Дэкада Дня волі ў Беластоку завяршылася спектаклем

Паказам спектакля «Мая мама ў турме» ў Падляшскай бібліятэцы імя Лукаша Гурніцкага 31 сакавіка завяршылі дэкаду адзначэння Дня Волі ў Беластоку. Пастаноўка па кнізе Вольгі Вялічкі «Мая мама ў турме. Ад двух да пятнаццаці» была арганізаваная беларускім тэатрам з Вільні «VARTA».

Гавораць – рэжысёрка і кіраўніца тэатра Наталля Лявонава, гледачы і арганізатары пастаноўкі:

– Вельмі энергетычны глядач сёння быў. Нам дарослым людзям, якія ўдзельнічаюць у гэтым спектаклі, і дзецям. Мы вельмі ўражаныя, наколькі ішла цёплая агульная энергія ад глядацкай залы, таму што гэта ж наша хворая тэма.

– Вельмі цешыць нас тое, што тут сёння было пэўна 160 чалавек. Большасць з іх гэта палякі. Гэта людзі, якія жывуць у Беластоку.

– Для нас было вельмі важна, каб гэты спектакль пабачала як найбольш палякаў, якія жывуць у Беластоку, бо пра гэта не шмат вядома ў польскім грамадстве.

– Гэты спектакль вельмі эмацыйны.

– Я ўжо другі раз на гэтым спектаклі, і другі раз я не магу стрымаць слёз, таму што я таксама была ў турме і ведаю, што там творыцца.

Пастаноўка спектакля «Мая мама ў турме» адбылася ў рамках адзначэння Дня Волі ў Беластоку, дзякуючы супрацы мясцовых уладаў, Падляшскай бібліятэкі і Фонду OKNO NA WSCHOD.

Юрась Дзяшук, racyja.com