Яна прафесійна займаецца бодзібілдынгам. Лічу, што такіх людзей трэба падтрымліваць, гэта цяжка праца», – тлумачыць святар.

А мы не можам не запытацца, ці не выклікае захапленне спортам і публічнасць падвышаную ўвагу з боку супрацьлеглага полу.

«Так, канешне, як заўсёды. Гэта звычайная рэч, – спакойна адказвае святар. – Але я канкрэтна стаўлю межы. Мы не выходзім на больш глыбокія тэмы, размовы. Калі камусьці патрэбная дапамога – я заўсёды гатовы. А калі зацікавіць штосьці большае, то якая мая ў гэтым віна? Калі хтосьці мае з гэтым праблемы, то няхай іх вырашае сам».

«Ці не было ў вас за ўсе гэтыя гады сумневаў у абраным шляху? Думак пра тое, якім было б жыццё ў сям’і?» – пытаемся.

«Канешне, былі. Гэта ж нармальна. Я ж нармальны мужчына. Хіба, кожны здаровы мужчына, нават калі ў яго ёсць жонка, таксама часам задае пытанні – ці тую ён выбраў і ці будзе ён з ёй да канца свайго жыцця? І калі такія сумневы прыходзяць, трэба наноў адказаць сабе на пытанне пра сваю мэту і выбар», – кажа святар.

Дзень народзінаў ксяндза Зміцера – 25 снежня, акурат на Божае Нараджэнне. Таму робім дапушчэнне – а раптам справа не ў выбары, а ў тым, што яму было наканавана стаць святаром – праз такую сімвалічную дату?

«Тут увесь сімвалізм у тым, каб я не атрымліваў падарункі на свой дзень народзінаў», – смяецца ў адказ суразмоўца.

«Беларусь пераможа, калі вернецца да Бога»

Ксёндз Зміцер у сілоўні Kuźnia Centrum Atletyki w Łodzi. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Ксёндз Зміцер адчувае сябе шчаслівым там, дзе ён ёсць. Яму падабаецца Лодзь. Настальгіі па Беларусі не адчувае, і паехаць бы туды аднойчы хацеў хутчэй як турыст ці ў госці – «наведаць блізкіх сяброў, могілкі блізкіх, касцёл, у якім быў ахрышчаны».

«А вось служыць, хіба на 90% не. Нават калі б усё змянілася. Магчыма, падумаў бы пра вяртанне, калі б былі адчыненыя межы і Беларусь ужо была Еўропай. У цяперашняй сітуацыі – не. Не хачу вяртацца туды, дзе ты ва ўсім абмежаваны», – кажа святар.

«А ці вы верыце ў Беларусь і ў тое, што яна пераможа» – пытаемся.

«Так. Калі яна вернецца да Бога. Я не маю іншага адказу. Я ўжо пераканаўся ў гэтым шмат-шмат разоў. І гэта можа быць доўгі шлях. Але ён будзе пэўным. І нічога не будзе, пакуль тыя ж дзеячы апазіцыі будуць казаць пра вызваленне Беларусі, але ў віншаваннях з Божым Нараджэннем ці Вялікаднем добра калі адным сказам згадаюць Хрыста», – адказвае ксёндз Зміцер.

Ксёндз Зміцер у сілоўні Kuźnia Centrum Atletyki w Łodzi. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Дзякуючы ксяндзу Зміцеру, у беларусаў-каталікоў і не толькі, што жывуць у Лодзі, сёлета, як і ў папярэднія гады, на Вялікдзень будзе магчымасць прыняць удзел у беларускамоўнай службе. Напярэдадні будзе Вігілія разам з палякамі.

Ксёндз Зміцер у сілоўні Kuźnia Centrum Atletyki w Łodzi. Лодзь, Польшча. 26 сакавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Беларусаў у гэты Вялікдзень святар просіць не засяроджвацца на вонкавым і тым больш паганскім.

«Хачу пажадаць, каб гэты Вялікдзень стаў сапраўдным уваскрэсеннем Хрыста ў сэрцы. Не днём булак, яек, трусоў, а таго Хрыста, які ўваскрэс, аддаў сваё жыццё за цябе і мяне, адзінай мэтай жыцця якога было ўратаваць нас ад граху і зрабіць вольнымі людзьмі. І калі мы імі станем, то і нашая бацькаўшчына атрымае вольнасць, якой мы так для яе жадаем», – звярнуўся да беларусаў святар.

Ганна Ганчар, belsat.eu