
Дарагія мае Суродзічы, Сябры Беларусы!
Перад усім хочу прывітаць усіх Вас з нашым вялікім нацыянальным Сьвятам – 25-м Сакавіком.
25-га Сакавіка 1918-га году, наш народ, пасьля амаль паўтара стагодздзя няволі, абвясьціў сьвету, што ён “ськідае з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якую гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край”.
Хочу прыпомніць тут што наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі ўжо паўстагодзьдзя раней папярэджваў наш народ, што зажыве ён свабодна толькі калі маскаля над ім ня будзе. Гэтыя словы нашая гісторыя пацьвярджае. Менавіта бальшавіцкая Расея патапіла ў крыві незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Менавіта з Масквы ішлі загады на зьнішчэньне ў Курапатах нацыянальнай творчай і навуковай эліты, на ліквідацыю працавітага сялянства. Памкненьні беларусаў да свабоды і незалежнасьці свайго краю нязьменна душыліся. Нам даводзілася цярпець і фізычны, і духоўны Чарнобыль. А нядоўгі час нацыянальнага Адраджэньня быў спынены стаўленікам Масквы Лукашэнкам.
Нажаль, пасьля ледзь не стагодзьдзя акупацыі і хітрай прапаганды з боку тае самае Масквы, сьвет забыўся пра беларусаў пакуль наш народ ня прыпомніў яму у 2020-м годзе пра нашае існаваньне! Толькі дзякуючы Вашаму гераізму і адвазе сотняў тысяч Беларусаў, якія выйшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на вуліцы Беларусі, мы аджылі! Калі-б зноў ня ўмяшалася Масква, магчыма мы ўжо жылі-б у нашым вольным краю. І не змагаліся б сёньня за вызваленьне тысячаў палітычных вязьняў, якія яшчэ ўсё сядзяць за кратамі ў Беларусі.
Дарагія мае суродзічы Беларусы, не дазвольце нашым адвечным ворагам зьдзекавацца над Вамі толькі таму што гэта выгадна аднаму чалавеку! Не давайце нікому называць Вас агрэсарамі суседняй краіны. Мы стары Эўрапейскі народ – нашае месца ў дэмакратычнай Эўропе -і толькі тады, калі мы станемся незалежнымі ад так званага “старэйшага брата” – толькі тады мы зоймем тое пачеснае месца між цывілізаванымі народамі сьвету, на якое мы маем поўнае права!
Хочацца верыць што тады ні Масква ні тэрор ня згасяць тае паходні, якую мы будзем несьці шчыльнымі радамі наперад.
Дарагія мае Сябры, прашу тых з Вас, хто яшчэ не далучыўся да змаганьня за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны, каб памяталі што будучыня наша залежыць ад кожнага і кожнае з нас! Так як нашыя продкі ў 1918-м годзе, разам мы вызвалім наш мілы і чароўны край!
Дык памажы нам Божа!!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
