
Выснова праваабаронцаў — свабода прэсы ў сьвеце цяпер знаходзіцца на самым нізкім узроўні за апошнія 25 гадоў.
Сусьветны індэкс свабоды прэсы за 2026 год апублікавала арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў».
«Упершыню ў гісторыі Сусьветнага індэксу свабоды прэсы „Рэпартэраў бязь межаў“ больш за палову краін сьвету цяпер трапляюць у катэгорыі „складаных“ або „вельмі сур’ёзных“ па свабодзе прэсы. За 25 гадоў сярэдні бал усіх 180 краін і тэрыторый, якія згадваюцца ў індэксе, ніколі ня быў такім нізкім», — гаворыцца ў справаздачы.
Журналістыка ўсё больш крыміналізуецца ва ўсім сьвеце, бо журналісты трапляюць пад крымінальны перасьлед.
«Рэпартэры бязь межаў» ня проста азіраюцца назад — яны глядзяць проста ў будучыню і ставяць простае пытаньне — колькі яшчэ мы будзем цярпець удушэньне журналістыкі, сыстэматычныя перашкоды журналістам і разбурэньне свабоды прэсы?», — гаворыцца ў справаздачы.
Аўтарытарныя дзяржавы — ворагі журналістыкі, і цяпер яны нават не хаваюцца, пішуць у арганізацыі.
«Нягледзячы на тое, што напады на права на інфармацыю больш разнастайныя і складаныя, ворагі свабоды прэсы цяпер дзейнічаюць адкрыта», — гаворыцца ў дакладзе.
Пачынаць трэба, лічаць «Рэпартэры бязь межаў», са спыненьня крыміналізацыі журналісцкай дзейнасьці.
«Дзейныя мэханізмы абароны недастаткова моцныя; міжнароднае права падрываецца, і беспакаранасьць шырока распаўсюджаная. Нам патрэбныя цьвёрдыя гарантыі і значныя санкцыі. Мяч на баку дэмакратый і іх грамадзян. Яны павінны перашкаджаць тым, хто імкнецца прымусіць прэсу замоўкнуць. Іначай распаўсюджваньне аўтарытарызму непазьбежнае», — лічыць Ан Бакандэ, дырэктар «Рэпартэраў бязь межаў».
У больш чым палове краін і тэрыторый сьвету (52,2%) стан свабоды прэсы клясыфікуецца як «цяжкі» або «вельмі сурʼёзны». У 2002 годзе гэтая катэгорыя складала невялікую меншасьць (13,7%). Усходняя Эўропа і Блізкі Ўсход, на думку «Рэпартэры без межаў», зьяўляюцца двума найбольш небясьпечнымі рэгіёнамі для журналістаў у сьвеце, як і на працягу апошніх 25 гадоў. Гэта адлюстравана ў рэйтынгу Расеі (172-е месца), Ірану (177-е месца).
Расея стала спэцыялістам па выкарыстаньні законаў, прызначаных для барацьбы з тэрарызмам, сэпаратызмам і экстрэмізмам, для абмежаваньня свабоды прэсы. Журналісты, якія жадаюць працягваць сваю працу, былі вымушаныя пакінуць краіну. Гэты мэтад выкарыстаньня падставаў «нацыянальнай бясьпекі» таксама можна знайсьці ў Беларусі (165-е месца), а таксама ў Мʼянме (166-е месца), Нікарагуа (168-е месца) і Эгіпце (169-е месца).
«Крыміналізацыя журналістыкі, якая грунтуецца на абыходзе заканадаўства аб друку і злоўжываньні надзвычайным заканадаўствам і звычайным правам, аказваецца глябальнай зьявай», — канстатуюць «Рэпартэры без межаў».
У 2025 годзе Беларусь займала 166-е месца са 180 у сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы, які складае міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў».
Беларусь паводле «Рэпартэры бязь межаў» была «самай небясьпечная краінай Эўропы для журналістаў да ўварваньня Расеі ва Ўкраіну», там зьвяртаюць увагу на масавыя рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, тое, што Беларусь зьяўляецца адным зь лідэраў па колькасьці зьняволеных журналістаў. Цяпер 22 журналістаў і працаўнікоў беларускіх СМІ застаюцца за кратамі.
У студзені 2025 году арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» падала скаргу ў Міжнародны крымінальны суд (ICC) на «беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі» ў дачыненьні журналістаў з боку кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
