
Хактывісты заяўляюць, што не чапалі базы звестак і іншай інфармацыі, не ламалі сайту і не адключалі яго. Але ў будынку бібліятэкі чамусьці няма інтэрнэту, сайт адключаны, дыстанцыйнага доступу да каталогу няма.
Беларускія хакеры-актывісты «Кіберпартызаны» 27 сакавіка ўзламалі сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і размясцілі там віншаванне з Днём Волі.
Гэта выклікала працяглыя наступствы. Па-першае, сайт стаў недасяжны на працяглы час – як сказалі «Зеркалу» ў бібліятэцы, да канца гэтага тыдня аднаўлення сайту не чакаюць. Праз гэта чытачы не маюць дыстанцыйнага доступу да электроннага каталогу бібліятэкі. У самім будынку Нацыянальнай бібліятэкі няма інтэрнэту – чытачам прапануюць карыстацца сваім мабільным інтэрнэтам.
Атаку на сайт бібліятэкі некаторыя крытыкавалі. У ліку крытыкаў быў вядомы папулярызатар навукі Сяргей Бесараб. Яго абурыла тое, што перастаў працаваць электронны каталог бібліятэкі. Ён дапускаў, што хактывісты пашкодзілі базы звестак – а гэтыя звесткі «належаць не ўладам, не Лукашэнку, не чыноўнікам – яны належаць гісторыі і наступным пакаленням». На нейкія навіны на сайце бібліятэкі, перакананы ён, ніхто і не глядзеў: усе заходзілі на сайт, каб карыстацца каталогам.
Недасяжнасцю сайту абурыўся таксама вікіпедыст Уладзіслаў Чаховіч: там размешчаныя дзве базы, «без якіх немагчыма пашыраць беларушчыну»: зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі і онлайн-энцыклапедыя «Беларусь у асобах і падзеях».
Паэтка Ганна Комар згадала, што пасля хакерскай атакі на Брытанскую бібліятэку ў 2023 годзе каталог не працаваў нармальна больш за год.
«Кіберпартызаны» адказалі. Яны заявілі, што базы звестак і любая іншая інфармацыя не пацярпела. На сайце толькі змянілі выявы – «не ламалі і не адключалі яго», «адключэннем сайтаў займаюцца толькі лукашысты».
«Паводле аналогіі гэта можна параўнаць з тым, што актывісты павесілі плакаты з віншаваннямі на вонкавых дзвярах бібліятэкі, а іх спрабуюць абвінаваціць у падпале яе будынкаў і архіваў, – напісалі «Кіберпартызаны». – Вядома, на працу ўнутры сістэмаў бібліятэкі нашая акцыя з сайтам не ўплывае і не можа паўплываць».
Бесараба такі адказ не задаволіў. Ён заклікаў у працы з такімі далікатнымі аб’ектамі, як бібліятэкі, быць максімальна празрыстымі, бо «любая памылка або дваістае трактаванне будзе скарыстанае для ўдару па вашай жа рэпутацыі». Акцыю, кажа ён, ужо скарысталі «з іншага боку».
