
Беларускія актывісты працягваюць дапамагаць палітвязням, якія вымушана апынуліся ў эміграцыі. Аказваецца падтрымка і зняволеным, якіх вызвалілі 19 сакавіка 2026-га. Пра гэта і не толькі праваабаронца, феміністка і грамадская актывістка Наста Базар распавяла «Радыё Рацыя».
РР: У якім стане цяпер знаходзіцца дапамога палітвязням, якіх вызвалілі нядаўна?
Наста Базар: Тыя, да каго ёсць дасяг, гэта тыя, каго вывезлі. З іх трое прыехалі ў Варшаву. Астатнія засталіся ў Літве. І наколькі мне вядома, імі займаюцца, у іх ёсць падтрымка. Я бачыла інфармацыю, што ўжо пачалася медычная дапамога. І ведаю, што ЦБС прадстаўляе юрыдычную дапамогу па легалізацыі. Ведаю, што і палітыкі ўключаны таксама, таму што я чула, што на адной з сустрэч Павел Латушка казаў, што ён размаўляў пра гэтых трох былых палітвязняў. Ну і, безумоўна, у Літве імі таксама займаюцца. Там ёсць і шэлтар, там ёсць і прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы і таксама арганізацыі, якія займаюцца гэтымі людзьмі.
Больш, канешне, хвалююць людзі, якія засталіся ў Беларусі, таму што я не ўпэўнена, што да ўсіх ёсць як мінімум кантакт. І, канешне, пытанне ў тым, ці ўсе хацелі насамрэч заставацца ў Беларусі. І калі ў іх ёсць жаданне з’ехаць, ці будзе ў іх такая магчымасць. Таму для мяне важнае пытанне, як можна падтрымаць гэтых людзей.
Безумоўна, я ўпэўнена, што ёсць тыя, хто спрабуе падтрымліваць з-за межаў, але гэта не тое, пра што варта гаварыць. Таму я ўвесь час паўтараю, што кожны і кожная можа пачынаць з мікрадзеянняў, а не з нейкіх глабальных падтрымак. І казала пра гэта і паўтараю заўсёды, што, калі вы ў Беларусі, проста звярніце ўвагу на тых, хто каля вас, упэўнена, што ў большасці людзей у Беларусі ёсць нехта сярод знаёмых ці родных, хто альбо зараз знаходзіцца ў зняволенні, альбо толькі выйшлі. І простая дапамога – дапамагчы набыць прадукты, прыйсці і пабыць побач, паразмаўляць, сустрэцца. Гэта таксама насамрэч вельмі шмат. Безумоўна патрэбная медычная дапамога. Патрэбны грошы. Патрэбна аднаўленне. І чалавечы кантакт нікому нельга забараніць рабіць. Гэта тое, што можа шмат даць. Таму трэба звяртаць увагу на такія простыя рэчы.
РР: Тыя палітвязні, якія былі вызваленыя ў снежні, частка з іх прыехала ў Цэнтр беларускай салідарнасці, калі яны апунуліся на тэрыторыі Еўразвязу. І пасля таго, як яны раз’ехаліся па шэлтарах, па гатэлях, яны зноў прыязджалі на гарбату сюды да вас у Цэнтр. Зараз гэтая гісторыя працягваецца?
Наста Базар: Так, таму што ЦБС арганізаваў вывучэнне польскай мовы, і большасць людзей, якія прыехалі ў Польшчу і засталіся ў Варшаве, яны працягваюць хадзіць сюды на польскую мову. Плюс, у нас ёсць прастора з вопраткай, абуткам і посудам. І па-ранейшаму ўсё гэта можна прыносіць. ЦБС працуе з 9-ай да 19-ай кожны дзень, акрамя нядзелі. І калі ў вас ёсць добрыя рэчы, вам непатрэбныя, можна іх нам прыносіць.
