
Еўразвяз асуджае пастанову Вярхоўнага суда Беларусі прызнаць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні «экстрэмісцкай арганізацыяй». Заява апублікаваная на сайце вонкавапалітычнай службы ЕЗ.
Прызнанне ЕГУ «экстрэмісцкім» Еўразвяз называе «відавочным і неабгрунтаваным нападам на акадэмічную свабоду, свабоду выказвання меркаванняў і фундаментальнае права на адукацыю».
У заяве нагадваецца, што Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт шмат гадоў забяспечвае якасную адукацыю беларускім студэнтам, у тым ліку вымушаным пакінуць краіну праз рэпрэсіі ў сваёй краіне. Дзякуючы падтрымцы ЕЗ сотні беларускіх студэнтаў атрымалі стыпендыі і дапамогу ў пражыванні, што дазволіла ім развіваць свае веды і рабіць свой унёсак у грамадства.
«Называнне акадэмічнай установы «экстрэмісцкаю» – гэта яшчэ адзін прыклад сістэматычных намаганняў рэжыму ў абмежаванні крытычнага мыслення, запалохванні моладзі і далейшым разбурэнні грамадзянскай прасторы як у Беларусі, так і за яе межамі. Гэтая пастанова ёсць часткай шырэйшай схемы рэпрэсіяў, скіраваных супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і адукацыйных дзеячаў. Еўразвяз пацвярджае сваю поўную падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, яго студэнтаў, выкладчыкаў і выпускнікоў. Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна адмяніць гэтае рашэнне і спыніць рэпрэсіі супраць беларускага народу», – гаворыцца ў заяве.
Раней міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс рэзка раскрытыкаваў пастанову ўладаў Беларусі прызнаць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт «экстрэмісцкай арганізацыяй» і выказаў падтрымку ВНУ.
Сам Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт лічыць пастанову Вярхоўнага суда Беларусі незаконнай, а пераслед называе актам помсты грамадзянам Беларусі з боку ўладаў. Навучальная ўстанова ў каментары «Белсату» зазначыла, што пастанова была прынятая завочна і не грунтуецца на якіх-небудзь рэальных фактах або доказах.
14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт «экстрэмісцкай арганізацыяй». Генеральная пракуратура заявіла, што ЕГУ працуе на «дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнага становішча ў Беларусі, дае метадычную, арганізацыйную і фінансавую дапамогу прадстаўнікам радыкальна палітызаваных групаў» і рыхтуе беларускую моладзь «да рэалізацыі заходніх сцэнароў трансфармацыі палітычнай сістэмы».
ЕГУ працуе ў Вільні з 2005 года як універсітэт у выгнанні. Прызнанне яго «экстрэмісцкай арганізацыяй» дзяржаўныя СМІ анансавалі яшчэ ў пачатку 2024 года, а ў верасні Генпракуратура звярнулася ў суд з адпаведным пазовам.
