
У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце прайшоў анлайн Дзень адкрытых дзвярэй, падчас якога будучым абітурыентам распавялі пра ўмовы паступлення на 2026/2027 навучальны год і магчымасці навучання ў Вільні.
Прадстаўнік універсітэта Алег Буркоў падкрэсліў, што ЕГУ ў першую чаргу арыентуецца на беларускіх абітурыентаў у выгнанні і імкнецца стварыць для іх бяспечную і якасную адукацыйную прастору:
– Літва адна з самых даступных краін у Еўрапейскім звязе для студэнтаў. Мы існуем ужо больш 30 гадоў. За гэты час у нас было больш пяці тысяч выпускнікоў. Маем больш 80-ці ўніверсітэтаў-партнёраў па ўсім свеце. Таксама ў нашым універсітэце вучацца студэнты больш чым з 20-ці краін.
Пра фінансавыя магчымасці і формы падтрымкі распавяла Гертруда Гайдамавічуце, адзначыўшы, што студэнты могуць разлічваць на розныя віды дапамогі:
– У першым семестры навучання абітурыенты могуць падавацца толькі на гранты, або на сацыяльную стыпендыю, якая з’яўляецца асобным відам падтрымкі, яна не залежыць ад акадэмічных дасягненняў. Там ёсць асобныя крытэрыі. І на сацыяльную стыпендыю можна падавацца ўжо з першага семестру, калі ў гэтым ёсць неабходнасць.
Прыём дакументаў у ЕГУ сёлета стартуе 7 красавіка і працягнецца да 9 жніўня. Арганізатары заклікалі ўсіх зацікаўленых сачыць за наступнымі сустрэчамі і звяртацца ў прыёмную камісію ў выпадку дадатковых пытанняў.



