
Дарагія сябры!
Віншуем вас з нашым найвялікшым нацыянальным святам – Днём Волі! 108 гадоў таму ў гэты самы дзень, 25 сакавіка, была здабыта беларуская дзяржаўнасць, абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларусы заявілі на ўвесь свет пра сваё права гаспадарыць на ўласнай зямлі. Такім чынам быў закладзены падмурак суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Сёння ў Беларусі Дзень Волі пад забаронай, але яго шырока адзначаюць беларускія дыяспары па ўсім свеце, і мы верым, што прыйдзе дзень, калі 25 сакавіка вернецца і ў Беларусь і будзе адзначацца як сапраўднае агульнанацыянальнае свята ў кожным горадзе і ў кожнай вёсачцы.
А пакуль беларусы ў Беларусі могуць адзначаць свята ў сваім сямейным коле, бо галоўнае, што застаецца з намі і што не можа адабраць ні адна ўлада, – нашы каштоўнасці, вера ў лепшую будучыню свайго народа, імкненне да свабоды.
Беражыце сябе і заставайцеся беларусамі ў любой кропцы свету!
Са святам!
Будзьма беларусамі!
Жыве Беларусь!
