Сяргей Навумчык: Чаго чакаць дробнаму беларускаму чыноўніку ад прыходу Расеі?

Фота Паўла Хадзінскага

Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале разважае аб незайздросным лёсе чыноўнікаў, калі на месцы кіраўнікоў прыйдуць «вагнераўцы» і запрошаныя зоркі з-за Уралу.

Мяне заўсёды зьдзіўляе, калі пачынаюць разважаць пра беларускую намэнклятуру (будзем разумець пад гэтым тэрмінам цывільны чынавенскі апарат) як пра самастойную сілу. Якая нібыта вельмі ўплывовая і можа адыграць вырашальную ролю.

Ад асобнага чыноўніка ў жыцьці простага чалавека, можа, сапраўды залежыць шмат, і часам нават само жыцьцё. Але ад чынавенства як супольнасьці ў сёньняшняй Беларусі залежыць вельмі мала.

Пэрыяд пасьля жніўня 2020-га зафіксаваў поўнае падпарадкаваньне намэнклятуры спэцслужбам. (Тое самае адбылося і ў Расеі — упершыню ў яе гісторыі. Ні пры царскай манархіі, ні пры камуністычным рэжыме тайная паліцыя не кіравала чыноўнікамі).

Ужо даўно ніводнае прызначэньне на колькі-небудзь значную пасаду не адбываецца без узгадненьня з КДБ. Цяпер, наколькі вядома, чэкісты правяраюць чынавенства і членаў іх сем’яў на наяўнасьць прозьвішчаў у падпісных лістах за альтэрнатыўных кандыдатаў у часе прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. З наступнымі «аргвысновамі», трэба думаць.

Сёньня чынавенства разумее, што ў выпадку анэксіі Беларусі Расеяй на ключавыя пасады аж да райвыканкамаў уключна прыедуць людзі з Тамбоўскай, Яраслаўскай ці Кемераўскай губэрняў. Цалкам магчыма (і нават верагодна), што цёплыя крэслы зоймуць і вэтэраны «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», і нават вагнэраўцы — зь іх своеасаблівым успрыманьнем каштоўнасьці чалавечага жыцьця.

Мэнтальнасьць расейскага чыноўніка істотна адрозьніваецца ад мэнтальнасьці чыноўніка беларускага, ня кажучы ўжо пра апэтыты — у гэтай сфэры з часоў Салтыкова-Шчадрына не зьмянілася нічога. Словам, пэрспэктыва апынуцца пад людзьмі з Тамбова ці Башкірыі магілёўскага ці полацкага чыноўніка не натхняе. Ды вось бяда — ніхто ў іх і пытацца ня будзе.

Нельга сказаць, каб настроі ў асяродзьдзі намэнклятуры зусім ня мелі значэньня, але значэньне гэтае зусім не такое, як было ў 1996 ці нават у 2004 годзе. Можна сьмела лічыць, што намэнклятура як асобная палітычная кляса ўжо не існуе. Яна гэтак жа сама падпарадкаваная і падкантрольная сілавікам, як, напрыклад, настаўнікі, на якіх ускладаецца пэўная місія падчас выбарчых кампаній, альбо тыя, каго раней было прынята лічыць «рабочай клясай». Ад сёньняшняй намэнклятуры ўжо сапраўды мала што залежыць.

Тых жа асобных чыноўнікаў, якія адважваюцца праявіць грамадзянскую пазыцыю, чакаюць ужо ня проста звальненьні, як дзесяць ці дваццаць гадоў таму, а кувалда рэпрэсіяў, якія робяцца ўсё больш маштабнымі ды бязьлітаснымі. 

Страчаныя шанцы намэнклятуры

А ці заўсёды было падобнае становішча? Ці мела калі-небудзь беларуская намэнклятура, да прыкладу, рэальныя магчымасьці адхіліць Лукашэнку ад улады?

Так, мела. Напрыклад, у 1996 годзе, калі Лукашэнку да імпічмэнту заставалася ўсяго нічога, а група сілавікоў гатова была выступіць на баку Канстытуцыі. Тады подпісы старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага і старшыні Канстытуцыйнага суду Валера Ціхіні пад «заміральным» пагадненьнем паставілі кропку ў працэдуры імпічмэнту.

Мела ў 2001-м, калі аб’яднаная апазыцыя на прэзыдэнцкіх выбарах падтрымала вылучэньне альтэрнатыўным кандыдатам Уладзімера Ганчарыка. У яго была тыповая партыйная кар’ера — першы сакратар райкаму, другі сакратар Магілёўскага абкаму, нарэшце, кіраўнік прафсаюзаў і член найвышэйшага ў БССР органу рэальнай улады — Бюро ЦК КПБ. Здавалася, ён быў для намэнклятуры цалкам прымальны. Адразу даў ясна зразумець, што ніякага «ператрахваньня» кадраў, ня кажучы ўжо пра люстрацыю, ня будзе.Да таго ж дзяржчыноўнікі ведалі, што каардынуе выбарчую кампанію Васіль Лявонаў, былы першы сакратар Магілёўскага абкаму партыі і колішні міністар сельскай гаспадаркі.

Важны момант: менавіта перад галасаваньнем на выбарах 2001 году былі абнародаваныя дакумэнты наконт «расстрэльнага пісталета», зь якога, як сьцьвярджалася, забілі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. У праваахоўных органах яшчэ хапала людзей, прычым на высокіх пасадах, для якіх забойства палітычных апанэнтаў было непрымальным ні зь якіх пазыцый. Гэта да таго, што ў крытычнай сытуацыі падтрымка Лукашэнкі сілавікамі была б далёка не гарантаваная. Усё, што патрабавалася ад намэнклятуры, — правесьці выбары ў адпаведнасьці з законам. Аднак на гэта не хапіла рашучасьці (ня будзем ужо гаварыць пра такія высокія матэрыі, як клопат пра лёс Беларусі).

Пэўныя шанцы былі і ў часе так званага рэфэрэндуму 2004 году аб папраўках у Канстытуцыю, якія павінны былі зьняць абмежаваньні на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для адной і той жа асобы.

Няма ніякага сумневу, што за тое, каб Лукашэнка заставаўся прэзыдэнтам пажыцьцёва, дзьве траціны грамадзянаў краіны не выступалі (для канстытуцыйнага рашэньня патрэбна ня простая (50% плюс адзін голас), а кваліфікаваная большасьць (ня менш за дзьве траціны галасоў). У тым выпадку было дастаткова сумленна падлічыць галасы. Усё залежала ад намэнклятуры — работнікаў раённых і абласных выканкамаў, якія кантралявалі працу камісій на выбарчых участках і ў раённых выбарчых камісіях.

Абсалютна ўсё трымаць у сакрэце немагчыма, і ўжо тады зьяўлялася інфармацыя, што мясцовыя адказныя за галасаваньне (а лепш сказаць — за фальсыфікацыю) атрымалі добрую падтрымку сямейнага бюджэту. Вядома, што праца некаторых членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі была адзначана куды больш адчувальна — аж да правядзеньня іхных дзяцей у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.У наступныя гады сыстэма фальсыфікацый усё больш удасканальвалася — пры поўным спрыяньні чынавенства і пад усё больш шчыльным наглядам сілавікоў.

novychas.online