
Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выносяць і выконваюць сьмяротныя выракі.
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ўхваліла рэзалюцыю «Да ўсеагульнага скасаваньня сьмяротнай кары ўва ўсіх абставінах». У тэксьце рэзалюцыі ёсьць пункт пра Беларусь, у якой працягваюць выносіць сьмяротныя выракі:
«Асамблея асуджае той факт, што ў Беларусі працягваюць рэгулярна выносіць і выконваць сьмяротныя прысуды, прычым рэальныя лічбы публічна невядомыя. Асамблея асабліва занепакоеная сакрэтнасьцю, якая атачае пакараньні сьмерцю, у тым ліку адсутнасьцю папярэдняга паведамленьня зьняволеным і іх сем’ям, невяртаньнем целаў і шматразовымі паведамленьнямі аб тым, што суды не адпавядаюць самым асноўным міжнародным стандартам справядлівасьці.
Акрамя таго, сфэра прымяненьня сьмяротнай кары была пашыраная і ўключае злачынствы, якія не адпавядаюць крытэру „найцяжэйшых злачынстваў“, вызначанаму паводле Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў, удзельніцай якога ёсьць Беларусь»
Асамблея вітала прыняцьце Каардынацыйнай радай у чэрвені 2025 году Мэмарандуму аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, ухваленага Абʼяднаным пераходным кабінэтам і Офісам Сьвятланы Ціханоўскай.
«Гэта трэба разглядаць як выразнае абавязаньне скасаваць сьмяротную кару ў кантэксьце будучай дэмакратычнай Беларусі».
Асамблея заклікала рэжым у Беларусі:
- неадкладна ўвесьці мараторый на прымяненьне і выкананьне сьмяротнай кары ў якасьці першага кроку да скасаваньня сьмяротнай кары ў заканадаўстве;
- замяніць усе існыя сьмяротныя прысуды на тэрміны пазбаўленьня волі;
- тым часам спыніць практыку сакрэтнасьці, якая атачае сьмяротнае пакараньне, гарантуючы як мінімум папярэдняе паведамленьне аб пакараньні сьмерцю зьняволеных, іхных семʼяў і адвакатаў, а таксама вяртаньне целаў.
Пазыцыя прадстаўніка беларускай дэлегацыі ў ПАРЭ
Аляксандра Мамаева, аўтарка «Мэмарандуму аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», кіраўніца Міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады і дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў, паведаміла Свабодзе, што ў дэбатах у Страсбургу Беларусь сапраўды згадвалі даволі часта:
«Але, на жаль, у адным і тым жа кантэксьце — як апошнюю краіну ў Эўропе, дзе сьмяротная кара захоўваецца.
Ці пачуюць у Менску гэты заклік? Хутчэй за ўсё, не. Бо, па-першае, дыялёг і заклікі ад Рады Эўропы гучаць ужо больш за 30 гадоў. Па-другое, мы бачым не зьмякчэньне, а наадварот — пашырэньне прымяненьня інструмэнту сьмяротнага пакараньня. І, па-трэцяе, рэжым выкарыстоўвае яго як дадатковы інструмэнт рэпрэсіяў і запалохваньня грамадзтва.
Адзінае, як гэты інструмэнт могуць выкарыстоўваць улады, — як элемэнт гандлю: у перамовах з Радай Эўропы, для спробаў легітымізацыі, як гэта ўжо адбывалася раней.
Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэтае пытаньне будзе вырашана даволі хутка пасьля дэмакратычных зьменаў. У беларускіх дэмакратычных сілах ужо ёсьць палітычны кансэнсус наконт поўнага скасаваньня сьмяротнай кары».
Тэма сьмяротнай кары ў адносінах Беларусі і Рады Эўропы
У тлумачальнай частцы Рэзалюцыі згадваецца, што ПАРЭ і Камітэт міністраў Рады Эўропы ўжо шмат гадоў выступаюць за скасаваньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.
17 сакавіка 2022 году Камітэт міністраў прыняў рашэньне прыпыніць адносіны паміж Радай Эўропы і Беларусьсю за актыўны ўдзел Беларусі ў агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны. Адначасова была створаная Кантактная група супрацы РЭ з дэмакратычнымі сіламі.
У рамках Кантактнай групы дэмакратычныя сілы Беларусі раней ухвалілі мэмарандум аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, дзе выкладзена адзіная пазыцыя. У ім, сярод іншага, сьцьвярджаецца, што сьмяротная кара ёсьць бесчалавечным і прыніжальным абыходжаньнем, несумяшчальным з чалавечай годнасьцю, што яна ня стрымлівае злачыннасьці. У дакумэнце падкрэсьлена, што сьмяротная кара ў Беларусі стала інструмэнтам палітычных рэпрэсіяў, асабліва пасьля нядаўніх паправак крымінальнага заканадаўства, што пашырылі яе на абвінавачаньні, якія выкарыстоўваюцца для перасьледу палітычных актывістаў.
У плян дзеяньняў Кантактнай групы Рады Эўропы для Беларусі ўключаныя захады, скіраваныя на скасаваньне сьмяротнай кары, у тым ліку на разуменьне такой патрэбы ў беларускім грамадзтве, у тым ліку ў дыяспары.
У дэбатах выступоўцы шмат згадвалі Беларусь. Дакладнай колькасьці пакараньняў сьмерцю ў Беларусі апошняга часу не называлі, у Беларусі іх не публікуюць, у тым ліку няма інфармацыі аб выкананьні і даце выраку, целы родным не выдаюць, дзе хаваюць — не паведамляюць.
Чаму ў Беларусі застаецца сьмяротнае пакараньне
Беларусь застаецца адзінай дзяржавай у Эўропе, дзе выносяць і прыводзяць у выкананьне сьмяротныя выракі, і яна ўваходзіць у лік 46 дзяржаваў, якія выносілі сьмяротныя выракі ў 2024 годзе. Гэта вынікае з справаздачы аб глябальнай практыцы стасаваньня сьмяротнай кары, апублікаванай 8 красавіка 2025 года міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International.
Пытаньне аб скасаваньні сьмяротнай кары Аляксандар Лукашэнка вынес на рэфэрэндум 1996 году. Паводле афіцыйных зьвестак, тады супраць скасаваньня выказаліся 80,4% грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.
Дэмакратычны лідэр Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў Сусьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня 10 кастрычніка 2025 году паведаміла, што за 30 гадоў пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі каля 350 чалавек у Беларусі былі асуджаныя на сьмерць.
